Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

«Начальнік напісаў, што я «выбіраю еўрапейскія каштоўнасці»

З 2020 года Аляксандр называе сябе іншым іменем — Леў. Менавіта так яго цяпер ведае блізкае атачэнне, таму ён ужо звык да яго. Таму Аляксандр папрасіў так яго называць і праваабаронцаў.

Да ліпеня 2020 года Леў працаваў следчым, але сышоў з органаў пасля сканчэння кантракту. Пры гэтым у вольны час ён наведваў шмат мерапрыемстваў, якія ў Беларусі лічыліся апазіцыйнымі, напрыклад, святкаванні Дня Волі ці канцэрты адпаведных музычных гуртоў.

У апошні год Льва падвысілі на працы — перавялі ў вобласць. Яму падабалася там працаваць, ён нават задумаўся аб працягу кантракту, але вясна 2020 года дала яму надзею на перамены ў краіне, і ён звольніўся.

«Увесь час працы следчым я думаў, што ўсё ж такі гэта не маё. Напачатку 2020 года я зразумеў, што ніякіх зменаў не будзе. Але ў траўні нечакана пачаліся палітычныя і сацыяльны змены ў грамадстве. Вось тады я і зразумеў, што кантракт у следчых органах я працягваць не буду.

Хаця ў маім атачэнні сярод калегаў не было заўзятых лукашыстаў —гэта былі дасведчаныя юрысты, годныя і адукаваныя людзі. Хаця час паказаў, што напэўна, маё стаўленне да іх было занадта пазітыўным. Але такое маё ўспрыняцце было тады».

Былы следчы распавядае, што калі дазволілі Brutto ў Беларусі, то ён наведаў усе іх канцэрты па ўсёй краіне.

«На ўсе канцэрты я хадзіў з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта было цікава: праца — у дзяржаўных органах, жыццё — на такіх мерапрыемствах. Заўсёды баяўся, што мяне могуць затрымаць праз гэта. Але такое жыццё мяне зрабіла больш аб'ектыўным у сваіх поглядах, я разумеў розныя працэсы ў грамадстве».

Але праз удзел у такіх мерапрыемствах у следчага ўсё ж такі былі праблемы на працы:

«Падаецца, у 2018-м годзе я пісаў тлумачальную праз удзел у канцэрце Dzieciuki — праз тое, што патрапіў на фота «Бінокля». Маё фота змясцілі на галоўную матэрыяла — гэта заўважыў пракурор раёна.

Таксама на адным з фотаздымкам быў побач з нацыянальнымі сцягамі — «займаў актыўную пазіцыю», так бы мовіць. Як мне тады распавёў кіраўнік, пракурор даслаў гэта фота старшыні Следчага камітэта, а той распачаў праверку па мне.

Ён прапанаваў мне «пакаяцца» і выбачыцца, а таксама напісаць рапарт на звальненне. Я адмовіўся гэта рабіць тады, бо я сваімі дзеяннямі не здзейсніў ні адміністрацыйнае, ні крымінальнае правапарушэнне. Праверка сапраўды адбывалася. Мяне выклікалі ў УСБ на размову. Вынікам праверкі стала вынясенне «папярэджання».

У сваіх тлумачэннях па праверцы мой начальнік напісаў, што я «западнік», «выбіраю еўрапейскія каштоўнасці», «з'яўляюся прадстаўніком апазіцыйнага ўплыву» і г.д. Але мне насамрэч вельмі падабаецца гэтая характарыстыка, бо яна сапраўды пра мяне, толькі пад савецкім лоскам».

«Атрымлівалася рабіць ідэалагічную працу ў органах»

Напрыканцы ліпеня 2020 года з'явілася інфармацыя пра тое, што ў краму «Князь Вітаўт» у Брэсце прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі крымінальнай міліцыі). Гэта абурыла Льва:

«Памятаю, я прачытаў гэтую навіну на абедзе ў Следчым камітэце. Галоўная прэтэнзія была да цішотак з аўтазакам і подпісам Welcome to Belarus. Супрацоўнікі абгрунтоўвалі гэта тым, што нібыта такая выява псуе імідж краіны.

Тады я, спасылаючыся на заканадаўства, напісаў шэраг контраргументаў на гэта і прынёс гэтую паперу ў краму. Я перадаў гэта дырэктару як ад ананіма, каб ён змог абараніць сябе. Бо гэтая крама — вельмі важны досвед для берасцейцаў.

Бо памятаю, як у 2013 годзе прыходзілася амаль таемна набываць у Мінску вокладку для пашпарта з «Пагоняй». А тут ужо адкрыта прадавалі прадукцыю з нацыянальнай сімволікай. І я тады вырашыў, дапрацоўваючы апошнія дні следчым, што мой абавязак — іх хоць неяк падтрымаць». 

