Дзмітрый Шаўцоў. Фота: БелаПАН

Дзмітрый Шаўцоў. Фота: БелаПАН

Пачатак кар'еры

Дзмітрыю Шаўцову 49 гадоў. Дзяцінства ён правёў у Жлобіне, а пасля паступіў у Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Падчас вучобы ён пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Наталляй, з якой яны разам вырашылі перавесціся ў Гомельскі медыцынскі ўніверсітэт. У іх двое дарослых сыноў.

Па размеркаванні мужчыну накіравалі ў Жлобінскую цэнтральную раённую лякарню. Першую кіраўнічую пасаду ў медыцыне ён заняў у 2000-м, стаўшы намеснікам галоўнага доктара. А ў 2005-м яго запрасілі працаваць у Мінск, у 34-ю паліклініку на вуліцы Кульман. Там Шаўцоў ужо праз год стаў галоўным доктарам. У 2009-м яны з жонкай пабудавалі кватэру.

Дзмітрый Шаўцоў на пасадзе галоўнага доктара 34-й паліклінікі. Фота: kem.by

Дзмітрый Шаўцоў на пасадзе галоўнага доктара 34-й паліклінікі. Фота: kem.by

Шаўцоў пастаянна вучыўся: скончыў Беларускую медыцынскую акадэмію паслядыпломнай адукацыі, Акадэмію кіравання пры Лукашэнку, Інстытут дзяржслужбы.

Час у дэпутацкім крэсле

Шаўцоў стаў дэпутатам яшчэ ў Жлобіне ў 2003-м, калі быў намеснікам галоўнага доктара, матывуючы гэта тым, што дэпутату прасцей «выбіваць» грошы на свой шпіталь.

Пасля ён пайшоў у гарадскі Савет дэпутатаў у Мінску, трапіў у Палату прадстаўнікоў і прабыў там два тэрміны. То-бок быў дэпутатам агулам каля 14 гадоў. Сярод прапаноў Шаўцова — увядзенне платы за наведванне паліклінік, каб людзі не злоўжывалі іх наведваннем.

Дзмітрый Шаўцоў з вядомым савецкім і расійскім футбалістам Валерыем Газаевым падчас «Парламенцкіх гульняў» у Маскве. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Дзмітрый Шаўцоў з вядомым савецкім і расійскім футбалістам Валерыем Газаевым падчас «Парламенцкіх гульняў» у Маскве. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

У выніку ён перайшоў на працу ў 1-ы гарадскі клінічны шпіталь у Мінску на пасаду галоўнага доктара. Ягоны тэрмін прыпаў акурат на «кавідны» час. У сваіх інтэрв'ю Шаўцоў дэклараваў, што ўсё ў парадку і пад кантролем.

Генеральным сакратаром Беларускага Чырвонага Крыжа ён стаў у верасні 2021-га. Таксама ён 12 гадоў узначальвае Асацыяцыю дактароў Беларусі. Сярод ягоных іншых адметный месцаў працы — Адміністрацыя Лукашэнкі з 2012-га па 2019-ы і ЗАТ «Другі нацянальны тэлеканал» (кіруе каналам АНТ) з 2011 па 2015-ы, згодна са звесткамі, якія нам перадалі «Кіберпартызаны».

Узначальваў гарадскую выбарчую камісію

На парламенцкіх выбарах у 2019-м Шаўцоў узначальваў Мінскі гарадскі выбаркам. Пасля выбараў ён заявіў, што незалежныя назіральнікі маюць слабы ўзровень падрыхтоўкі і замест назірання «піяраць сябе».

Злева направа: Вадзім Дзевятоўскі, Дзмітрый Шаўцоў, Андрэй Савіных, Паліна Шуба і Максім Вугляніца на абмеркаванні выбараў 2019-га. Скрын відэа БТ

Злева направа: Вадзім Дзевятоўскі, Дзмітрый Шаўцоў, Андрэй Савіных, Паліна Шуба і Максім Вугляніца на абмеркаванні выбараў 2019-га. Скрын відэа БТ

У 2020-м ён зноўку ўзначаліў Мінскі гарадскі выбаркам. Адназначна падтрымаў Лукашэнку, назваўшы 11 жніўня пратэсты «правакацыяй» і заклікаўшы пратэстоўцаў спыніцца. За падтрымку Лукашэнкі і меркаваны ўдзел у фальсіфікацыі вынікаў выбараў унесены ў санкцыйныя спісы ў Літве, Латвіі і Эстоніі.

Эксперт па ўсіх пытаннях

Увогуле, ён адзін з самых частых экспертаў для праўладных медыя. Яны звяртаюцца да яго па каментары ледзь не штодня (ужо ў 2016-м ён быў адным з рэкардсменаў дзяржаўных эфіраў). Шаўцоў выступае і як доктар, і як палітолаг. Выказваўся ён і наконт Андрэя Зельцэра, які падчас аблавы ў сваёй кватэры застрэліў Дзмітрыя Федасюка з КДБ. 

