Скібская адзначае, што гэты ўказ моцна парушыў адчуванне бяспекі ў людзей: «Пасля яго палова маіх кліентаў гаварылі на псіхатэрапеўтычных сесіях пра свае трывогі, звязаныя з гэтым указам, і сярод іх былі нават тыя, хто ў 2020-м ні ў чым не ўдзельнічаў і не пісаў пастоў пра палітыку».

Для многіх беларусаў, як заўважае псіхолаг, Радзіма — гэта і так ужо даўно не тая прастора, дзе можна адчуваць сябе дома і ў бяспецы, а цяпер гэта яшчэ і здрадніца, якая можа ўдарыць цябе нажом у спіну, якая максімальна прывязвае цябе да сябе і робіць залежным. 

«Калі дзіця маленькае, то яму трэба, каб за яго шмат што вырашалі, але падчас сталення дзіця павінна атрымліваць усё больш свабоды і незалежнасці. І цяпер гэтую свабоду ў нас адбіраюць, — кажа псіхолаг. — Так што Радзіма тут здраджвае людзям і выкарыстоўвае іх, прычым робіць гэта абсалютна агідным чынам: заваблівае ў пастку, каб потым зжэрці. Гэта стаўленне драпежніка. 

А нам важна, каб Радзіма была для нас домам, бяспечным месцам, дзе мы можам адчуваць сябе спакойна і свабодна, дзе можам адпачыць. Гэта порт прыпіскі: карабель можа плаваць па ўсім свеце, але ў яго ёсць порт, куды ён заўсёды вяртаецца, дзе яго рамантуюць, дзе жывуць блізкія членаў экіпажа. Быць у падарожжы і быць дома — вельмі розныя станы. Атрымліваецца, што наш дом захапілі чужынцы: маўляў, цяпер гэта не твой дом, а мой, і я тут прымаю рашэнні», — разважае Наталля.

Грамадзянства — частка нашай ідэнтычнасці нароўні з полам, нацыянальнасцю, якасцямі характару і іншым. Для розных людзей яно мае большае ці меншае значэнне, але ўсё ж такі мы ўспрымаем краіну грамадзянства як свой дом, дзе мы мусім мець больш правоў, чым на тэрыторыі іншых краін. Гэты ўказ, паводле Скібскай, пазбаўляе нас часткі суб’ектнасці: быццам мы ўжо не грамадзяне, не саўладальнікі беларускай тэрыторыі, а закладнікі беларускай улады. Не мы вырашаем, дзе нам атрымліваць пашпарт, а нехта іншы.

У прадстаўнікоў беларускай улады, лічыць Наталля, высокі ўзровень трывогі, недаверу і вялікая патрэба ў кантролі, прычым у дэспатычным кантролі, таму гэтыя людзі спрабуюць пазбавіць нашых грамадзян часткі суб’ектнасці. Мы робімся больш залежнымі, меншае наш кантроль над уласным жыццём. Некаторым людзям гэта падыходзіць — тым, у каго занадта шмат кантролю выклікае багата трывогі. Але для вольнага і незалежнага чалавека гэта неверагоднае абмежаванне.

Мець беларускі пашпарт цяпер — вельмі дарагое задавальненне, як заўважае Скібская. Нават калі ты ні ў чым не ўдзельнічаў, трэба грошы, каб даехаць да краіны, замяніць пашпарт і пражыць там увесь той час, пакуль яго будуць рабіць. Атрымліваецца, што людзей выкарыстоўваюць, іх рэсурсы не паважаюць: маўляў, нам усё адно, колькі гэта вам каштуе.

«Вам здрадзіла не Радзіма»

«У нас не адбіраюць беларускую ідэнтычнасць, але па ёй б’юць. Нават калі чалавек вырашыць адмовіцца ад беларускага грамадзянства, у яго асабістай гісторыі ўжо запісана, што ён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, нават калі і ў мінулым. І цяпер яго ідэнтычнасці шкодзяць: жорстка, мэтанакіравана б’юць ва ўразлівае месца. Але адабраць гэтую частку ідэнтычнасці нельга, ад яе не адмовіцца. Гэта як калі ў чалавека паміраюць бацькі, ён не перастае быць іх дзіцём.

