Па сутнасці, гэта ўсім вядомы бодзі-арт — від мастацтва, у якім палатном для мастакоў служыць цела чалавека. Сама назва гэтага праекта кажа, што тут няма ніякіх рамак.

Галоўная гераіня называе гэта зразумелым словам — «беспредел», а дапамагаюць яго стварыць вядомыя ў Магілёве дзеячы мастацтва: мастакі Вадзіс Красоўскі і Аксана Красніцкая, Ірэн Лосева, фатограф Васіль Малінін. Магчыма, гэты спіс папоўніцца і іншымі майстрамі.

Плюс да ўсяго, у ролі мастака выступае таксама і сама мадэль. Дзіўна, але яна ніколі не думала раней, што возьме ў рукі пэндзаль нароўні з сапраўднымі прафесійнымі мастакамі.

Але выйшла так: майстры распісваюць яе цела, як бачаць яны. Фатограф здымае на камеру. Потым гэтыя фота раздрукоўваюцца, а далей — Айрыс дапрацоўвае творы з дапамогай фарбаў ужо так, як бачыць іх сама.

«Голае мастацтва», з аднаго боку, можа здзівіць або шакаваць непадрыхтаванага беларуса. Менавіта таму пакуль што старонка праекта ў інстаграме часова «пад замкам». Сайт Magilev.by выступіў толькі ў ролі нейкай «замочнай адтуліны», праз якую можна падгледзець, што там адбываецца.

І адразу можна адзначыць — нічога такога, што можна было б убачыць у фільмах «для дарослых». Тут толькі творчасць.

Цела чалавека — само па сабе твор мастацтва, вось толькі ўбачыць гэта можа не кожны. А мастакі з дапамогай фарбаў дапамагаюць убачыць нам, простым смяротным, прыгажосць, якая ёсць у звычайным чалавеку з усімі яго заганамі, недахопамі, праблемамі, эмоцыямі, пачуццямі.

Айрыс марыць, што «беспредел» выйдзе за рамкі інтэрнэту жыўцом, калі ўсе будуць да гэтага гатовыя. Магчыма, з'явіцца галерэя, дзе можна будзе праводзіць перформансы, танцаваць і маляваць, дзе складуцца разам адразу некалькі відаў мастацтва.

У гэтым праекце галоўны персанаж — Айрыс. Нягледзячы на ўсе перыпетыі, якія адбываліся ў яе жыцці, яна не зламалася, знайшла сябе і стала такой жа яркай ўнутры, як і звонку.

Проста як на ўсіх гэтых фота. Калі б яна не прайшла той складаны шлях, які падрыхтаваў для яе лёс, не было б яе такой, не было б гэтага праекта.

Дзяўчына расла ў беднасці, дзякуючы ёзе справілася з залежнасцямі: алкагольнай, тытунёвай і харчовай, да якіх не вяртаецца ўжо шмат гадоў.

«Я расла, як кусцік пад акном»

Сям'я Ірыны жыла, па яе словах, па-жабрацку. Грошай хапала ў найлепшым выпадку на ежу. Вопратку мама купляла не такую, якую хацелася б юнай дзяўчыне, каб падкрэсліць сваю жаноцкасць, а тую, на якую хапала грошай: дзіцячую, мехаватую, недарэчную.

«Я расла, як кусцік пад акном, які палівалі — і ён рос», — вобразна апісвае сваё дзяцінства Айрыс. — Нават на выпускны пасля 9 класаў мне страшна было сказаць маме, што я ўжо дарослая і мне патрэбна іншае адзенне.

Туфлі пайшлі глядзець у дзіцячы аддзел, а ў нас у класе дзеўкі ўжо чолкі-чубкі лакам залівалі, вусны фарбавалі. Сукенку купілі зялёную з белымі ўстаўкамі — жудасна. Ну, не было ў нас грошай нешта прыгожае купіць. Але я апранула яе і пайшла. Тады было такое паняцце: бацькі далі — прымай. Гэта былі цяжкія часы, калі ўсе чаўночылі. Мама нейкія спадніцы шыла, ездзіла ў Смаленск, прадавала. Я не крыўдую на сваіх бацькоў. Менавіта дзякуючы гэтаму я стала той, якая я цяпер».

«Мне хацелася маляваць і танцаваць»

«З малых гадоў мне хацелася маляваць і танцаваць, — працягвае жанчына. — Гадоў у 14 я прыйшла ў ДК «Хімвалакно» на танцы. Прыходжу: высокая, худзенькая, гнуткая — пластыка была ад прыроды.

Мяне паглядзелі, убачылі, як я апранутая: у «падрыпаных» красовачках, старых штанах, маечцы. Мне сказалі: мы возьмем цябе ў асноўны калектыў, але вось столькі каштуюць туфлі, столькі каштуе сукенка… І запісалі ўсё гэта на паперку. Я выйшла з «Хімвалакна», скамячыла паперку, выкінула ў сметнік. На гэтым танцы мае скончыліся».

