Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Ілюстрацыйнае фота: bsmu.by

Медыкі салідарныя ў тым, што новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя» прынялі, каб спыніць адток кадраў з медыцыны. Згодна з нацыянальным банкам вакансій, у краіне шукаюць 6614 дактароў-спецыялістаў, 3975 медсясцёр, 3054 санітараў. Недахоп медработнікаў у бальніцах і паліклініках катастрафічны. Нямала кваліфікаваных спецыялістаў з’ехалі з краіны і за мяжою змаглі ўладкавацца па спецыяльнасці.

З гэтага чыноўнікамі магла быць зроблена выснова аб добрым узроўні навучання. Беларускія дактары сапраўды належнага ўзроўню прафесіяналізму, кажуць медыкі, з якімі пагаварыла «Наша Ніва», аднак ёсць нюансы.

«Паслядыпломная адукацыя ў Беларусі знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні. Рэч у дрэннай матэрыяльна-тэхнічнай базе кафедраў і нізкай аплаце працы супрацоўнікаў», — адзначае адзін з дактароў.

Ён сцвярджае, што яго калегі ідуць у ардынатуру дзеля дыплому, бо існуючыя праграмы навучання не прапануюць прынцыпова нічога новага. Але цяпер ахвотнікі задумаюцца, «ці варта пападаць у кабалу на 5 гадоў пасля ардынатуры».

На яго погляд, хутчэй за ўсё «дзяржава прыдумае нейкі спосаб, каб не пакінуць прафесарска-выкладчыцкі склад універсітэтаў без працы».

Напрыклад, пры прызначэнні на пасаду загадчыка аддзялення будуць патрабаваць наяўнасць ардынатуры, ці для адкрыцця прыватнага кабінета таксама ўвядуць абавязковую ўмову — праходжанне ардынатуры па спецыяльнасці, разважае медык.

«Беларускі дыплом аб адукацыі па-ранейшаму прызнаецца толькі ў абмежаваным шэрагу краін, і наяўнасць ардынатуры за плячыма не моцна дапаможа суіскальнікам», — заўважае ён.

Доктар дадае, што павелічэнне тэрмінаў навучання ў ардынатуры і яе бясплатнасць ляжа цяжарам на бюджэт, таму будуць шукаць крыніцы яго папаўнення.

На думку суразмоўцаў, новыя нормы закона не зменшаць колькасць ахвотных стаць медыкамі, але ці дапаможа ён прывязаць іх да бальніц і паліклінік, пакажа час.

Іншы доктар, які працуе ў паліклініцы, адзначае, што ў іх установе мала хто з супрацоўнікаў сканчаў ардынатуру. Гэта дадатковая адукацыя не патрабуецца для працы ў паліклініцы. Таму складана сказаць, наколькі змены ў законе закрануць звычайных дактароў.

Стаматолаг з 20-гадовым стажам заўважае, што маладыя дактары, якія прыходзяць на інтэрнатуру ў паліклініку, часта сутыкаюцца з матэрыяламі і тэхналогіямі мінулага стагоддзя.

Многія з іх падчас вучобы ва ўніверсітэце падзараблялі асістэнтамі стаматолагаў у прыватных клініках, таму ім ёсць з чым параўноўваць. Адсюль цякучка кадраў у дзяржстаматалогіі.

«Адна з прычын, чаму моладзь сыходзіць з паліклінік, паступае ў ардынатуру, зусім не ў тым, каб набыць новыя веды і навыкі. На жаль, ніякіх прарыўных адкрыццяў у айчыннай стаматалагічнай навуцы я не згадаю. Прычына ў тым, што падчас вучобы ў ардынатуры можна адначасна падзарабляць у прыватных клініках сталіцы. Практычна ў кожнага прафесара, дацэнта ці асістэнта ёсць свой кабінет ці клініка», — даводзіць ён.

На яго погляд, улады не абмяжуюцца ўвядзеннем новых нормаў у закон «Аб ахове здароўя» і будуць прыдумляць дадатковыя захады, каб не дапускаць адтоку кадраў.

Суразмоўцы кажуць, што ў многіх бальніцах, асабліва правінцыйных, шмат моладзі, якой не хапае досведу, а пераняць яго няма ў каго. Спецыялістаў з 10-15 гадовым стажам няма. Бывае, што пацыентам не могуць хутка паставіць дыягназ. На працу вяртаюць пенсіянераў.

«Адток медработнікаў не спыняецца. Сітуацыя насамрэч ужо на мяжы. Даходзіць да таго, што лячыць няма каму. Нагрузка на медперсанал каласальная. Дык вось таму і зрабілі закон. Узмацнілі жорсткасць. Каб прывязаць медыкаў на 10 год», — адзначае яшчэ адзін медык.

Ён мяркуе, што сілавікам далі ўстаноўку не закрываць медыкаў на суткі: нядаўна ўзялі лекара ў Магілёве і адпусцілі са штрафам за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. На погляд суразмоўцы, гэта парушае ўжо звыклую практыку пераследу.

У цэлым стаўленне да медыкаў непаважлівае, працягвае іншы суразмоўца. Ён нагадвае, што нямала іх звольнілі з-за таго, што ўгледзелі ў іх паводзінах нелаяльнасць.

«Гэта выдатна адлюстравана ў лёсе доктара Андрэя Уладзіміравіча Любецкага. Доктара, які праводзіў унікальныя аперацыі дзецям з прыроджанай паталогіяй, спачатку звольнілі за яго пазіцыю з бальніцы. А потым кінулі за краты. Ён адбывае тэрмін у калоніі па палітычных артыкулах і ўнесены ў пералік экстрэмістаў», — ілюструе прыкладам стаўленне да медыкаў адзін з іх.

Суразмоўцы лічаць, што новаўвядзенні ў закон — вынік комплекснай праверкі медычных устаноў камісіяй галоўнай доктаркай Рэспубліканскага клінічнага медцэнтра Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Ірынай Абельскай.

Глядзіце таксама:

Пяць гадоў пасля ардынатуры, вялікія грошы кампенсацыі. Лукашэнка ўвёў прыгон для медыкаў

«На 45 месцаў — 5 дзяўчат». Хірургаў у субардынатуру будуць размяркоўваць па палавой прыкмеце — студэнты абураныя

Гамеапатыю і іншыя метады нетрадыцыйнай медыцыны дагэтуль уключаюць у пералік платных паслуг у дзяржаўных клініках

Учора затрымалі вядомага сківічна-тваравага хірурга, які робіць унікальныя аперацыі. У яго чацвёра дзяцей ВІДЭА

У Мінску не хапае 3500 медыкаў, а ў Польшчу за год пераехала столькі, што хапіла б укамплектаваць усе лякарні Брэстчыны

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?