Беларусамі сябе лічаць не толькі тыя, у каго ёсць сіні пашпарт, тым больш што наша нацыянальнасць — складаны канструкт, у нас намешана столькі рознай крыві. І калі вы лічыце сябе беларусам, вы ім застаяцеся, гэта частка вашай ідэнтычнасці. Нехта можа на яе нападаць, нехта можа яе аспрэчваць, але гэта ваша характарыстыка, і трэба ў ёй узмацняцца. Вы — грамадзянін Рэспублікі Беларусь незалежна ад таго, ці будзе ў вас пашпарт, ці фармальнае грамадзянства», — упэўненая псіхолаг.

Спецыялістка рэкамендуе клапаціцца пра юрыдычны бок свайго жыцця. Калі вы маеце магчымасць атрымаць грамадзянства іншай краіны, то трэба яго рабіць. Для вас гэта дадатковая апора, яшчэ адзін атрыбут бяспекі, і з вашага боку не будзе здрадай аформіць пашпарт іншай краіны. Наталля сведчыць, што багата людзей не хацелі атрымліваць грамадзянства іншых краін, бо лічылі, што яны здраджваюць сваёй Радзіме, а цяпер дарога для іх адкрытая. Не яны адмаўляюцца ад Радзімы, кажа псіхолаг, а хутчэй яна ад іх.

Цяпер вельмі важна размяжоўваць Беларусь і рэжым Лукашэнкі. Скібская тлумачыць: «Тыя людзі, якія цяпер ва ўладзе, не ёсць Беларусь. І вам здрадзіла хутчэй не Радзіма, а чыноўнікі, якія выкарыстоўваюць тое, што ім не належыць. Іх адказнасць — кіраваць і сачыць за законнасцю, а яны злоўжываюць сваёй уладай і несумленным чынам выкарыстоўваюць дадзеныя ім паўнамоцтвы. Беларусь ім не належыць, але яны спрабуюць паказаць іншае: маўляў, Беларусь — наша і вы — нашы, не дарагія суграмадзяне, а закладнікі».

У гэтай сітуацыі мы, паводле Наталлі, уразлівыя проста па факце свайго нараджэння ў Беларусі і свайго грамадзянства. Указам 278 нас б’юць ва ўразлівае месца. Чалавек з неўратычнай арганізацыяй псіхікі будзе імкнуцца не біць іншага туды, дзе баліць, а тут, як лічыць псіхолаг, мэтанакіравана і жорстка б’юць у слабае месца, гэта як ударыць дзіця, якое апрыёры слабейшае за цябе. Насамрэч, гэта акт вельмі вялікай жорсткасці да агромністай масы людзей, абясцэньванне жыцця людзей, іх лёсаў і інтарэсаў. 

Наталля мяркуе, што апошнія падзеі — магчымасць для беларусаў замежжа адчуць сябе па адзін бок, нягледзячы на магчымыя сваркі: «Магчыма, той чалавек, каго ты цяпер абясцэньваеш, некалі ішоў каля цябе на маршы. За ўсімі цяперашнімі звадкамі, абвінавачваннямі, усе забыліся, што мы ў адной лодцы і наш порт прыпіскі адзіны. Мы не абавязаныя любіць адно аднаго, мы можам камусьці не падабацца і нам хтосьці можа быць непрыемны, але было б няблага згадаць, што мы маем адну супольную праблему, а яна зусім не з тых, праз якія цяпер часта сварацца беларусы».

«Ёсць варыянт нарадзіць дзіця ў Бразіліі». Як беларусы з Грузіі збіраюцца вырашаць пашпартныя праблемы

У сацсетках пішуць, што стала нельга тэрмінова зрабіць пашпарт у Беларусі. Ці праўда гэта?

Вячорка раскрыў верагодныя тэрміны пачатку выдачы альтэрнатыўных беларускіх пашпартоў і назваў колькасць краін, ужо гатовых іх прызнаць

Клас
30
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?