Хаця, як адзначае былы следчы, сярод яго калегаў было шмат людзей, якія ўсё разумелі:

«Памятаю, як падчас прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе мой калега сказаў, што «баба ніколі не можа быць прэзідэнтам». Гэта было пра Таццяну Караткевіч. Але замест крытыкі ягоных словаў я тады параіў яму паглядзець дэбаты, пасля якіх ён змяніў сваё меркаванне.

Ён сказаў, што яна яму спадабалася, і нават паказаў дэбаты сваім родным. Вынікам стала тое, што ён і ўся ягоная сям'я прагаласавалі за Таццяну Караткевіч.

Тады я зразумеў, што людзям трэба паказваць альтэрнатыву без крытыкі і гвалту. Вось такую ідэалагічную працу ў мяне атрымлівалася рабіць у праваахоўных органах». 

Леў яшчэ заспеў пачатак выбарчай кампаніі падчас працы ў дзяржаўнай структуры. Ён узгадвае, што на той час постаць блогера Сяргея Ціханоўскага не была такой цікавай і папулярнай сярод яго калегаў, як банкіра Віктара Бабарыкі.

«На яго ўсе рабілі стаўкі. Кампанія Ціханоўскага была пабудавана на крытыцы, а ў Віктара Бабарыкі ўсё ж такі былі канструктыўныя прапановы, ён быў больш зразумелы для маіх калег».

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

«Прадпрымаў столькі мер бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу»

Пасля звальнення Леў ужо актыўна далучыўся да пратэснага руху Беларусі, за што неаднаразова трапляў пад пераслед. Упершыню яго затрымалі восенню 2020 года ў Мінску на праўладным мітынгу:

«Мы з сябрам вярталіся з музея, калі ўбачылі на вуліцы Валадарскай, як з некалькіх аўтобусаў высаджваюцца людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі. Мы пачулі, як адзін з іх сказаў: «Ну, Фёдаравіч, затое бясплатна ў Мінск з'ездзілі». Нам стала цікава, і мы пайшлі з гэтай калонай.

Гэта быў панядзелак. Мы прайшлі праз Марш пенсіянераў — я ім падзякаваў і пайшоў далей з праўладнай калонай. Я думаў, што мітынг «ябацек» — самае бяспечнае для мяне месца, і я нават не дапускаў думкі, што там мяне могуць затрымаць.

Памятаю, прыехала шмат аўтобусаў з нумарамі з усіх абласцей, але людзей на плошчы Незалежнасці ўсё адно няшмат назбіралася. Я адкрыта ўсё фатаграфаваў і здымаў на тэлефон. Да нас падышлі па каментар журналісты «Анлайнера», але мы адказалі, што мы не тыя, хто ім патрэбны.

Праз нейкі час за спінай я пачуў ад кагосьці: «Не нашыя». Калі мы вярталіся з мітынгу, то ў пераходзе нас ужо чакалі міліцыянты. Нас акружылі некалькі чалавек і сказалі, што мы вельмі падобныя на людзей, якія знаходзяцца ў вышуку. Я зразумеў, што гэта проста нагода, каб нас затрымаць.

У РУУСе ўчастковы не ведаў, што пісаць у пратакол, бо сітуацыя дзіўная — затрыманне на праўладным мітынгу. Акрамя гэтага, я яму паказваў фота з чырвона-зялёным сцягам — сфоткаўся дзеля прыколу, а потым гэта стала маім доказам.

Першы час мне было смешна з гэтай сітуацыі, бо на іншых акцыях я прадпрымаў столькі мераў бяспекі, а ў выніку затрымалі на праўладным мітынгу».

Праз некаторы час за Львом прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКа, у тым ліку сумнавядомы Іван Тарасік. Ён быў з начальнікам у балаклаве, узгадвае берасцеец. У РУУСе з ім спрабавалі зняць «пакаяннае» відэа:

«Але на камеру я сказаў толькі сваё імя, прозвішча і тое, што я незаконна затрыманы і адмаўляюся сведчыць супраць сябе паводле арт. 27 Канстытуцыі. Губазікавец, які здымаў гэта, сказаў: «Ну я не магу гэта начальніку паказаць».

Тады Тарасік сказаў, што прыйдзе да мяне на Акрэсціна, але гэтага не адбылося. Тады на судзе я ўбачыў упершыню, як суддзі свядома парушаюць правы. Памятаю, я кажу Таццяне Мотыль пра фотаздыкі з праўладнага мітынга, а яна запытваецца: «Вы можаце паказаць іх?» Я ёй кажу, што я затрыманы, знаходжуся цяпер на Акрэсціна, а тэлефон — у РУУСе. Але гэта не стала для яе аргументам і яна вырашыла, што я не магу даць доказы.

