56-гадовы жыхар Кіева спрабаваў нелегальна перасекчы мяжу з Венгрыяй і прыхапіў з сабой фотапастку памежнікаў, якую ўбачыў на дрэве. Камера анлайн зафіксавала маршрут парушальніка, таму яго хутка знайшлі памежнікі, паведамляе «Украінская праўда».
Ва Украіне забаронена мужчынам у прызыўным веку пакідаць краіну.
«Кемлівасць праявіў 56-гадовы кіевец пры спробе нелегальна прабрацца ў Венгрыю. Уцякаючы ад памежнікаў, мужчына заўважыў фотапастку і на ўсялякі выпадак прыхапіў яе з сабой. Атрымалася ганебная сітуацыя: збегчы не ўдалося, бо прыбор усё зафіксаваў і перадаў куды трэба», — гаворыцца ў паведамленні памежнай службы.
У прэс-службе Чопскага памежнага атрада кажуць, што мужчына забраў з сабой камеру, каб не пакінуць доказаў.
«Мужчына ішоў да мяжы і на самай мяжы спыніўся. Ён некаторы час хаваўся, каб адсачыць, ці няма паблізу памежнага атрада. Калі ён сядзеў, схаваўшыся ў кустах, на дрэве ўбачыў фотапастку. Яны не вельмі добра відаць, але калі глядзець некаторы час, то можна заўважыць.
Ён зразумеў, што гэта нейкая камера, якая яго здымае, і вырашыў, што калі яе забярэ, то не будзе ніякіх слядоў», — кажуць у памежным атрадзе.
Фотапастка зафіксавала, як мужчына ішоў да мяжы і як здымаў прыладу.
Гэтым часам памежнікі патрулявалі мясцовасць. Атрымаўшы інфармацыю з фотапасткі, падраздзяленне групы рэагавання накіравалася спыніць мужчыну.
Зараз кіеўца прыцягнуць да адказнасці не толькі за адміністрацыйнае, але і за крымінальнае правапарушэнне.
«Ён аформлены ў нас, бо спроба незаконнага перасячэння мяжы — гэта наша кампетэнцыя, адміністрацыйнае правапарушэнне. А наконт крадзяжу справу перадалі Нацпаліцыі.
У мужчыны былі пры сабе дакументы, таму я думаю, што яго ўжо адпусцілі. Але справа, вядома, будзе, бо гэта крадзеж. Справа яшчэ і ўскладняецца тым, што цяпер ваенны час», — дадала прэс-сакратар ведамства.
Калі суд дакажа віну мужчыны, то яму пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі.






і летась (здаецца яшчэ вясной) Рада прыняла пастанову, што і інвалідам можна