Невядома, колькі гадоў у інтэрнаце не было рамонту. Усе фота: архіў Наталлі

Невядома, колькі гадоў у інтэрнаце не было рамонту. Усе фота: архіў Наталлі

У дзевяціпавярховым інтэрнаце на вуліцы Гагарына, 2 у Вілейцы Наталля са сваім сынам вытрывалі восем месяцаў. Жанчына расказвае, што плата пастаянна падвышалася, а ўжо калі прус залез у носік яе дзіцяці, яна не вытрымала і зʼехала. Інтэрнат належыць установе адукацыі «Вілейскі дзяржаўны каледж».

Наталля з сынам засяліліся ў інтэрнат у маі 2022 года. Хлопчыку тады было паўгода.

Ім далі пакой у блоку на трэцім паверсе. Блок складаецца з чатырох пакояў з агульным туалетам. А душ — адзін у інтэрнаце, ён знаходзіцца на першым паверсе. Плата спачатку была 180 рублёў у месяц.

Пажылі месяц, і «прусакі пайшлі ў паход», распавядае маладая маці. Аднойчы прус запоўз у носік дзіцяці.

А іншым разам са столі адваліўся кавалак тынкоўкі і ледзь не трапіў у галаву сыну.

Потым кожны месяц стала падымацца плата за пражыванне — у сярэднім на 30 рублёў.

Бухгалтар тлумачыла гэта тым, што за гэты кошт падымаюць заробак вахцёрам. У выніку плата за пакой вырасла да 100 даляраў. З 605 рублёў дзіцячых грошай амаль палову даводзілася аддаваць за інтэрнат.

«Лепш жыць з бамжамі на вуліцы, чым у такім інтэрнаце», — вырашыла Наталля і з’ехала. Ёй удалося зняць кватэру ў цэнтры Вілейкі з мэбляй, без прусакоў коштам 160 рублёў за месяц.

Дырэктар Вілейскага дзяржаўнага каледжа Сяргей Кавалёнак патлумачыў рэдакцыі, што каледж абмежаваны ў сродках. Бюджэтных грошай на інтэрнат не даюць, утрымліваюць будынак толькі за кошт жыхароў.

«Ні адна праверка не выявіла парушэнняў заканадаўства ў налічэнні платы за інтэрнат», — кажа Кавалёнак.

Таксама ён абвінаваціў жыхароў інтэрната: маўляў, яны далёка не заўсёды прытрымліваюцца правіл пражывання, «ламаюць дзверы і сантэхніку», смецце за сабой прыбіраюць нерэгулярна, што і дазваляе пладзіць тых жа прусакоў.

«Урэшце ёсць у горадзе інтэрнаты, якія належаць ЖКГ. У сябе мы нікога не трымаем», — рэзюмаваў дырэктар каледжа.

Клас
6
Панылы сорам
61
Ха-ха
7
Ого
5
Сумна
6
Абуральна
42