Аляксандр Сушко. Фота: devby.info

Аляксандр Сушко. Фота: devby.info

Суд Ленінскага раёна Мінска 2 жніўня асудзіў па «народным» артыкуле 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) вядомага следчага, былога начальніка ўпраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці СК, Аляксандра Сушко і ягоную жонку Алесю. «Вясна» распавядае падрабязнасці справы.

Аляксандр Сушко ўзначальваў упраўленне па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці Следчага камітэта. Ён вёў мноства рэзанансных спраў, у прыватнасці вялікую «справу айцішнікаў», па якой праходзіў Віктар Пракапеня. У 2020-м годзе Аляксандр публічна выступіў за спыненне масавага гвалту і дыялог. Пасля звальнення з органаў Сушко працаваў у Group-IB — буйной кампаніі ў сферы кібербяспекі, а потым, мяркуючы па адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies).

Аляксандра затрымалі 22 сакавіка гэтага года і змясцілі пад варту. Алеся Сушко знаходзілася да суда на волі пад асабістым паручальніцтвам. У сям'і двое дзяцей.

Мужа і жонку асудзілі 2 жніўня ў судзе Ленінскага раёна за ўдзел у маршах у 2020 годзе.

Доказамі па справе праходзілі фотаздымкі з акцый пратэсту на ноўтбуку Аляксандра, а таксама відэазапіс на адным з інтэрнэт-сайтаў, дзе на фоне супрацоўнікаў міліцыі знаходзяцца Алеся і Аляксандр з дзіцём на руках.

Згодна з версіяй абвінавачання, Аляксандр Сушко на адной з акцый пратэсту, «дэманструючы ў якасці пратэснага сімвал V-падобны жэст сярэднім і ўказальным пальцамі правай рукі, з жонкай Алесяй стаялі і рухаліся па праезнай частцы, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго гэтыя дзеянні пацягнулі парушэнне працы транспарту, якое выявілася ў спыненні транспарту на тэрыторыі горада Мінска».

Аляксандр Сушко на судзе прызнаў віну цалкам і раскаяўся. Ён распавёў, што з медыя ён ведаў аб незаконнасці ўдзелу ў масавых шэсцях, якія праходзілі ў сталіцы ў жніўні-верасні 2020 года. Аднак, нягледзячы на папярэджанні, сумесна з жонкай і яе знаёмай удзельнічалі ў масавых мерапрыемствах. Так, яны прыбылі на адну з акцый на грамадскім транспарце, пасля чаго далучыліся да групы грамадзян з бел-чырвона-белай сімволікай. Ён расказаў, што абодва разы бачыў супрацоўнікаў міліцыі, якія патрабавалі разысціся, аднак іх патрабаванні не былі выкананыя. Таксама расказаў, што рабіў фотаздымку падчас удзелу ў акцыях пратэсту, у тым ліку знаходзячыся на праезнай частцы, на свой мабільны тэлефон.

Алеся Сушко таксама віну прызнала, але ад дачы паказанняў адмовілася.

У выніку суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла абаім па тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Згодна з пастановай суда, ноўтбук Lenovo вярнулі ў арганізацыю, дзе працаваў Аляксандр, «пры гэтым знішчыўшы экстрэмісцкую інфармацыю, якая змяшчаецца ў ім».

Што маецца на ўвазе пад апошнім — не ўдакладняецца.

Пасля абвяшчэння прысуду Аляксандра вызвалілі ў зале суда пасля амаль чатырох з паловай месяцаў зняволення.

Чытайце таксама:

«Незвычайна худы і пасівелы». Вядомы следчы Аляксандр Сушко выйшаў на волю. Што ён сядзеў, ніхто і не ведаў 

Следчаму Аляксандру Сушко далі «хатнюю хімію» па «народным» артыкуле

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
8