Усе фота з асабістых архіваў Ніны

 Усе фота з асабістых архіваў Ніны

«Пасля таго, як я зацікавілася цацкамі з ваты, знайшла інфармацыю, што гэта даволі старая і вядомая тэхналогія, што выкарыстоўвалася для вырабу калядных цацак з XIX стагоддзя.

Больш за ўсё, канешне, мяне ўразіў і здзівіў роспіс тварыкаў. І дасюль для мяне гэта самае складанае і цікавае ў працэсе з’яўлення фігурак з ваты, — тлумачыць Ніна.

— Адразу ж захацела сабе такія цацкі, уяўляла, якая душэўная і цёплая ялінка з імі ў мяне будзе. А так як я чалавек творчы, многае люблю рабіць рукамі, вырашыла, што трэба навучыцца ствараць іх самой».

Першую цацку Ніна зрабіла ў 2021 годзе, на яе сышло каля трох дзён. Гэта была фігурка дзяўчынкі з падарункам, цяпер яна ўпрыгожвае ялінку мамы суразмоўніцы.

«Многія цацкі, якія я стварала ў пачатку, жывуць цяпер у маіх сваякоў», — усміхаецца майстрыха.

 

Што ж патрэбна для стварэння такой цацкі?

«Гэта зусім простыя матэрыялы: гліна для вырабу тварыка, дрот для каркаса, афарбаваная вата і клейстар, які гатуецца з клею ПВА і крухмалу. Вату я выкарыстоўваю самую звычайную, з аптэкі. Набываю баваўняна-ільняную і афарбоўваю яе ўручную.

У першую чаргу я рыхтую тварыкі для цацак, з гліны, што сама застывае. Раблю гэтыя загатоўкі і размалёўваю акварэльнымі фарбамі.

Далей з дроту фармую шкілецік будучай цацкі. З дапамогай клейстару з ваты фармую цела і пакідаю сохнуць. Мацую тварык да цела і раблю адзенне, пры гэтым пакідаю загатоўку сушыцца пасля кожнага элемента. 

Калі цацка высахла, дадаю дэкаратыўныя элементы: каробачкі, шакаладкі, скрутачкі. Пасыпаю бліскаўкамі ці слюдой і пакрываю матавым лакам».

 

Ці складана навучыцца рабіць такія цацкі?

«Не складана. Асабліва, калі ёсць моцнае жаданне, якое было ў мяне, — тлумачыць Ніна. — Мне вельмі дапамог курс, на якім я атрымала не толькі веды і асновы, але і падтрымку іншых майстрых.

Вядома, спачатку можа не атрымлівацца ідэальна, але калі прыкласці трошкі намаганняў і цярпення, усё атрымаецца! Але, напэўна, нейкія здольнасці да малявання ўсё ж спатрэбяцца — для роспісу вырабаў».

 

Ніна дадае, што з ваты можна зрабіць практычна ўсё, што пажадаецца. Але яна аддае перавагу дзеткам з ваты, іх яна любіць больш за ўсё.

«Неяк у мяне прасілі зрабіць цацку па ўзоры з фота. Таксама часта просяць зрабіць паўтор цацкі, якую я рабіла.

Але тут трэба разумець, што поўнага падабенства не атрымаецца, як бы я таго не жадала. Бо кожная цацка ствараецца і распісваецца рукамі, а не на канвееры.

Мне падаецца, у кожнай з іх свой характар, — усміхаецца Ніна. — Пакуль я не рабіла штось зусім незвычайнае, шалёнай ідэі пакуль не маю. Адзінае — у гэтым годзе планую зрабіць вялікага Дзеда Мароза і Снягурку пад ялінку».

Чытайце таксама:

«Мілы напамін». У інтэрнэт-крамах прадаюць ёлачныя цацкі ў выглядзе сцягоў — чырвона-зялёнага і расійскага

«На Новы год будзем прыбіраць уласную жывую елку!» Мужчына са Светлагорска вырошчвае кіпарысы з «трафейнай» шышкі 

«Замест анёлаў — чырвонаармейцы, замест Віфлеемскай зоркі — савецкая пяціканцовая». У Гродне адкрылася выстава старых ёлачных цацак

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?