Скрыншот відэа CBC News: The National
Спікер ніжняй палаты канадскага парламента, Палаты грамадаў, Энтані Рота, у аўторак абвясціў пра адстаўку з пасады на фоне скандалу з запрашэннем 98-гадовага ветэрана дывізіі СС «Галічына» Яраслава Гунькі на выступ Уладзіміра Зяленскага на мінулым тыдні, піша «Еўрапейская праўда».
У кароткай заяве ён падзякаваў парламентарыям за давер падчас абрання спікерам Палаты грамадаў Канады ў папярэднім і цяперашнім скліканнях.
«З цяжкім сэрцам паведамляю дэпутатам аб сваёй адстаўцы з пасады старшыні», — сказаў Рота, не ўдакладніўшы прычыны свайго рашэння.
Спікера заклікалі сысці ў адстаўку калегі і сябры ўрада пасля таго, як высветлілася, што ён запрасіў у парламент падчас візіту Зяленскага ў Канаду на мінулым тыдні 98-гадовага Яраслава Гуньку. Рота прадставіў яго як ветэрана Другой сусветнай вайны, які змагаўся супраць рускіх.
Пазней журналісты высветлілі, што Гунька служыў у 14-й грэнадзёрскай дывізіі Вафен-СС — добраахвотніцкім падраздзяленні, якое складалася пераважна з этнічных украінцаў пад камандаваннем нацыстаў.
Дывізія СС «Галічына» была створана нямецкімі войскамі з украінцаў для барацьбы супраць Чырвонай Арміі ў 1943 годзе. Нюрнбергскі працэс і так званая камісія Дэшэна, створаная ў Канадзе ў 1980-х гадах, не пацвердзілі дачынення ўдзельнікаў дывізіі да ваенных злачынстваў. Аднак дывізія абвінавачваецца ў карных аперацыях Вермахта супраць палякаў і габрэяў.
Запрашэнне Гунькі ў парламент Канады выклікала абурэнне яўрэйскіх арганізацый Канады і Польшчы, якія запатрабавалі тлумачэнняў. Спікер канадскай Палаты грамадаў тады папрасіў прабачэння, але спачатку ў адстаўку сыходзіць адмовіўся.
У офісе прэм'ера Канады заявілі мясцовым СМІ, што ні прэм'ер Джасцін Трудо, ні ўкраінскі бок не ведалі пра запрашэнне былога сябра дывізіі СС «Галічына», а такі ўчынак там безумоўна асуджаюць.
У 2021 годзе Нямеччына выказала Украіне пратэст праз марш у цэнтры Кіева з нагоды гадавіны дня стварэння дывізіі СС «Галічына».





