Рамзан і Адам Кадыравы

Рамзан і Адам Кадыравы

Прадстаўнікі адміністрацыі чачэнскага кіраўніка Рамзана Кадырава звярталіся да ўладаў Кабардзіна-Балкарыі і Адыгеі з просьбай падтрымаць яго сына, Адама Кадырава.

Кіраўнікам гэтых рэгіёнаў прапаноўвалася ўручыць Кадыраву-малодшаму адну з нацыянальных узнагарод, «чым вышэй — тым лепш», распавяла выданню «Вёрстка» крыніца, блізкая да ўладаў Адыгеі. 

Яе словы пацвердзіла крыніца ў парламенце, блізкая да ўладаў іншай каўказскай рэспублікі.

Па словах першай з іх, у адыгейскага кіраўніка Мурата Кумпілава «складанае становішча», таму што ён не хацеў бы адмаўляць чачэнскім уладам, але і ўвязвацца ў сітуацыю з Адамам Кадыравым не хоча. 

Пасля скандалу са збіццём Мікіты Жураўля дэманстрацыя станоўчага стаўлення да сына кіраўніка Чачні можа быць «неадназначна ацэнена» федэральным цэнтрам, кажа суразмоўца.

«Ніякага канкрэтнага ўказання, як дзейнічаць у гэтых адносінах, рэгіяналам не далі, — падкрэсліў ён. — Таму ў рэгіёнах нервуюцца». У сувязі з гэтым кіраўнікі драбнейшых, у параўнанні з Чачнёй, суб'ектаў на Каўказе «самаўхіляюцца» ад удзелу ў гісторыі з Адамам Кадыравым «як толькі могуць», заявіла крыніца.

Паколькі тэма «складаная», то каментаваць яе прадстаўнікі каўказскіх уладаў звычайна не хочуць, пагадзіўся другі суразмоўца. 

Абодва суразмоўцы сышліся ў тым, што Крэмль у сітуацыі з Кадыравым-малодшым і Жураўлём «маўчыць, але і не перашкаджае», і што ініцыятыва ўзнагароджання сына чачэнскага кіраўніка не зыходзіць ад Масквы. «Крэмль не хоча мець справы з гэтай бруднай, неадназначнай гісторыяй», — распавяла крыніца ў парламенце і падкрэсліла, што федэральнаму цэнтру «зусім не падабаецца» актыўнасць Рамзана Кадырава. 

Аднак умешвацца ў адносіны кіраўнікоў рэгіёнаў і ў піяр патэнцыйнага пераемніка чачэнскага кіраўніка там не плануюць, кажуць суразмоўцы «Вёрсткі».

Суразмоўца «Вёрсткі», блізкі да Адміністрацыі прэзідэнта, кажа, што «інакш як трэш і гамон» уручэнне ўзнагарод Кадыраву-малодшаму «мала хто ўспрымае». 

«Калі б нас нехта спытаў, ці можна гэта рабіць, адказам было б катэгарычнае «не», — заявіў ён. — Нельга распаўсюджваць спецыфіку аднаго ўсім вядомага сваёй спецыфічнасцю рэгіёна на ўсю краіну». Па словах крыніцы, «бяда ў тым», што раней пра тое, ці рабіць такія акцыі, рэгіёны пыталіся ў Адміністрацыі прэзідэнта. «З Адамам гэтага не адбылося», — адзначыў суразмоўца.

Кадыраў цяпер выступае першым з рэгіяналаў, хто актыўна спрабуе на трываласць межы дазволенага федэральнымі ўладамі, і высвятляецца, што яны сталі шырэйшымі, чым усе прывыклі думаць, адзначыла крыніца. 

«Услед за Рамзанам ужо ідуць іншыя рэгіянальныя кіраўнікі, — дадаў ён. — Магчыма, мы бачым фармаванне першага рэгіянальнага альянсу. Калі ў іх гэта атрымаецца, дакладна з'явяцца і іншыя». 

25 кастрычніка 15-гадовы сын Рамзана Кадырава Адам быў узнагароджаны ордэнамі Татарстана «Дуслык» і Карачаева-Чаркесіі — «За заслугі перад рэспублікай». У Чачні сын Рамзана Кадырава атрымаў атрымаў званне Героя Рэспублікі.

Адам Кадыраў стаў шырока вядомы пасля таго, як збіў у СІЗА зняволенага Мікіту Жураўля, арыштаванага за спаленне Карана. Па расійскіх законах, гэта зʼяўляецца крымінальным злачынствам. Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся даваць каментары на гэты конт.

Клас
6
Панылы сорам
38
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
10