Пасля бою з цяжкай хваробай ва ўзросце 38 гадоў памёр былы гулец зборнай Латвіі па футболе Гінтс Фрэйманіс, піша Delfi.lv.

«У кастрычніку 2021 года мне паставілі дыягназ рак скуры — меланома 4-й стадыі, у выніку чаго правялі аперацыю ў пахвіннай вобласці, бо былі метастазы. Метастазы пачаліся і ў лёгкіх, печані і нырцы. Ва ўнутраных органах удалося спыніць і паменшыць развіццё меланомы. На жаль, падчас чарговых аналізаў 17 студзеня гэтага года выявілі метастазы ў галаве. Неабходная ваша дапамога, каб працягнуць лячэнне. Хай Бог будзе міласэрны», — напісаў у лютым 2023 года былы футбаліст зборнай Латвіі, якому жыхары краіны аператыўна ахвяравалі неабходныя для лячэння сродкі.

Фрэйманіс дэбютаваў у складзе зборнай Латвіі ў 2014 годзе ў матчы Кубка Балтыі супраць Літвы, выйшаўшы на замену. За зборную ён згуляў 13 матчаў, забіўшы адзін гол.

«Гінтс Фрэйманіс назаўжды застанецца ў памяці заўзятараў як непахісны баец на полі, які не даваў праходу ніводнаму суперніку і дзеля сваёй каманды быў гатовы на ўсё. Сапраўдны чалавек справы з высокімі жыццёвымі прынцыпамі і прамяністай дабрынёй», — гаворыцца ў жалобнай заяве Латвійскай федэрацыі футбола.

На клубным узроўні Фрэйманіс чатыры разы выйграваў Кубак Латвіі ў складзе «Елгавы». На яго рахунку больш за 200 гульняў у вышэйшай лізе. У 2016 годзе ён быў прызнаны найлепшым абаронцам чэмпіянату. Фрэйманіс таксама гуляў у Ірландыі і Германіі, але апошнія матчы ён правёў у латвійсвкім клубе Leevon. Пасля завяршэння кар'еры футбаліста Фрэйманіс стаў трэнерам «Добэлэ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
22
Абуральна
1