Памятаю, я гляджу праз Skype на гэту Мотыль і разумею, што калі б ёй сказалі расстраляць чалавека — яна б гэта зрабіла. Бо яна ўпэўнена рабіла выгляд, што не разумее маіх юрыдычных аргументаў».

Вынікам працэсу сталі 13 сутак адміністрацыйнага арышту, якія былы следчы адбываў на Акрэсціна і ў жодзінскай турме.

«Калі сядзеў у камеры ў Жодзіне, то разумеў, якая навокал склалася сюррэалістычная карціна. Са сваімі сукамернікамі — навукоўцам і хірургам — мы чулі, як раніцай і днём за дзвярыма праходзяць суды, увечары па гэтым калідоры на электрасамакаце ездзяць прадольныя, а потым нам уключаюць тэлеканал «СПАС» і праграму пра Святога Луку.

Калі начальнік ІЧУ на Акрэсціна дазнаўся, што я былы следчы, то прыйшоў пазнаёміцца. Ён выклікаў мяне з камеры, запытаў, дзе мяне затрымалі, а потым сказаў нешта пра здрадніка і сышоў».

«Пераходзіў дарогу на светлафоры, як з буса выскачылі людзі ў масках» 

Другі раз Льва затрымалі праз некалькі месяцаў у Брэсце падчас дваровага чаявання. Яшчэ 15 сутак ён адбыў у брэсцкім ІЧУ. 

«Пасля масавых пратэстаў мы паспелі зрабіць некалькі дваровых акцый. Мяне затрымалі супрацоўнікі АМАПа пасля такой акцыі».

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

У студзені 2021 года, калі міліцыянты прыйшлі да Льва па месцы рэгістрацыі і па месцы жыхарства, Леў 10 месяцаў не жыў дома: начаваў у знаёмых і нідзе не працаваў, каб зноўку не падпасці пад пераслед. Але пры гэтым ён усё адно працягваў хадзіць на суды і пісаць лісты палітзняволеным, хоць не жыў дома. Леў узгадвае, што ў яго за ўвесь гэты час нават думкі не было, каб з'ехаць з Беларусі.

Трэці раз, 2 лістапада 2021 года, берасцейца затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). За пару дзён да гэтага па месцы ягонай рэгістрацыі прыходзіў АМАП, але ён тады ўсё роўна не з'ехаў.

«Раніцай я правёў сябра, які з'язджаў з Беларусі, і вяртаўся з вакзала дадому. Тады быў апошні раз, калі я цвёрда вырашыў, што нікуды не паеду. Я пераходзіў дарогу на святлафоры на ажыўленым перакрыжаванні, як з буса выскачылі людзі ў масках і, заламаўшы, павялі мяне ў машыну.

Я тады не напужаўся, але ў галаве круціліся дзіўныя думкі: «Я ж лозунгі не крычаў апошнім часам…» Таксама я ўладкоўваўся на працу ў вядомае спартовае СМІ, таму хваляваўся, што праз дзве гадзіны не патраплю на сумоўе і падвяду чалавека.

У машыне мяне пасадзілі на сядзенне і ціснулі на спіну, каб галавой я быў на ўзроўню падлогі — каб я нікога з іх не пабачыў.

У бусе ў мяне прасілі прадставіцца, але я маўчаў. На гэта адзін з тых, хто рабіў затрыманне, запытаў: «Александр, чего ты молчишь?» Тады я сказаў, што лічу іх бандытамі, бо яны пад'ехалі знянацку і зацягнулі ў машыну ў масках, і папрасіў адразу прадставіцца іх. Гэты чалавек сказаў, што ён оперупаўнаважаны РАУС Маскоўскага раёна Брэста, і дадаў, што я падазраваны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Мне было смешна, што затрымліваць мяне прыехалі ажно сем чалавек! Хаця, калі я працаваў следчым, памятаю, як міліцыянты не хацелі кагосьці затрымліваць і прыходзілася ледзь не ўгаворваць іх. Памятаю, як адзін падазраваны па гвалтоўным артыкуле кідаўся на нас, а міліцыянты ў мяне ўсё перапытвалі: «Сапраўды яго затрымліваць?» 

«Супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калегаў, што я ўдзельнік Bypol»

Адразу пасля затрымання з берасцейцам ніякіх следчых дзеянняў не праводзілася яго аднаго змясцілі ў камеру. Але праз два дні яго прыйшлі два супрацоўнікі КДБ, якія запытваліся яго пра ўдзел у Bypol аб'яднанні былых супрацоўнікаў сілавых структур. У час «размовы» рукі Льва ўвесь час былі закаваныя ў кайданкі за спінай.

