Фота: ijnet.org

Фота: ijnet.org

Дэпутаты Сейма Латвіі ўхвалілі праект Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, адзін з пунктаў якой прадугледжвае закрыццё латвійскіх грамадскіх СМІ на рускай мове, піша Deutsche Welle.

За праект прагаласавалі 68 парламентарыяў, супраць выступілі 10 дэпутатаў. У адным з раздзелаў канцэпцыі, якую падтрымаў парламент краіны, гаворыцца, што з 2026 года грамадскія медыя можна будзе выдаваць толькі на латышскай мове або на іншых мовах ЕС, Еўрапейскай эканамічнай зоны і мовах краін — кандыдатаў на ўступленне ў ЕС.

«Дзяржава, спыніўшы фінансаванне падтрымкі на рускай мове, завершыць працэс стварэння адзінай інфармацыйнай прасторы. У сваю чаргу, утрыманне на рускай мове ў камерцыйных медыя за прыватныя сродкі працягне прысутнічаць», — сказана ў канцэпцыі.

Латвійскае радыё і Латвійскае тэлебачанне (LTV) раней выступілі супраць уключанай у праект канцэпцыі забароны на стварэнне рускамоўнага кантэнту ў грамадскіх СМІ. У LTV такую прапанову назвалі «блізарукай» і дыяметральна процілеглай пастаўленай мэце — умацаванню бяспекі інфармацыйнай прасторы.

«Спадзявацца, што ўсе людзі, якія штодня спажываюць медыякантэнт на рускай мове, 1 студзеня 2026 года пераключацца на СМІ, якія вяшчаюць на латышскай мове, — гэта мысленне жаданняў, а не рашэнне, заснаванае на даследаваннях пра звычкі спажывання прадукцыі СМІ», — сказана ў публічнай заяве для СМІ.

Рада грамадскіх электронных СМІ таксама заклікала ўлады адмовіцца ад забароны, падкрэсліўшы, што якасны кантэнт на рускай мове патрэбны для ахопу рускамоўных людзей, якія жывуць у краіне «з мэтай умацавання пачуцця прыналежнасці да Латвіі».

Станам на 2023 год, рускіх у Латвіі жыло 23 працэнты, украінцаў і беларусаў — па тры працэнты. Аднак у Рызе рускіх 34 працэнты, украінцаў — 4,86%, беларусаў — 3,48%. У Даўгаўпілсе (Дзвінску) латышы складаюць усяго 21 працэнт, палякі — 13 працэнтаў. 

Чытайце таксама:

Латвія цалкам гатова закрыць мяжу з Беларуссю ў выпадку масавага наплыву мігрантаў — прэзідэнт Рынкевіч

У Латвіі дамовіліся аб канфіскацыі аўтамабіляў на беларускіх нумарах

Новы латвійскі ўрад зрабіў будаўніцтва плота на мяжы з Беларуссю адной з асноўных сваіх задач

Клас
12
Панылы сорам
8
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2