рыба скумбрия fish mackerel

Таўрын утрымліваецца ў яйках, многіх відах рыбы і морапрадуктах. Фота: «Наша Ніва»

Даследаванне было праведзена групай навукоўцаў з Калумбійскага ўніверсітэта, а вынікі апублікаваныя ў часопісе Science. Каманда даследчыкаў яшчэ ў 2012 годзе звярнула ўвагу на таўрын як на патэнцыйную рухальную сілу працэсу старэння. Праведзены імі ў той час аналіз злучэнняў крыві паказаў, што ў мышэй, малпаў і людзей з узростам меншае колькасць таўрыну ў крыві. Ва ўзорах крыві людзей старэйшых за 60 гадоў яго колькасць складала толькі трэцюю частку ад узроўню ў дзяцей і падлеткаў.

Навукоўцы паспрабавалі высветліць, ці ўплывае таўрын на працэс старэння. Для гэтага яны кармілі адну групу мышэй ва ўзросце ад 14 месяцаў да канца іх жыцця таўрынам у сутачнай дозе 1000 міліграмаў на кілаграм масы цела, што павялічвала яго колькасць у іх крыві да ўзроўню ў маладых мышэй (4-тыднёвых).

Вынікі параўноўваліся з кантрольнай групай мышэй. Канцэнтрацыя раствору была атрыманая на падставе эксперыментальных даследаванняў. Мышы з абедзвюх груп мелі свабодны доступ да аднаго і таго ж корму.

Як паказаў эксперымент, мышы, якія атрымлівалі раствор таўрыну, жылі ў сярэднім даўжэй. У самак працягласць жыцця была на 12%, а ў самцоў — на 10% большая, чым у іх суродзічаў з кантрольнай групы. Для мышэй гэта роўна тром-чатыром месяцам, што прыкладна адпавядае сямі-васьмі гадам у чалавека.

Падобны эксперымент быў паўтораны з нематодамі і простымі дражджамі. Таўрын павялічыў працягласць жыцця нематод на 10—23%. А вось з дражджамі ніякіх змен не адбылося. Гэта вучоныя тлумачаць розным метабалізмам таўрыну ў арганізме.

Наступныя эксперыменты на мышах і макаках-рэзусах паказалі, што жывёлы, якія старэюць і якіх кармілі таўрынам цягам года, былі больш здаровымі за сваіх равеснікаў.

Мышы, якія атрымлівалі таўрын, набіралі менш вагі ў залежнасці ад веку, трацілі больш калорый, мелі больш моцныя косткі і мышцы, вялі сябе менш прыгнечана і трывожна. У іх была таксама меншая рэзістэнтнасць да інсуліну, а імунная сістэма — больш здаровая. Падобны эфект быў заўважаны і ў макак-рэзусаў.

Навукоўцы адзначаюць, што атрыманыя вынікі іх уразілі, але яны не ведаюць, ці можна гэтыя вынікі пераносіць на людзей. У той жа час аналіз медычных даных 12 тысяч еўрапейцаў ва ўзросце 60 гадоў і больш паказвае, што людзі з высокай колькасцю таўрыну ў крыві радзей хварэлі на дыябет другога тыпу, пакутавалі ад атлусцення і высокага крывянога ціску, а таксама мелі значна меншы ўзровень запалення. Працягласць жыцця макак-рэзусаў у 30 гадоў не дазволіла вучоным вызначыць уплыў таўрыну на працягласць жыцця.

Нягледзячы на пэўныя станоўчыя вынікі, даследчыкі звяртаюць увагу, што механізм дзеяння таўрыну на арганізм застаецца да канца не высветлены. Без сур'ёзных даследаванняў вучоныя не рэкамендуюць людзям павялічваць яго спажыванне ў выглядзе таблетак ці змены дыеты.

Таўрын цяпер дадаюць у энергетычныя напоі, але вучоныя нагадваюць, што энергетычныя напіткі, акрамя таўрыну, утрымліваюць іншыя рэчывы, ужыванне якіх у вялікай колькасці можа быць небяспечным.

У той жа час даследаванні даказалі, што ў людзей павялічваецца выпрацоўка таўрыну ў выніку рэгулярных заняткаў спортам.

Для таго, каб зрабіць вывады аб ролі таўрыну ў барацьбе са старэннем і паталогіямі, што яго суправаджаюць, вучоныя збіраюцца на працягу трох-чатырох гадоў правесці клінічныя выпрабаванні. Таксама неабходна вывучыць рызыку, звязаную з прыёмам таўрыну людзьмі.

Чытайце яшчэ:

Змена звычак запавольвае старэнне

Ужыванне незвычайнай марской істоты можа змяніць працэс старэння

Навукоўцы змаглі спыніць працэс старэння ў мышэй і навучыліся кіраваць гэтым працэсам. А што наконт людзей?

Клас
37
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
10
Сумна
15
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?