«Памятаю, як у 2020-м адзін з аднакурснікаў пажартаваў па тэлефоне са сваім калегам, што я быццам у Bypol — пасля гэтага іх паставілі на праслухоўку. У сакавіку 2021 года да яго прыйшлі з ператрусам, а пасля прапанавалі зладзіць са мной неафіцыйную аператыўную сустрэчу.

Я не камунікаваў з ім ужо доўгі час і з Bypol таксама не быў звязаны. Было б дзіўна, калі б ён пачаў са мной знянацку размаўляць, таму нічога не атрымалася. Але супрацоўнікі закінулі інфармацыю да маіх калегаў, што я ўдзельнік Bypol. Таму, калі я сустракаў апошніх на вуліцы ў Брэсце, яны мяне баяліся. Думаю, гэта было зроблена спецыяльна».

Супрацоўнікі КДБ пагражалі былому следчаму за ўдзел у Bypol крымінальнай справай паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве).

«Я казаў, што ў гэтым плане «я чысты». Тады яны пачалі са мной гуляць у «злога і добрага паліцэйскага». Казалі, паглядзець, кім я стаў пасля звальнення са следчых органаў: што нідзе не працую, жыву на выпадковыя грошы, а там у мяне быццам было ўсё.

Калі яны ўбачылі, што пра Bypol я нічога не кажу, то пачалі пужаць, што распаўсюдзяць плёткі ў турме, што я гей і «адправяць мяне па камерах, як былога супрацоўніка». Калі яны пачалі зняважаць мяне, я сказаў, што больш з імі размаўляць не буду». 

«Калі мяне кінуць у камеру да вязняў з «нізкім сацыяльным статусам», каб я зубамі разгрызаў сабе вены» 

Пастанову аб заключэнні пад варту былому следчаму ўручылі акурат на яго Дзень народзінаў 11 лістапада.

«Гэта было невыпадкова, бо час магчымага затрымання ў мяне заканчваўся толькі на наступны дзень. Таксама доўгі час да мяне не прыходзілі. Гэта на мяне не ціснула, я толькі пасмяяўся, як нізка яны зрабілі.

За ўвесь час утрымання за кратамі ў мяне, акрамя «размовы» з кадэбэшнікамі, быў яшчэ адзін допыт, дзе я толькі назваў свае асабістыя даныя і пералічыў працэсуальныя парушэнні, якія назбіраліся да таго часу.

Потым я сказаў, каб допыт працягваўся ў выглядзе пытання-адказу. На кожнае пытанне я адказваў артыкулам 27 Канстытуцыі. Так я зразумеў, што ў іх ёсць на мяне — нічога. Следчы спадзяваўся, што я распавяду штосьці на сябе».

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

Так Леў апынуўся ў брэсцкім СІЗА. Там яго адразу завялі да оперупаўнаважанага, які нібыта вучыўся на год раней яго, але былы палітвязень яго не памятае.

«Ён сказаў звяртацца да яго, калі будуць нейкія праблемы ў камеры. Але я расцаніў гэта як магчымую правакацыю і вырашыў, што так не трэба рабіць ні пры якіх абставінах.

У камеры галоўны вязень у мяне адразу запытаў: «А ты можаш сябе абараняць? Ну, калі што, я магу і е*ала зламаць. Так пачаўся мой першы дзень у СІЗА. Але надалей усё было нармалёва.

Гэты галоўны сядзеў за вымагальніцтва — грошы з чачэнцамі вымагалі. Ён празваў мяне Робін Гудам, бо я абараняў палітычных ад яго. Ён паводзіў сябе ў манеры 90-х.

Я думаю, што мяне спецыяльна кінулі да яго ў камеру. Але я да калоніі нікому з сукамернікаў не казаў, што я былы следчы. Я разумеў, што мяне слухаюць [супрацоўнікі] ў камеры. І калі мяне неяк выклікаў опер да сябе, то ён сказаў: «Ну так, Вы нікому не прызналіся, што Вы былы супрацоўнік структур».

У першыя дні ў СІЗА мне адразу ўляпілі два парушэнні [за тры парушэнні змяшчаюць у карцар] і выклікалі з рэчамі на выхад. Усе вельмі здзівіліся, а адзін палітычны сукамернік падышоў і сказаў, што, калі мяне кінуць у камеру да вязняў з «нізкім сацыяльным статусам», каб я зубамі разгрызаў сабе вены, бо ў мяне не было «мойкі» [ляза] з сабой.

А мяне перавялі ў меншую камеру да вязняў, якія праходзілі паводле «наркатычнага» арт. 328 Крымінальнага кодэкса. Тады я зразумеў, што мяне хочуць раскруціць на гэты артыкул, бо мае сукамернікі заўсёды размаўлялі пра наркотыкі: што і колькі ўжывалі, дзе хавалі «закладкі» і г.д. Я не ўжываў наогул, але мне было цікава паслухаць.

