Фота: svaboda.org

Фота: svaboda.org

Алеся Пушкіна арыштавалі 30 сакавіка 2021 года. Увагу рэжыму прыцягнуў створаны Пушкіным партрэт антысавецкага падпольшчыка Аўгена Жыхара, які палічылі «рэабілітацыяй нацызму». Гэты партрэт быў прадстаўлены на выставе ў Гродне. На момант завядзення крыміналкі Пушкін быў у Кіеве, але вярнуўся ў краіну, хаця і ведаў, што гэта небяспечна.

У выніку яго абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 370 і арт. 130 КК («Здзек з дзяржаўных сімвалаў» і «Рэабілітацыя нацызму»).

25 сакавіка 2022 года, калі ішоў судовы працэс, Алесь парэзаў сабе жывот на знак пратэсту. За гэта яго на 13 сутак адправілі ў карцар. 30 сакавіка 2022 года мастака асудзілі да пяці гадоў зняволення ва ўмовах строгага рэжыму. Ён знаходзіўся ў папраўчай калоніі №22 у Івацэвіцкім раёне («Воўчыя норы»). Пазней адміністрацыя гэтай установы пакарала яго пяццю месяцамі зняволення ў ПКТ.

Пра тое, як Пушкіну жылося ў калоніі, вядома няшмат. Напрыклад, сваёй жонцы мастак некалі паведамляў па тэлефоне, што ў ПК-22 «яшчэ горш, чым было ў СІЗА на Валадарскага».

Трохі больш пра быццё Пушкіна ў «Воўчых норах» ведае Аляксандр Івулін, блогер і былы палітвязень, які перасякаўся з мастаком у калоніі. Ён згадвае, што за першы тыдзень у ПК-22, падчас «каранціну», Алесь атрымаў два рапарты за «парушэнні» і апынуўся ў атрадзе ўжо ў якасці «злоснага парушальніка».

Камунікацыя беларускамоўнага Пушкіна з супрацоўнікамі калоніі выглядала так, піша Івулін:

«А теперь давайте еще раз, но на нормальном языке. На этом я вас не понимаю». Рэакцыя вертухая на беларускамоўны рапарт-даклад Алеся Пушкіна. Мастак губляўся. Ледзьве падбіраў словы, але выконваў «законные требования сотрудников администрации».

Івулін згадвае, што на зоне яго цёзку са старту было складана, бо ён быў занадта добры нават у дачыненні да супрацоўнікаў, якія без тлумачэння канфіскоўвалі ягоныя запісы і малюнкі. Пушкіну было складана наладжваць камунікацыю з дасведчанымі вязнямі.

«Яны не разумелі яго. Ну які «нармальны» зэк стане набіваць пад сэрцам Рагнеду з надпісам «Беларусь перад усім»?» — успамінае Івулін.

У гутарцы з праектам «Жыццё-маліна» Аляксандр кажа, што была разнарадка «прыбіваць» Пушкіна, таму мастаку жылося вельмі цяжка. Таксама канваіраў раздражняла тое, што Алесь размаўляў выключна па-беларуску.

У лістападзе 2022-га суд адправіў Алеся на паўтара года на турэмны рэжым, а трохі пазней Пушкіна перавялі ў гродзенскую турму №1. Івулін тлумачыць гэта проста: «Калі на зоне зверху даюць каманду «фас», не зʼехаць на «крытую» немагчыма. Тут па Быкаве: «У гэтай справе ні адзін таварыш табе не памочнік».

Апошнія месяцы родныя Алеся Пушкіна нячаста атрымлівалі ад яго лісты. Многае ў лістах выкрэслівалі цэнзары. З сярэдзіны красавіка лісты да жонкі наогул перасталі даходзіць.

Зімой 2023-га палітвязень паведамляў жонцы, што хоча намаляваць партрэт аўтара першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, які ў свой час таксама сядзеў у гродзенскай турме. Таксама ён планаваў стварыць партрэт тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка, якому ў сакавіку 2023-га споўнілася б 70 гадоў.

Што да бытавых умоў, то на турэмным рэжыме перадачы былі моцна абмежаваныя, і Алесь паведамляў жонцы, што вельмі хочацца з’есці чаго-небудзь смачнага. Паводле Пушкіна, вязні скідваліся грашыма і куплялі ў турэмным буфеце цыбулю, разразалі яе на дзве паловы і частаваліся. Магчыма, гэта была ледзьве не адзіная вітамінная ежа ў іх рацыёне.

Па інфармацыі «Радыё Свабода», Алесь Пушкін за кароткі час схуднеў на 20 кілаграмаў. Ён таксама прасіў перадаць яму пояс для паясніцы, бо яму балелі ныркі. 

Паведамляецца, што Пушкіна прывезлі 10 ліпеня ў шпіталь непрытомнага. Яму пачалі рабіць аперацыю. Падчас яе сэрца мастака спынілася.

Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

Свечкі ля беларускіх пасольстваў, у Варшаве жалобны мурал. Заўтра паніхіда па Пушкіне ў праваслаўнай царкве

«Я не ведаю, што сказаць дзецям». Змітра Дашкевіча не выпусцілі з калоніі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?