Расцяжка з партрэтамі палітзняволеных на дні салідарнасці з імі, 21 мая 2023 года, Вільня.

Расцяжка з партрэтамі палітзняволеных на дні салідарнасці з імі, 21 мая 2023 года, Вільня.

«Пра гэтых людзей пішуць, калі яны выходзяць, і больш мы пра іх нічога не ведаем»

Вераніцы 27 гадоў, актывістка жыве ў Польшчы. Раней яна працавала ў Народным антыкрызісным упраўленні з Паўлам Латушкам, потым перайшла ў праект «Сумленныя людзі» — там займалася грамадзянскай адукацыяй.

Ідэю «Вольных» каманда ініцыятывы доўга выношвала — сам праект быў задуманы яшчэ ў 2022-м. Канцэпцыя ўзнікла на адной з адукацыйных праграм Беларускай праваабарончай школы, дзе актывісты мусілі распрацаваць ідэі праектаў, карысныя беларусам. 

Так і прыдумалі «Вольных», расказвае Вераніка: «У нашай камандзе быў былы палітвязень Зміцер Фурманаў, цяпер ён разам з намі працуе над праектам. Думалі, што лепей зрабіць, каб зараз дапамагчы беларусам, і звярнулі ўвагу на тэму палітвязняў. А потым адкрылі статыстыку і зразумелі, што на той момант выйшла ўжо амаль 200 асуджаных па палітычных матывах. Цяпер іх на волі каля 400 чалавек. Пра гэтых людзей пішуць у навінах, калі яны выходзяць, і больш мы пра іх нічога не ведаем. Не разумеем, ці патрэбная ім дапамога і нейкая падтрымка».

Актывісты зрабілі невялікую апытанку для былых палітвязняў і атрымалі амаль 50 адказаў пра патрэбную дапамогу. 

Вераніка Станкевіч. Фота: асабісты архіў

Вераніка Станкевіч. Фота: асабісты архіў

У выпадку з экс-палітвязнямі да ўсіх выклікаў, з якімі цяпер сутыкаюцца беларусы, дадаецца яшчэ і год-два інфармацыйнага вакууму, характэрнага для зняволення. І гэта далёка не ўсе іх праблемы: «Амаль заўсёды гэтыя людзі выходзяць з турмы «з воўчым білетам» — практычна не могуць уладкавацца на працу, іх не бяруць нават у прыватныя арганізацыі. Бо ў іх ёсць у мінулым крымінальны пераслед, а ў Беларусі ніхто цяпер не глядзіць, палітычны гэта пераслед ці не.

Гэтыя людзі па другім коле ідуць на крымінальныя справы, бо іх больш за іншых прэсуюць, за імі назіраюць, ставяць на розныя ўлікі».

Паколькі на былых вязняў часта працягваюць ціск, каманда «Вольных» прапануе ім эміграваць.

Да «Вольных» можа звярнуцца і сам былы палітвязень, і родныя чалавека, які выйдзе на волю цягам бліжэйшых месяца-двух. Ініцыятыва накіроўвае яго на сумоўе з псіхолагам, а той высвятляе стан чалавека і яго патрэбы: фінансавая, псіхалагічная падтрымка, эміграцыя, адукацыя ці нешта яшчэ. З гэтага часу чалавек застаецца падапечным «Вольных».

З іншага боку, у ініцыятыву прыходзяць валанцёры — будучыя ментары. Яны таксама праходзяць праз сумоўе з псіхолагам, які ацэньвае іх стан: «Калі чалавек не падыходзіць да таго, каб быць ментарам, знаходзіцца ў занадта дрэнным стане, мы ставім яго ў ліст чакання і адпраўляем да нашых партнёраў, дзе яму аказваюць псіхалагічную дапамогу. Калі з ментарам усё добра, ён праходзіць невялікую адукацыйную праграму з шасці пунктаў. 