Дарэчы, пасля зняволення я звярнуў увагу, што ў Брэсце зафарбаваныя ўсе «пратэсныя» надпісы, нацыянальныя сцягі, а вось рэклама наркатычных інтэрнэт-крамаў — не».

«Мае праўнукі, калі ўбачаць маю справу ў архівах, будуць ганарыцца мной»

Падчас азнаямлення з крымінальнай справай Льва ўтрымлівалі ў карцары. Яго туды змясцілі на тыдзень. У карцары нельга мець пісьмовыя прыналежнасці, таму былы палітвязень не змог нармалёва азнаёміцца са справай. У СІЗА берасцейца паставілі на прафілактычны ўлік, як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

«Мне сказалі, што гэты ўлік толькі для СІЗА, але ж насамрэч ён аўтаматычна пераходзіць у калонію, а потым — калі ты ўжо вызваліўся перацякае на два гады ў прафілактычны надгляд.

У Віктора Гюго ў «Адрынутых» ёсць гісторыя пра жоўты пашпарт, які галоўнаму герою выдаюць пасля катаргі. Па гэтым жоўтым пашпарце ў Францыі ён нікуды не мог патрапіць. Ён толькі паказваў свой пашпарт — яго адпраўлялі далей. Гэта вельмі падобна на нашу жоўтую бірку.

Потым у калоніі па жоўтай бірцы мы маглі ідэнтыфікаваць палітвязняў. Часам здавалася, што нам прасцей было з ёй праз гэта, бо адразу ты бачыў жоўтую бірку, потым глядзеў на артыкулы і можна было паразмаўляць з чалавекам.

Таксама добра, што яны не хаваюць, а адкрыта цяпер пазначаюць людзей, бо гэта ж тая самая зорка Давіда. У Трэцім рэйху таксама гэта было законна паводле нарматыўных актаў. Але ў будучыні такому закону будзе дадзена прававая і, што больш важна, маральная ацэнка».

Што характэрна, крымінальную справу супраць Льва вёў яго аднакурснік Латышэвіч.

«Калі я запытаў у яго, ці лічыць ён мяне злачынцам, ён сказаў, што не можа адказаць мне на гэтае пытанне. Потым дадаў: «Ну ты же всё понимаешь». Я тады яму на гэта сказаў, што час расставіць усё па сваіх месцах: тое, што ён добры хлопец, у матэрыялы справы не пакладзеш, а подпіс пад фальсіфікаваным абвінавачваннем — так. Думаю, мае праўнукі, калі ўбачаць маю справу ў архівах, будуць ганарыцца мной, а вось яго — не».

Берасцеец дзеліцца, што ніводнага разу не пашкадаваў, што далучыўся да пратэснага руху і падтрымліваў усё беларускае.

«Калі аналізаваў свой 2020-ы, то цікава атрымлівалася: пачынаў яго як следчы, да якога ў сістэме ўсе добра ставяцца, а скончыў двума затрыманнямі і «суткамі» на Акрэсціна, Жодзіне і Брэсце. Такі розны 2020-ы… А ў 2021-м я ўжо пазітыўна ўспрыняў тое, што мяне адправілі ў СІЗА — я мог спакойна кнігі пачытаць ды не думаць, дзе ўзяць паесці».

«Справу карагодаў» прыдумалі, каб задушыць пратэст у Брэсце і перанакіраваць сілы ў Мінск»

Льва асудзілі 116-м па «справе карагодаў». Ягоную крымінальную справу вынеслі ў асобную вытворчасць. Былы палітвязень распавядае, што ў яго не было надзеяў, што яго выпусцяць пасля суда, прызначыўшы пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

«Мне гэта было дзіўна — я падумаў, што мяне схаваць хочуць, бо звычайна ж пачкамі судзілі. А потым да мяне на працэс дадалі яшчэ аднаго чалавека — ён захварэў на свой суд, таму яго перанеслі. 

«Справа карагодаў» была спецыяльна заведзеная і расследавалася лёгка. Звычайна міліцыянты не вельмі добра кваліфікуюць адразу дзеянні, а тут я звярнуў увагу, што адразу ў рапарце супрацоўнік АУС кваліфікаваў паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Думаю, што гэтую справу прыдумалі, каб задушыць пратэст у Брэсце і перанакіраваць сілы ў Мінск. І, калі мяне затрымалі напрыканцы кастрычніка ў Мінску, то там я сустрэў супрацоўнікаў абласнога брэсцкага УУС. 

