Павел Харытонаў
Як расказаў «Вясне» былы сукамернік Паўла, яго асудзілі за адзін данат у памеры 20 даляраў у нейкую ініцыятыву, якую пасля прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Ахвяраванне на дапамогу, меркавана, пацярпелым ад рэпрэсій было зроблена яшчэ ў 2021 годзе, калі ініцыятыва не была яшчэ прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем». Усяго па справе адбылося восем пасяджэнняў, яе разглядалі два месяцы — з лістапада па студзень.
«Усе сукамернікі, у тым ліку палітзняволены адвакат Аляксандр Данілевіч, казалі Паўлу, што яго абвінавачанні разваляцца і ён пойдзе дадому. Таму што тая арганізацыя, у якую ён зрабіў данат, не была прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем» на момант пералічэння грошай», — узгадвае вязень СІЗА.
Пад вартай Павел утрымліваўся ў СІЗА на Валадарскага.
«Сам ён вельмі інтэлігентны. У СІЗА займаўся спортам і добра маляваў. Ён быў у камеры самы моцны ў гульні ў шахматы — у яго вельмі развіта інтэлектуальнае мысленне. Наогул ён добры і забяспечаны чалавек, як і астатнія палітзняволеныя. Усім дапамагаў — класны хлопец!
На суд ён пайшоў у вельмі добрым касцюме і скураных лакіраваных чаравіках. Мы яго адпраўлялі і казалі, што пасля суда ён пойдзе дахаты, таму ён грунтоўна сабраўся. Але пасля пасяджэння ён вярнуўся — мы ўсе вельмі здзівіліся. Аказалася, што пракурор проста на судзе папрасіў перакваліфікаваць яго артыкул.
Павел, канешне, вельмі моцна засмуціўся, таму што ў яго дома дзеці… Ён дазнаваўся ў СІЗА, колькі за данаты даюць. Аднаму, хто скінуў 30 даляраў, прызначылі шэсць гадоў калоніі. Павел тады смяяўся і казаў, што добра, што 50 даляраў не заданаціў, бо былі такія думкі».
28 красавіка Вярхоўны суд пакінуў прысуд Паўла ў пяць гадоў калоніі ў сіле. Палітвязня этапавалі ў калонію. Ягонае актуальнае месцазнаходжанне высвятляецца.
Чытайце таксама:
Журналіста Сяргея Гардзіевіча, затрыманага пры вяртанні з Польшчы, арыштавалі на 15 сутак





