Міжнародныя цягнікі з Беларусі ходзяць толькі ў адну краіну: у Расію (плюс транзітам праз Літву — у Калінінградскую вобласць), і сёлета сітуацыя не зменіцца. Так што сустракаць Новы год будзем альбо ў цягніку, які ідзе ва ўнутрырэспубліканскіх маршрутах, або ў цягніку, які едзе ў Расію.

Масква

Цягнік №028 Брэст — Масква адпраўляецца ў 23:55 — гэта значыць, Новы год наступіць, калі вагоны яшчэ будуць ехаць дзесьці ў раёне вуліцы Леніна і Партызанскага праспекта. Тут не паспееш ні гарбаты ўзяць, ні курыцу распакаваць.

А вось цягнік №002 Мінск — Масква адпраўляецца ў 22:20 — да моманту наступлення Новага года ўжо можна і ялінку ўпрыгожыць, і закуску па століку раскласці, і з кампаніямі з іншых купэ перазнаёміцца.

Квіток на навагоднюю паездку ў плацкарце каштуе ад 158 рублёў, у купэ — ад 233 рублёў, у СВ — 459 рублёў. Месцаў яшчэ хапае.

Найбліжэйшы пасля старту прыпынак — у Оршы: у 00:35. А сам прыход Новага года, зыходзячы з гэтага, наступіць дзесьці ў раёне Талачына, яшчэ на беларускім баку, вядома. У Маскву састаў прыедзе ў 08:15, правёўшы ў шляху без пяці хвілін дзесяць гадзін. Можна нават паспець паспаць пару гадзінаў.

Санкт-Пецярбург

З Мінска ў Санкт-Пецярбург 31 снежня ідуць два цягнікі. Прычым з Мінска яны адпраўляюцца толькі з розніцай у гадзіну.

Так, цягнік №680 Гродна — Віцебск з прычапнымі вагонамі да Санкт-Пецярбурга выязджае з Мінска ў 17:36. Квіток у плацкарце каштуе 152 рублі, у купэ — 194 рублі. Новы год гэты цягнік застане ў Віцебску падчас перапрычэпкі, якая працягнецца больш за паўтары гадзіны. Адправіцца састаў з Віцебска ў 0:17 і прыбудзе ў Санкт-Пецярбург у 09:54, правёўшы ў дарозе ад Мінска 16 гадзін і 18 хвілін.

Цягнік №052 Брэст — Санкт-Пецярбург выязджае з Мінска ў 18:42. Цэны такія ж, як у цягніку, разгледжаным вышэй, толькі яшчэ дадаецца вагон СВ за 388 рублёў.

У 23:32 цягнік пакідае апошнюю беларускую станцыю Гарадок, а ў 00:32 ужо прыязджае ў Невель. Такім чынам, Новы год наступіць дзесьці незадоўга да беларускай памежнай станцыі Езярышча, дзе цягнік не спыняецца.

Адлер

У паўднёвы курорт Краснадарскага краю цягнік 31 снежня не ідзе. Але не трэба хвалявацца: з канца ў канец састаў знаходзіцца ў шляху амаль двое сутак, так што можна выехаць на дзень раней — і ўсё роўна заспець змену месяцаў і гадоў прама ў вагоне.

Цягнік №302 Мінск — Адлер выязджае з Мінска 30 снежня ў 11:21 і канец гэтых сутак застае паміж Бранскам і Варонежам. А потым яшчэ суткі ў шляху — і роўна апоўначы 31-га снежня цягнік ужо едзе па Растове, дзе і спыніцца ў 00:04 на 20 хвілін. Ну а потым яшчэ роўна палову дня — і вось вы ўжо ля мора ў Адлеры. Квіток да канчатковай станцыі ў плацкарце ад 356 рублёў, у купэ — 501 рубель.

Па Беларусі

Брэст

З дзесяці цягнікоў, што адпраўляюцца 31 снежня з Мінска ў Брэст, толькі адзін адпраўляецца ў ноч: №657 Полацк — Брэст. З Мінска ён выязджае ў 22:55 і ідзе да аблцэнтра амаль 9 гадзін, бо праз Лунінец. Плацкартны білет каштуе 22 рублі, купэйны — 31 рубель. Роўна апоўначы цягнік будзе на ўскраіне Стаўбцоў, каб праз 4 хвіліны зрабіць тут кароценькі прыпынак. У Брэст цягнік прыбудзе ў 07:41.

Віцебск

У Віцебск у апошні дзень снежня з Мінска выедуць 6 цягнікоў. З іх таксама толькі адзін дазваляе злавіць Новы год пад грукат колаў. Цягнік №625 Мінск — Віцебск выязджае са сталіцы ў 21:42 і прыбывае ў паўночны горад у 06:41. Новы год наступае пасля Вілейкі, недалёка ад станцыі Княгінін. Квіток у плацкартны вагон каштуе 19 рублёў, у купэйны — 26 рублёў.

Гродна

У Гродне таксама стартуюць шэсць цягнікоў, і адразу два робяць гэта позна ўвечары з розніцай у 25 хвілін. І калі цягнік №634 Камунары — Гродна да 00:00 яшчэ не паспее выехаць за МКАД (адпраўляецца з Мінска ў 23:52), то на цягніку №631 Гомель — Гродна можна ад'ехаць далей. Змена года дагоніць вас у вагоне дзесьці ў раёне Фаніпаля. Плацкартны білет каштуе 19 рублёў, купэйны — 26 рублёў.

Магілёў

Чатыры цягнікі запланаваныя на 31 снежня ў Магілёў, з іх адзін — ужо знаёмы нам, але той, што ідзе ў адваротны бок, №634b Гродна — Камунары — адвязе вас у змену гадоў. Адпраўленне з Мінска ў 23:05. Новы год застане вас незадоўга да Смалявічаў.

Квіток у агульны вагон каштуе 10 рублёў, у плацкартны — 16 рублёў, у купэ — 22 рублі.

Клас
2
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2