Калі ж паглядзець юрыдычна на яе, то таксама ўзнікае шмат пытанняў, бо ў абвінавачванні яны пішуць, што праз акцыю пратэсту не працавала KFC, напрыклад, а кіраўнік і відэа з камер назірання кажуць аб адваротным. Яны нават не пастараліся сабраць і сфармуляваць нармалёва доказы.

Я свайго следчага на суд запрашаў, але ён так і не прыйшоў. Я казаў яму, што не буду пазначаць памылкі пры азнаямленні справы, каб ён хутка іх не выправіў, а я адразу агучу ў судзе — няхай чырванее. Я гэта зрабіў у апошнім слове, каб слова апошняе сапраўды было за мной.

Было бачна, як сорамна пракурорцы, а ў суддзі пры агалошванні выраку трэсліся рукі. У яе на прозвішчы «Антанюк» аж голас прасядаў — так яна хвалявалася.

Пасля абвяшчэння прысуду яна запытала ў мяне, як належыць, ці зразумела мне ўсё? На што я сказаў: «Дзякуй за такое рашэнне — яно мяне зробіць больш цвёрдым і жалезным». Пасля гэтага, не перапытаўшы мяне, яна хутка збегла.

Яны мусяць разумець, што Лукашэнка сыдзе, а гэтыя крымінальныя справы ў такім выглядзе застануцца, усё задакументавана».

«Рыхтаваўся да гэтага — да самага цяжкага, таму прысуд я прыняў лёгка» 

Апошняе слова Леў прамаўляў каля 30 хвілін на беларускай мове. Апроч усяго, ён заявіў, што «пракурорка здзекуецца на працэсе з беларускай мовы», а таксама называла нацыянальны сцяг «бэчэбэ-полотнищем». Былы палітвязень узгадвае, як на гэта адрэагавала дзяржаўная абвінаваўца:

«Пасля агалошвання прысуду, калі ўсе сышлі з залі, яна пачала мне эмацыйна крычаць: «Я не зневажала беларускую мову». Хаця на працэсе яна любіла неяк зневажальна ўстаўляць у сказы беларускія словы, як гэта робіць Лукашэнка. Напрыклад, казала: «Ну адкажыце мне на вопрос!» І вось, калі я прайшоўся па гэтым у апошнім слове, яе гэта так эмацыйна зачапіла, што падышла да мяне і нібыта пачала апраўдвацца».

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

Палітвязень на судзе віну не прызнаў, настойваў, што справе няма доказаў ягонай віны, але яго ўсё роўна асудзілі на максімальныя паўтара года. Пры гэтым мужчыну, якога судзілі са Львом і які прызнаў віну, прызначылі два гады «хатняй хіміі».

«Але я рыхтаваўся да гэтага — да самага цяжкага, таму прысуд я прыняў лёгка. На судзе я быў у кофце LSTR «Менск». Я хацеў апрануць дзелавы касцюм, каб ва мне не бачылі зэка. Але вырашыў усё ж такі, што кофта больш практычная».

«У СІЗА, акрамя «раснічак» на вокнах, я амаль нічога не бачыў»

Былы палітвязень падаваў на прысуд апеляцыйную скаргу, хаця ведаў, што яна нічога не зменіць, але такім чынам ён хацеў больш часу затрымацца ў СІЗА.

Адбываць тэрмін берасцейца накіравалі ў «Віцьбу» калонію, якая лічыцца месцам для былых дзяржаўных служачых. Дабіраўся туды самым працяглым этапам Брэст-Гомель-Магілёў-Віцебск. Ехаў амаль два дні. Гэта адбывалася напрыканцы траўня 2022 года.

«Увесь гэты час я быў у кайданках. Нават у прыбіральню хадзіў з імі. Цікава, што людзі, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны за забойства, пры гэтым не былі ў кайданках, у адрозненне ад палітвязняў. Палітычных каментатараў вязуць у кайданках, а агрэсіўнага гандляра наркотыкамі побач — без.

Калі нас вывезлі, я быў рады, нават нягледзячы на гэтыя ўсе абставіны. Бо ў СІЗА, акрамя «раснічак» на вокнах, я амаль нічога не бачыў. Таму я з такой асалодай назіраў за людзьмі, дрэвамі, птушкамі. Я наогул люблю вандроўкі, таму мне было радасна паехаць ужо кудысьці». 

Але той этап Леў узгадвае з нейкай пяшчотай, бо, паводле яго, там ён зазнаў сапраўдную падтрымку і салідарнасць:

«Там было шмат нейкага хуткага сяброўства. Усе адзін аднога падтрымлівалі — можа, ведалі, што кожнаму трэба падтрымка. Гэта была нейкая сямейная атмасфера. Калі мы елі, то кожны дастаў, што ў каго ёсць і падзяліўся з іншымі.