«Сёння адбылося забойства тэрарыстам афіцэра КДБ. Правяралі кватэры па справе аб тэрарызме. У адной сапраўды такі і аказаўся. Алгарытм далейшых дзеянняў зразумелы: тэрарыстаў шкадаваць не будуць, супрацьстаянне пераходзіць на больш высокі ўзровень жорсткасці», — каментаваў Шаўцоў.

Дзмітрый Шаўцоў гуляе ў бадмінтон падчас «Парламенцкіх гульняў» у Маскве. Фота: сайт беларускага парламента

Дзмітрый Шаўцоў гуляе ў бадмінтон падчас «Парламенцкіх гульняў» у Маскве. Фота: сайт беларускага парламента

А вось што ён казаў пра нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг:

«Звяртаемся да дарослага кантынгенту нашай краіны і да педагогаў. Сцяг быў бел-чырвона-белы прызнаны афіцыйна на кароткі прамежак часу да таго, калі рэферэндум і народ сказаў: «Не, прыбіраем». Ён быў. І ў вось гэты прамежак часу (з 1995 года па сёння, па 2020 год) мы разарвалі гэта паняцце. Мы дазвалялі хадзіць нейкай маленькай жменьцы людзей, якія вечна называлі сябе БНФ, яшчэ нейкім там чынам. Так. Дзесьці там пайшлі, зніклі, потым праз год зноў яны на Дзень Волі прачнуліся. Мы гэта дазвалялі, мы не тлумачылі людзям, што гэта за сцяг.

Яго на працягу 100 гадоў краіна зрынала. У пачатку, у сярэдзіне, у канцы стагоддзя — пастаянна. Колькі можна выкідваць яго ад нас? Краіна проста вырыгала гэты сцяг убок, а ён усё роўна падымаўся».

Адкрыта парушае статут Чырвонага Крыжа 

Аднойчы Шаўцоў выказаўся наконт тэмы ЛГБТ. У эфіры дзяржканала ён назваў гэта «вычварэнствамі».

Дзмітрый Шаўцоў. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

Дзмітрый Шаўцоў. Фота: ягоная старонка «УКантакце»

«Бо дзіця глядзіць на сям'ю. Калі ў сям'і нармальныя чалавечыя каштоўнасці, калі ў грамадстве нецярпімасць да падобнага роду вычварэнняў… Я заўсёды кажу, што гэта ўсё ж такі псіхічнае адхіленне і захворванне, таму яго трэба лячыць… Нетрадыцыйныя каштоўнасці прапагандуюцца праз мультфільмы і фільмы для падлеткаў. Гэта робіцца для знішчэння цэлых цывілізацый, краін, грамадстваў», — сказаў тады Шаўцоў.

Ягоныя выказванні выклікалі рэакцыю міжнароднай праваабарончай супольнасці. Так, Еўразійская кааліцыя здароўя і правоў, гендарнай і сэксуальнай разнастайнасці нагадала, што Міжнародны Чырвоны Крыж пастаянна падкрэслівае ўразлівасць ЛГБТ-супольнасці, што такія выказванні супярэчаць асноўным прынцыпам дзейнасці таварыства, у якіх дэкларуецца павага да чалавечай годнасці ва ўсіх выпадках. Пра рэакцыю Міжнароднага Чырвонага Крыжа на заявы праваабаронцаў невядома.

Дзмітрый Шаўцоў з Z-сімволікай на левай руцэ. Скрыншот з відэа sputnik.by

Дзмітрый Шаўцоў з Z-сімволікай на левай руцэ. Скрыншот з відэа sputnik.by

Апошні раз Шаўцоў адзначыўся днямі, калі паехаў на акупаваныя тэрыторыі Украіны з гуманітарным грузам. Па легендзе расійскіх медыя, ён «асабіста пераканаўся, што ўсе дзеці з ДНР вярнуліся дадому».

Нюанс у тым, што перад камерамі ён быў з Z-сімволікай, што таксама прама забараняе статус Чырвонага Крыжа.

Нагадаем, Беларускі Чырвоны Крыж — цалкам праўладная арганізацыя. Яе сябры часта ўдзельнічаюць у выбарчых камісіях. Чырвоны Крыж не наведваў палітвязняў у калоніях, хоць мае такую магчымасць: прадстаўніца таварыства Іна Лемяшэўская ўваходзіць у склад Рэспубліканскай грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве юстыцыі.

Чытайце таксама:

Генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа з'ездзіў у «ДНР» і папазіраваў там з Z

Чырвоны Крыж пра адсутнасць туалетнай паперы ў ізалятарах: Цяпер у нас няма чаго перадаваць

Ціханоўская назвала міжнародныя арганізацыі імпатэнтнымі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?