Маляваць таксама Ірына спрабавала. Для гэтага бацькі дзяўчынцы ўсё куплялі: ватманы вялікія, алоўкі…

«Гадоў у 12 я малявала мульцяшак усялякіх, прыроду змалёўвала. У мяне ўся сцяна была ў малюнках. Шкада, што цяпер усё гэта выкінулі».

Звязаць з танцамі або жывапісам сваё жыццё ў дзяўчыны не было і думкі.

«Я думала, што на танцы патрэбна харэаграфічная адукацыя, а каб маляваць — мастацкая школа.

Мне казалі: трэба навучыцца, тады ты маеш права кімсьці быць. Вось з-за такіх стэрэатыпаў столькі жывых арганізмаў ператварылася ў сярэднестатыстычных абывацеляў, у людзей без уласных пачуццяў, якія робяць так, як трэба, а не так, як яны хочуць.

Трэба — пайду замуж, па раскладзе дзіця — нараджу дзіця. Ты няправільна думаеш, няправільна радуешся. А хто сказаў, што трэба менавіта так?» — справядліва здзіўляецца Айрыс. —

Толькі цяпер зразумела — гэта ўсё проста лухта поўная. Хочаш танцаваць — танцуй, хочаш маляваць — малюй».

«Ну давай, будзеш шыць касцюмы для стрыптызёраў»

У школе дзяўчына была выдатніцай, пасля 9 класаў вывучылася на швачку, адпрацавала 2 гады на магілёўскай «Вяснянцы», зарабіла там сваю «маладую гіпертанію», не справілася са стрэсам, трапіла ў аддзяленне неўрозаў і сышла.

З вытворчасцю «не зраслося». У 20 гадоў засталася без працы. «Вісела на шыі» ў бацькоў. Трэба было думаць, чым заняцца. Шукаць працу прыйшла ў клуб.

«Мяне пытаюцца: «Афіцыянткай будзеш?» Не, не буду. «Танцаваць умееш?» Не ўмею. «А што ты ўмееш?» А я шыць умею. «Ну давай, будзеш шыць касцюмы для стрыптызёраў».

Там я ўпершыню ўбачыла пілон. Мне было дзіўна, як можна «лётаць» на гэтай палцы. Спачатку я проста любавалася. А потым на адной рэпетыцыі сама залезла на пілон жартам. Забаўлялася, прыкалвалася. А ў гэты час за шклом стаяў наш харэограф Таіс. Ён заходзіць: «Мамачка, а чаму мы дагэтуль не танцуем? Давай я табе ціхенька пастаўлю нумарочак». І паставіў нумар пад трэк Étienne (Guesch Patti). Я пашыла сабе касцюм, купіла туфлі на шпільцы. Гэта было дзівосна».

«Калі б тата быў жывы і пра гэта даведаўся, ён бы мяне прыбіў»

Так у жыцці дзяўчыны з'явіліся танцы. Яна пачала працаваць у барах. Тады ж з'явілася і жаданне піць алкаголь.

«У той момант у мяне не стала бацькі, — успамінае Ірына. — Калі б тата быў жывы і пра гэта даведаўся, ён бы мяне прыбіў. Я б не ведала проста, як яму пра гэта сказаць. 

Маме то падабалася, што я прыходжу і прыношу па 150 баксаў. Купляла шмоткі… Я проста не разумела, што я ствараю. Як ішло, так ішло.

Потым я паехала ў Бахрэйн на працу ў бары. Але там не спадабалася і я выжывала толькі за кошт таго, што, зноў жа, дапамагала камусьці нешта прышыць, падшыць. Тады ж стала больш цыгарэт, больш алкаголю, ежа. Пачалася харчовая залежнасць — кінулася ва ўсе цяжкія. У мяне не было мяжы нідзе».

Пасля Бахрэйна Магілёў здаваўся дзяўчыне занадта цесным і маленькім і яна адправілася шукаць лепшага жыцця ў Дубай. Узялі яе ў калектыў спявачкай, дзе яна і пазнаёмілася з будучым бацькам сваёй дачкі. Ён піў, а Ірына піла разам з ім. Калі зацяжарала, алкаголь на час скончыўся, але з'явіўся зноў пасля родаў. У 27 гадоў адмовіла нырка і тады дзяўчыну спрабавалі ратаваць і «выцягваць».

«Лапо Нэла Станіславаўна — вельмі добры доктар, тады выцягнула мяне. Але потым у мяне адбыўся зрыў і тады мяне ўжо ніхто не выцягваў. Было немагчыма.

Я піла сама з сабой, дома. Мама знаходзіла пустыя бутэлькі, ужо дзіця разумела, што ягоная маці алкагалічка. Як з гэтага выйсці было, я не ведала.