Гэта былі асуджаныя па розных артыкулах — салідарнасць была сярод усіх вязняў. У Гомелі, калі мы чакалі цягнік, нас 20 чалавек пасадзілі ў камеру без вокнаў — там мы па-сяброўску дзяліліся сваімі гісторыямі.

Ведаеце, у мяне было, як у кнізе Яўгеніі Гінзбург «Круты маршрут. Хроніка часоў культу асобы» — яна ўзгадвала свой этап на поўнач, як і ў мяне.

Я таксама зазначыў тое пачуццё, калі ты праязджаеш вакзалы, гарады, а людзі ў вокнах займаюцца сваім жыццём і нават не ведаюць, што ў цягніку вязуць незаконна асуджаных, не ўсведамляюць, што гэта дзеецца тут і цяпер».

«Вясна ў калоніі ў мяне асацыюецца з холадам»

У калоніі № 3 былы палітвязень прабыў восем месяцаў і застаў усе поры году. Напрыканцы вясны Леў знаходзіўся на «каранціне».

«Цікава, што наша пляцоўка заўсёды знаходзілася ў цені. Мы выходзілі на вуліцу — паўсюль сонца, а ў нас цень. І ад гэтага было вельмі халодна. Я памятаю, што я пастаянна вельмі мёрз. Таксама я не мог памыцца, бо была халодная вада і не было часу. Таму вясна ў калоніі ў мяне асацыюецца з холадам.

Першы чалавек, які да мяне падышоў на каранціне — наркабарон з Турцыі. З ім потым я трошкі павучыў турэцкую мову. А да гэтага ў СІЗА я вучыў чачэнскую мову са сваім сукамернікам.

На каранціне мне сказалі, што другі атрад — самы дрэнны. Але я падумаў, што калі мяне туды накіруюць, то гэта будзе добра, бо там мусіць быць не так шмат «стукачоў». Так яно і здарылася. У іншых атрадах гэта праблема стаяла востра — не хаваючыся стаяць у чэргах да адміністрацыі, каб «здаць» іншых асуджаных».

«Віцьба» — вельмі каларытная калонія»

Льва вызначылі на працу на разборку металу — адну з самых цяжкіх прац у калоніі. Там ён правёў усё лета.

«На прамысловай зоне трэба было на разборцы металу здаваць норму, але гэта было немагчыма зрабіць: табе казалі сабраць 30 кг, а магчыма было толькі 10. Гэта раздражняла. І ўмовы працы там кепскія — не давалі пальчаткі і форму, таму нешта трэба было прыдумляць.

Летам было цікава, як людзі загаралі. Ведаеце, гэта выглядала, як у дакументальных фільмах пра прыроду — як цюлені вылазілі грэцца на бераг.

Летам мяне паднялі ў атрад, і калі я выйшаў у дворык, то я ўбачыў амерыканскую турму, як у фільмах. «Віцьба» — вельмі каларытная калонія, бо там сядзяць былыя чыноўнікі, сілавікі, палітвязні, замежнікі і асуджаныя з АПГ. І ўсе імкнуцца камунікаваць са сваімі.

І вось у гэтым дворыку ты бачыш людзей, якія падзеленыя на групы паасобку. І ты мусіш падысці да сваіх — у маім выпадку гэта «бэчэбэшнікі».

Памятаю, стаю ў групе, і каля нас праходзяць два чалавекі — іх абліччы мне здаліся вельмі знаёмымі. Аказалася, што гэта былы дырэктар «Мотавела» Аляксандр Мураўёў і былы начальнік службы аховы Лукашэнкі Андрэй Уцюрын — яны хадзілі толькі ўдвох.

Але салідарнасць там не залежыць ад прыналежнасці да груп. У мяне вязні адразу запыталі, чаго мне не хапае, і падзяліліся з гэтым. Напрыклад, азербайджанец даў мне зімовыя шкарпэткі, а цыган даў падкоўдранік». 

«На вуліцы было больш цёпла, чым у бараку»

Восень былы палітвязень запомніў тым, што тады пачаў ісці павольна час, а зіма ў яго асацыюецца з навагоднімі святамі:

«Я б не сказаў, што я сачыў за тэрмінам, але кажуць, што такое ва ўсіх, калі заканчваецца тэрмін. Свой час я бавіў за вывучэннем французскай мовы, чытаннем кніг, займаўся спортам, і на гэта заўсёды не хапала часу. Вельмі халодна было — на вуліцы было больш цёпла, чым у бараку. Да кастрычніка там не ўключалі ацяпленне.

Зіма ў калоніі — гэта падрыхтоўка да Новага года. На свята мы рабілі вельмі смачныя торцікі — са згушчонкай і вафлямі. Дарэчы, у калоніі вафлі называюць «печеньем в клеточку», бо вафельны торт гучыць «як завафлены торт».

