Дональд Трамп Фота: Charlie Neibergall / AP

Дональд Трамп Фота: Charlie Neibergall / AP

Экс-прэзідэнту ЗША Дональду Трампу ў аўторак выстаўленае афіцыйнае абвінавачванне ў злачынстве супраць Злучаных Штатаў і іх грамадзян — у спробе падманам скасаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, піша Бі-бі-сі.

Трампу загадана з'явіцца ў суд у Вашынгтоне ў чацвер, 3 жніўня.

Беспартыйны спецпракурор Джэк Сміт, які кантраляваў расследаванне падзей 6 студзеня 2021 года, выставіў Трампу абвінавачванні па чатырох пунктах:

  • змова з мэтай падману Злучаных Штатаў
  • змова з мэтай перашкодзіць афіцыйным працэдурам
  • перашкода і спроба перашкодзіць афіцыйным працэдурам
  • змова з мэтай парушэння правоў грамадзян.

Гэта трэцяе і самае сур'ёзнае з крымінальных абвінавачванняў, вылучаных супраць Трампа, які пакуль мае намер зноў балатавацца ў прэзідэнты налета.

Па двух з гэтых абвінавачванняў закон прадугледжвае да 20 гадоў турмы.

У тэксце абвінавачвання, перададзеным у вялікае журы ў судзе Вашынгтона, гаворыцца, што Дональд Трамп цвёрда наважыўся застацца ва ўладзе пасля выбараў 2020 года і «распаўсюджваў хлусню», заяўляючы, што ён іх выйграў.

«Гэтыя сцвярджэнні былі ілжывымі, і абвінавачаны ведаў, што яны ілжывыя», — гаворыцца ў дакуменце.

Каманда Трампа, сабраная ім для перадвыбарнай кампаніі, у сваёй заяве назвала абвінавачванне чарговай спробай умяшання ў ход прэзідэнцкіх выбараў 2024 года.

Паплечнікі Трампа заяўляюць, што гэтая крымінальная справа супраць яго з'яўляецца «паляваннем на ведзьмаў» і нагадвае ім пра нацысцкую Нямеччыну.

Сам Трамп за некалькі хвілін да таго, як было афіцыйна абвешчана аб новым абвінавачванні, напісаў ва ўласнай сацсетцы Truth: «Я чуў, прыдуманы Джэк Сміт, каб умяшацца ў прэзідэнцкія выбары 2024 года, вылучае чарговае фальшывае абвінавачванне ў адрас вашага любімага прэзідэнта, мяне».

Джэк Сміт у кароткім выступе перад журналістамі пасля перадачы абвінавачвання ў вялікае журы Вашынгтона сказаў, што штурм Капітолія прыхільнікамі Трампа 6 студзеня 2021 года быў справакаваны «хлуснёй абвінавачанага, мэта якога складалася ў падрыве асноў функцыянавання ўлады ў Злучаных Штатах».

Джэк Сміт паабяцаў, што будзе дамагацца, каб суд па гэтай справе прайшоў хутка, а завяршыў сваю заяву напамінам, што Дональд Трамп павінен лічыцца невінаватым, пакуль у судзе не даказана адваротнае.

Клас
15
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1