А я і не думала, што гэта дрэнна. Алкаголь заўсёды быў у маім жыцці. Мне ніхто не казаў, што гэта дрэнна, на святы на стале заўсёды нешта было. Я думала, што ўсе п'юць — і гэта нармальна. Я ведала, што ёсць алкаголікі, але не задумвалася, што мяне туды зацягне. Я цяпер успамінаю і мне сорамна перад самой сабой, як я ў канавах ляжала.

Добра, што тады не было побач кагосьці, хто мне наркату б падсунуў. Я б падсела. Я спрабавала ўсё. Я не разумела, хто я ёсць, я сябе шукала. Алкаголь даваў мне свабоду. Я танцавала і мне здавалася, што я ледзь не каралева.

Я не патрэбна бацькам, нікому не патрэбна. А тут — я выходжу на сцэну, я ўсім патрэбна, мне пляскаюць. І пад алкаголем, здавалася, мне лягчэй, што я разняволеная, што я лепш танцую — карацей, лухта ўсялякая».

«Дзякуючы ёзе я перастала піць»

Цяпер то жанчына разумее, што алкагалізм — гэта хвароба.

«Гэта хвароба! Гэта ж страшная штука! А жаночы алкагалізм — наогул. Залётнікаў у мяне быў натоўп. Замежнік. Я танцую, прыгожая, са мной весела, але я піла. І калі хтосьці адэкватны з'яўляўся, ён разумеў, што я алкагалічка, што мяне трэба паволі «зліваць», таму што толку з мяне не будзе. Але гэта я потым толькі зразумела. Гэта скончылася дзякуючы ёзе і новаму мужу».

Муж у Ірыны з'явіўся ў прамым сэнсе выпадкова. У яе на той момант былі адносіны ў Дубаі з вельмі заможным мужчынам. Але бацькі ажанілі яго з іншай. На злосць яму Іра адкрыла скайп і напісала першаму хлопцу ў спісе сваіх кантактаў, які патрапіў пад руку, прыхільніку з рэстарана, і прапанавала ажаніцца. А ён узяў і пагадзіўся.

«Гэта было незразумела што. Вяселле было, а сям'і не было, — усміхаецца жанчына. — Пазней мы развяліся, але ён дапамог мне ў той перыяд.

Мне вельмі хацелася займацца ёгай. Мяне чамусьці туды цягнула. І мы з ім сталі шукаць, дзе атрымаць адукацыю. У Маскве знайшлі школу ёгі. Я паступіла спачатку на падрыхтоўчы курс, а потым яшчэ 4 гады адвучылася.

Муж аплаціў вучобу — гэта вялікія грошы. Дзякуючы ёзе я перастала піць. Алкаголь сышоў з майго жыцця. Гэта атрымалася само сабой, без асаблівых высілкаў. Але дыплом я атрымлівала ў гарсэце, таму што мой арганізм быў цалкам зношаны. Праблемы былі ва ўсім целе і ў першую чаргу — у хрыбце».

А далей усё пайшло, як па масле…

Цяпер у Айрыс усё добра. Яна нават думае, што хтосьці дапамагае ёй звыш і называе гэта «чароўнай дарогай». Яна перагледзела сваё жыццё і да дрэннага больш вяртацца не збіраецца.

Сваім прыкладам яна хоча паказаць і іншым людзям, якія сутыкнуліся з праблемай алкагалізму, што з ёй можна справіцца і знайсці сябе ў справе, якая сапраўды падабаецца. Яна раіць усім як мага больш мець адзін з адным зносіны.

Свае поспехі дзяўчына звязвае са з'яўленнем людзей у сваім жыцці, якія дапамаглі ёй чагосьці дамагчыся, натхнялі або падказвалі нейкую ідэю. Так, за ідэю з'яўлення свайго праекта ART No Limit яна ўдзячная мастакам і ў першую чаргу Вадзісу Красоўскаму. Гэта ён напісаў у агульны чат свайго «Пагружэння», што можна было б правесці ЭраФэст (фестываль эратычнага мастацтва).

І з гэтага моманту Айрыс загарэлася. У дыялогу з фатографам Васілём Малініным нарадзілася назва. А далей усё пайшло, як па масле… Пэндзлі, фарбы… і палатно — голае цела Айрыс.

«Кожную раніцу я прачынаюся, абліваюся вадой і хаджу па хаце голая, пакуль не абсохну — мне камфортна. Мне дыхаць так лягчэй. Так прачынаецца маё цела. Чым менш адзення, тым лепш».

На пытанне, хто такая Айрыс цяпер — мадэль ці мастачка, дзяўчына адказвае адназначна — мастачка.

Чытайце таксама:

«Шуфляда поўная, але каму гэта і куды?» Пісьменніца расказала пра шчасце, мукі творчасці і запаветныя мары

Старшыня Саюза мастакоў расказаў, колькі творцаў з'ехала і чаму не зрабілі выставы пра падзеі 2020 года

Прыбралі з музея, бо людзі працягвалі на яго маліцца. Выкупленыя беларусамі эскізы праліваюць святло на невядомы раней абраз з Чырвонага касцёла

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?