Гэта праграма пра тое, як працаваць з уразлівымі групамі: як размаўляць з такімі людзьмі і іх падтрымліваць, стаць ім апорай. Яна невялікая, яе можна прайсці і за дзень, але мы не раім так рабіць, бо над гэтымі матэрыяламі трэба рэфлексаваць. Таксама расказваем ментарам пра розныя ініцыятывы, куды беларусы могуць звярнуцца па дапамогу». 

Потым будучыя ментары мусяць прайсці тэст, пасля якога нарэшце змогуць працаваць у тэставым перыядзе. Пасля гэтага псіхолаг злучае ментара і падапечнага, падбірае да кожнага з падапечных такога чалавека, з кім яму будзе лягчэй пасябраваць. Тады ментар пачынае працу з былым палітвязнем: камунікуе з ім, дапамагае са зваротамі ў патрэбныя ініцыятывы, запаўняе разам з ім заяўкі і проста падтрымлівае ў рэсацыялізацыі. Першыя два тыдні менеджар «Вольных» трымае цесную сувязь і з ментарам, і з падапечным, а потым яны атрымліваюць больш прасторы для камунікацыі.

«Працаваць з імі з таго самага моманту, як толькі яны выходзяць з-за кратаў»

Вераніка адзначае, што экс-палітвязняў у камандзе праекта часцей называюць «вольныя». Такая назва — спроба пазбегнуць слова «былыя» ў апісанні тых, хто прайшоў праз зняволенне, бо нават калі гэтыя людзі не за кратамі, ім патрэбная дапамога.

Праект запусціўся некалькі тыдняў таму, але ўжо да гэтага, падчас тэставага перыяду, актывісты адпрацавалі з пяццю былымі палітвязнямі. Цяпер падапечных ужо трынаццаць, прыкладна столькі ж і ментараў.

Вераніка расказвае, што «Вольныя» атрымліваюць багата прапановаў дапамогі ад беларусаў: «Да нас грукаліся прадстаўнікі беларускага бізнэсу, яны жадалі дапамагаць былым палітвязням знаходзіць працу ў Еўропе. Звярталіся шмат іншых людзей, казалі — мы можам дапамагаць, вы толькі скажыце, як, будзем пісаць тэксты, дапамагаць з перакладам на розныя мовы. Вельмі кранальна, што людзі гатовыя выдзяліць хаця б трохі часу на гэтую працу».

Актывістка жадае, каб у «Вольных» атрымалася зрабіць поўную праграму рэсацыялізацыі для былых беларускіх палітвязняў: «Хацелася б, каб з людзьмі пачыналі працаваць з таго самага моманту, як яны выходзяць з-за кратаў, каб ім не трэба было шукаць розныя ініцыятывы, дзе ім дапамогуць, бо цяпер гэта праблема. Адна ініцыятыва адпраўляе чалавека ў другую, другая — у трэцюю і гэтак далей. Маю надзею, што чалавек зможа проста прыходзіць да нас і знаходзіць усю патрэбную дапамогу».

Вераніка таксама дзеліцца імкненнем працаваць з еўрапейскімі палітыкамі над тым, каб і іх краіны рабілі праграмы рэсацыялізацыі і адаптацыі для былых беларускіх палітвязняў — ад фінансавай падтрымкі да рэабілітацыі і псіхалагічнай дапамогі. Хутка скончыцца тэрмін у вялікай колькасці палітвязняў, і практыка дапамогі ім стане яшчэ больш актуальнай.

Даведацца, як атрымаць дапамогу ад «Вольных» ці самім папрацаваць на карысць ініцыятывы, можна па спасылцы.

Чытайце таксама:

«Убачанае ашаламіла». Перакладчык з Бабруйска — пра паўтара года за кратамі, знішчаныя рукапісы, шлюб у няволі і навуку выжываць

«У мяне была гінеколаг па перапісцы». Палітвязні расказваюць пра лісты ад незнаёмцаў, якія падтрымлівалі іх у турме

Выпусцілі мерч «Менск — горад палітвязняў», частка якога ідзе на данаты

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?