Доктар развіў сваю тэорыю ў брашуры «На што хварэў Скарына. Спроба дыягназу праз 500 гадоў», а вусна пераказаў яе ў лекцыі, размешчанай на ютуб-канале «Кніга Беларусі».

Мікалай Сарока нагадаў, што Скарына быў доктарам медыцыны.

«І кожны раз, узіраючыся ў гэтую гравюру, у гэты партрэт, узнікалі некаторыя думкі», — кажа прафесар.

Ён паглядзеў на аўтапартрэт з пункту гледжання лекара.

Аўтапартрэт Францыска Скарыны 1517 года

Аўтапартрэт Францыска Скарыны 1517 года

«Я звярнуў увагу на правую нагу, на палец, які тырчыць. Ну навошта ён пакінуў гэты палец? Гэта ж не фатаграфія, што пстрыкнуў і нічога не зменіш. Ён мог спакойна закрыць сваю нагу.

І ўзнікла ідэя, а ці не спецыяльна ён пакінуў гэты вялікі палец ступні, таму што ёсць хвароба, якая называецца падагра. І вось гэты палец — фактычна сімвал гэтай хваробы, таму што ў 70% людзей хвароба пачынаецца з запалення менавіта гэтага сустава ў вялікім пальцы ступні».

Хвароба геніяў

Мікалай Сарока не спыніўся толькі на вонкавым выглядзе першадрукара. Ён адзначыў і спадарожныя фактары, якія пацвярджаюць яго гіпотэзу.

Так, прафесар падкрэсліў, што хворыя на падагру ў большасці сваёй разумныя людзі. Ён прывёў даныя, што сярод геніяльных або блізкіх да геніяльнасці людзей хворых на падагру — 15—25%. Сярод геніяў-тытанаў іх амаль 50%.

Пакуль павышаную разумовую актыўнасць падагрыкаў тлумачаць тым, што мачавая кіслата структурна вельмі падобная да кафеіну і тэабраміну — вядомых стымулятараў разумовай актыўнасці.

Сапраўды, спіс геніяў-падагрыкаў уражвае: Бетховен, Калумб, Леанарда да Вінчы, Аляксандр Македонскі, Ньютан, Чэрчыль і г. д. У гэты ганаровы спіс можна дадаць і Францыска Скарыну.

«Падагрыкі — гэта звычайна людзі, якія не будуць ляжаць на канапе і чакаць, пакуль пенсію падвысяць або заробак дададуць, — з усмешкай заўважае Мікалай Сарока. — Гэта актыўныя, дзейныя людзі, якія імкнуцца самі ўсяго дамагчыся ў жыцці».

Яшчэ адзін медыцынскі факт: у арганізме звычайнага чалавека змяшчаецца 1 г мачавой кіслаты, а ў генія яе не менш за 20—30 г. Але гэта толькі адно з тлумачэнняў незвычайнасці такіх людзей, магчыма, ёсць нешта яшчэ, што робіць іх геніямі.

«Я лічу, што Скарына наўмысна намаляваў так свой палец»

І вось аўтапартрэт Скарыны з вялікім пальцам на ступні правай нагі.

«Я лічу, што Скарына наўмысна намаляваў так свой палец», — кажа прафесар Сарока.

Лекар звярнуў увагу, што ногі ў Скарыны стаяць на падстаўках. Ён паказаў некалькі карцін, дзе мастакі на розных карцінах малявалі падагрыкаў менавіта так: іх ногі стаяць на падстаўцы і яны чым-небудзь прыкрытыя або абгорнутыя.

Мастак намаляваў хворага на падагру, у якога нага ляжыць на падстаўцы. Скрыншот відэа ютуб-канала «Кніга Беларусі»

Мастак намаляваў хворага на падагру, у якога нага ляжыць на падстаўцы. Скрыншот відэа ютуб-канала «Кніга Беларусі»

Чалавек, які пакутуе ад гэтай хваробы, перыядычна адчувае прыступы страшных боляў у нагах і днём, і ноччу.

«Ногі прыўздымалі, каб вянозная кроў менш застойвалася, тады боль памяншаецца», — працягвае прафесар.

Ён звярнуў увагу, што калі мастакі малявалі пісцоў, то іх ногі таксама маглі быць на падстаўках.

«Але калі паглядзець, то падстаўкі не такія высокія. І ў пісцоў ногі апушчаныя ўніз. Гэтыя падстаўкі былі для зручнасці. Яны не такія, як у Скарыны, — параўноўвае доктар. — Я ўжо не буду звяртаць увагу на тое, што і левая яго нага ў незвычайнай позе і правай рукі не відаць… Гэта хай пакуль застаецца без каментароў, таму што можна фантазіраваць і фантазіраваць…»

Унізе на аўтапартрэце намалявана, хутчэй за ўсё, пчала. А пры падагры Скарына мог выкарыстоўваць апітэрапію — лячэнне пчоламі.

Далей доктар звяртае ўвагу на факт з біяграфіі Скарыны. У 1535 годзе ён спыняе сваю выдавецкую дзейнасць, пераязджае ў Прагу і да 1539 года знаходзіцца на службе ў караля Фердынанда I як садоўнік. І раптам ён адыходзіць, бясследна знікае.

Каралеўскі сад у Празе, які існуе дагэтуль, закладзены з удзелам Скарыны. Фота: архіў Алеся Сушы

Каралеўскі сад у Празе, які існуе дагэтуль, закладзены з удзелам Скарыны. Фота: архіў Алеся Сушы

«Можна меркаваць, што хвароба яго давяла да такога стану, што ён сядзеў дома і паціху рыхтаваўся ў іншы свет. А пры падагры гэта бывае сурова. І сёння хворыя пакутуюць ад нырачнай недастатковасці, а ў той час гэта было часта», — кажа Мікалай Сарока.

Падагрыкі паміраюць у асноўным па дзвюх прычынах: інсульты і інфаркты, — а кожны трэці — ад нырачнай недастатковасці. І сёння відавочна, што падагра — гэта не толькі хвароба суставаў. Прафесар патлумачыў, што хвароба суставаў — адна з праяў падагры, а ўсе праблемы ўнутры: у сасудах, нырках і г. д. Падагра — гэта сістэмнае захворванне.

«За апошнія 30 гадоў распаўсюджанасць падагры павялічылася на 100%, што непрапарцыйна павелічэнню колькасці насельніцтва свету на 42% або павелічэнню чаканай працягласці жыцця. Прыкладна 42 мільёны дарослых людзей у свеце пакутуюць ад падагры, што больш чым удвая перавышае колькасць людзей, якія жывуць з рэўматоідным артрытам», — кажа прафесар.

Памёр Францыск Скарына меркавана ў 1551-м, але месца яго пахавання мы не ведаем. Мікалай Сарока заўважае, што ён выказаў сваю версію, і ёсць падстава шукаць далей.

«Можа быць, гэта фантазія, памылка. Але гэта дае падставу спецыялістам яшчэ пакапацца, хацелася б хоць што-небудзь знайсці пра хваробы Скарыны, але нідзе пра гэта ні слова».

Але цяпер ужо ёсць цэлая тэорыя дзякуючы важкаму слову прафесара Мікалая Сарокі.

Чытайце таксама:

У цэнтры Прагі паставілі памятны знак у гонар Скарыны. Незвычайны

У Мінску збіраюцца выдаць дзве незвычайныя кнігі пра Скарыну

Што ўтойвае Біблія Скарыны?

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
13
Сумна
5
Абуральна
4