За БПЦ замацоўваецца асаблівая роля. Фота: «Наша Ніва»
Перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый можа прайсці ў Беларусі, цяпер ідзе падрыхтоўка праекта закона, які тычыцца канфесій, і ён ужо вынесены на грамадскае абмеркаванне, пра гэта паведамілі ў апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Саўміне, піша «Спутнік».
На гэтым тыдні быў апублікаваны і вынесены на грамадскае абмеркаванне закон ад 17 снежня 1992 г. № 2054-ХІІ «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» у новай рэдакцыі.
«Цяпер праект закона дашліфоўваецца і рыхтуецца да ўнясення ва ўрад», — паведамілі «Спутніку» ў ведамстве.
Там удакладнілі, што ініцыятарам распрацоўкі гэтага законапраекта стаў апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
«Гэта зроблена ў мэтах прывядзення ў адпаведнасць закона з Канстытуцыяй Беларусі», — растлумачылі ў апараце.
Таксама там адзначылі, што ў канцы чэрвеня законапраект можа быць перададзены ва ўрад. Наступны этап — абмеркаванне ў парламенце.
У апараце Упаўнаважанага таксама не выключылі, што пасля прыняцця гэтага праекта закона ў краіне можа прайсці перарэгістрацыя рэлігійных аб'яднанняў і арганізацый.
Цяпер у Беларусі зарэгістраваныя 174 рэлігійныя аб'яднанні рэспубліканскага ўзроўню, а ўсяго рэлігійных арганізацый каля 3,5 тысячы.
Папярэдняя перарэгістрацыя рэлігійных арганізацый у Беларусі прайшла амаль 20 гадоў таму. Увесь працэс перарэгістрацыі доўжыўся без нечага два гады — з 2002-й па 2004-й.
Як вынікае з тлумачальнай запіскі, якая суправаджае вынесены на абмеркаванне дакумент, новай рэдакцыяй закона, у прыватнасці, замацоўваецца асаблівая роля БПЦ у гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа, а таксама неаддзельнасць ад агульнай гісторыі народа Беларусі іншых хрысціянскіх, іудзейскіх і ісламскіх рэлігійных арганізацый.
Уводзяцца новыя тэрміны «нядзельная рэлігійная школа», «місіянерская дзейнасць», «рэлігійныя сімвалы».
Акрамя гэтага, уносяцца змяненні і дапаўненні ў парадак дзяржаўнай рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. Таксама рэгламентуецца парадак дзейнасці пры ажыццяўленні місіянерскай і паломніцкай дзейнасці.





