Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Мінск

У гімназіі № 4 (Фрунзенскі раён, вуліца Кунцаўшчына, 18) плануюць набраць 96 першакласнікаў. Колькі з іх будзе вучыцца па-беларуску, вызначыцца пазней. У гімназіі з беларускай моваю паглыблена вывучаецца англійская, а таксама даюцца веды ў галіне інфармацыйных тэхналогіяў, музычнага мастацтва.

У гімназіі № 9 (Першамайскі раён, вуліца Сядых, 10) набіраюць два беларускія класы з 48 вучнямі. Беларускамоўнае навучанне сумяшчаецца з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і польскай факультатыўна. Тут вучаць прадметам музычнага цыкла.

Гімназія № 14 (Заводскі раён, вуліца Васняцова, 10) штогод набірае беларускамоўныя класы. Сёлета не выключэнне, сказалі ў гімназіі. Пакуль, аднак, не вызначана, колькі першакласнікаў будзе вучыцца ў гімназіі па-беларуску.

Разам з беларускамоўным навучаннем у гімназіі даюць паглыбленыя веды па замежных мовах. Выкладаюцца таксама спецкурсы па міфалогіі, псіхалогіі, асновах эканамічных ведаў, журналістыцы.

У беларускамоўнай гімназіі № 23 (Савецкі раён, праспект Незалежнасці, 45) плануюць набраць два першыя класы. Плануецца, што ў іх будуць вучыцца 52 вучні. У гімназіі выкладаюцца англійская, кітайская, польская мовы.

У гімназіі № 28 (Ленінскі раён, вуліца Ракасоўскага, 93) навучанне цалкам беларускамоўнае. Сёлета, як і ў папярэднія гады, не абыдуцца без беларускіх класаў.

Колькасць першакласнікаў пакуль невядомая. У даважку да беларускай мовы дзяцей паглыблена вучаць французскай і англійскай мове.

У школе № 60 (Маскоўскі раён, вуліца Лібкнехта, 82) сёлета набіраюць адзін клас з беларускай моваю навучання. 

Адзін беларускамоўны клас з'явіцца ў 72-й мінскай школе (Партызанскі раён, вуліца Халмагорская, 59). 

Пачатковая школа № 112 (вуліца Убарэвіча, 142 — Заводскі раён) таксама набірае адзін беларускамоўны клас. 

Магілёў

1 клас з беларускай мовай навучання набіраюць у школе № 1.

У ёй ужо ёсць тры беларускамоўныя класы з невялікай колькасцю вучняў. Калі ў бацькоў з'явіцца жаданне аддаць туды сваіх дзяцей, то праблемаў з гэтым не ўзнікне. Школа № 1 у цэнтры горада, на вуліцы Першамайскай, 24.

У мясцовай школе № 34 прымуць новых вучняў у існуючыя беларускамоўныя 2, 4, 6 і 8 класы.

Набіраць першакласнікаў сёлета тут не плануюць.

Школа знаходзіцца ў Задняпроўі на вуліцы Габраўская, 16.

Дзве згаданыя школы чаргуюцца ў наборы першакласнікаў. Год адна, затым год другая.

Гродна

У Гродне беларускамоўных першакласнікаў чакаюць у мясцовай школе № 32, якая месціцца на вуліцы Ліможа, 11.

«Традыцыя захавалася дагэтуль», — сказалі ў школе пра беларускамоўнае навучанне.

Пакуль у клас запісалася 5 вучняў.

Клас з беларускай моваю навучання набіраюць таксама ў 34-й школе. Яе адрас: Індурская шаша, 14.

Пакуль вучыцца па-беларуску ў гэты клас бацькі аддалі траіх дзетак.

У Гродне беларускамоўныя класы набіраюць цягам апошніх 10 гадоў.

Гомель

У Гомелі беларускамоўных першакласнікаў чакаюць у гімназіі № 36 імя Івана Мележа.

Цяпер у клас набіраюць дзяцей, якія прапісаныя па адрасах, замацаваных за навучальнай установай. Дзяцей з іншых раёнаў запішуць у яго, калі застануцца вольныя месцы. Бацькі такіх першакласнікаў мусяць пазначыць у заяве, што яны просяць разглядзець магчымае залічэнне.

Трапіць у беларускамоўны клас лягчэй, чым у рускамоўны, кажуць у гімназіі.

Брэст

У Брэсце на беларускай мове вучаць з 1 да 4 класа ў гімназіі № 3.

З 5 класа пачынаецца рускамоўная школа, сказалі ў адміністрацыі Ленінскага раёна горада.

Запісаць дзяцей у гімназію можна толькі пры наяўнасці вакантных месцаў, бо першакласнікаў набіраюць па тэрытарыяльным прынцыпе.

Бацькам, якія хочуць вучыць дзяцей па-беларуску, варта звяртацца да адміністрацыяў школ і гімназіяў. Неабходна праглядаць абвесткі на сайтах навучальных устаноў і раённых аддзелаў адукацыі.

Заявы на залічэнне ў школы прымаюцца да 15 жніўня. Іх маюць разгледзець да 28 жніўня. Як правіла, у беларускамоўныя класы вучняў бяруць на працягу года.

Глядзіце таксама:

Ютубер выклаў пяць аргументаў, чаму не пераходзіць на рускую мову ў ютубе

«Хачу, каб дзіця не грузілі беларускай мовай, а каб яна была ў яго жыцці». Што такое казкатэрапія ад «Кніжнага воза»

«Прыехаў стараста са спісам тэм і замовіў дыпломы адразу на ўсю групу». Аўтар дыпломаў на заказ распавёў пра сваю працу

«Святкаваць трэба свае перамогі, а не чужыя». Роля сацыялізму ў генезісе беларусаў і ацэнка падзей 17 верасня — Латышонак

Клас
18
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
13
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?