Быў вельмі святочны і салідарны настрой. Праўда, палітвязня Максіма Вінярскага, з якім мы гатавалі навагоднія торты, спецыяльна кінулі ў ШІЗА. Але мы яму зрабілі асабісты торцік па вызваленні з ізалятара. Зімой мне далі «злоснага парушальніка рэжыму». Мне крыху толькі не хапіла да ШІЗА».

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

Былы палітвязень не змог адказаць на пытанне, што было самым складаным у зняволенні, бо ён да ўсяго стараўся ставіцца як да выпрабавання і ўспрымаць, як выклік:

«Я не дазваляў сабе праяўляць слабіну, бо гэта было б эгаістычна ў адносінах да іншых».

Леў адзначае, што для яго быў вельмі важны статус палітвязня: 

«Мне важна было афіцыйнае пацверджанне, што я зняволены па палітычных матывах. Каб гэта было не толькі ў маіх думках. Я ганарыўся, што стаю ў адным шэрагу з такімі годнымі беларусамі, як Эдуард Пальчыс, Віктар Бабарыка, Мікола Дзядок, Дзмітрый Дубоўскі, Максім Вінярскі і іншых.

У аўтарытарным рэжыме статус палітвязня сведчыць аб шмат чым — для грамадскасці, для сябе, для патомкаў. І для большасці, як я ўбачыў на ўласныя вочы, гэта важна. Важна адзначыць, што для супрацоўнікаў гэты статус не з'яўляецца паказчыкам і не пагаршае становішча палітвязня».

«У людзей ёсць свабода, але яны яе нібыта не цэняць і не ведаюць, што з ёй рабіць»

28 студзеня 2023 года палітвязень цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю. Былы палітвязень распавядае, што першае, што яго моцна ўразіла на волі — гэта людзі ў гарадскіх маршрутках.

«Здавалася ж, што на волі мусіць быць больш свабоды, чым у калоніі. Але першае, калі я вызваліўся, то заўважыў у маршрутках незадаволеныя твары — у людзей ёсць свабода, але яны нібыта яе не цэняць і не ведаюць, што з ёй рабіць. Я тады думаў: «Людзі, радуйцеся, што вы можаце проста ў краму схадзіць». Таксама я зазначыў тады, што ў калоніі больш супраціву, чым на волі». 

Праз паўтара месяца пасля вызвалення Леў з'ехаў з Беларусі ў Польшчу. Ён дзеліцца, што гэта было складаным рашэннем для яго:

«Я цэлы месяц вагаўся, ці з'язджаць, ці не. Але я зразумеў, што я пазначаны і не змагу нармалёва жыць. Мне не было чаго там рабіць — я толькі сеў бы яшчэ раз, напэўна».

Былы палітвязень узгадвае, калі ён выехаў у бяспечную краіну, то ўсё роўна першы час азіраўся на бусікі, якія яму нагадвалі спецтранспарт сілавікоў. Акрамя гэтага, ён доўгі час не адказваў на званкі з невядомых нумароў. 

«Нейкія меры бяспекі засталіся на падсвядомасці. Яны настолькі ўкараніліся ў наша жыццё, што цяжка ад іх пазбавіцца нават у бяспецы».

«Пусціўся ў слэм, а ў галаве былі ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА…»

Леў кажа, што ў яго няма адмоўнага стаўлення да турэмнага досведу. Але, каб цалкам аднавіцца пасля яго, былому палітвязню спатрэбіліся месяцы на рэсацыялізацыю:

«Я заўважыў, што толькі дзесьці ў кастрычніку я змог пачаць шчыра радавацца нейкім рэчам».

Пасля пераезду ў Польшчу Леў здзейсніў адну са справаў са свайго WishList пасля вызвалення (свой такі спіс ён называў «ШЗ» што зрабіць) схадзіў на канцэрт любімага музычнага гурта «Пятлі Прыхільнасці»:

«Мая любімая песня ў іх — «Груз». Памятаю, я яе спяваў у ШІЗА. Яна мяне там вельмі бадзёрыла і падымала настрой. Пад гэтую песню я думаў у ізалятары, што, калі вызвалюся, то ў мяне ўсё будзе добра, што цяпер, не так усё цяжка, а потым наогул гэта застанецца толькі ўспамінам. І гэтыя думкі мяне вельмі грэлі. І на канцэрце я пусціўся ў слэм пад «Груз», а ў галаве былі ўспаміны пра тыдзень у халодным ШІЗА…»

Былы палітвязень з усмешкай узгадвае, як яму пасля вызвалення дзяўчына падарыла цішотку гэтага гурта і паштоўку, падпісаную імі спецыяльна для Льва. На інтэрв'ю ён прыйшоў у дарагім для сябе падарунку.

«Спадзяюся, што ў нашым судзе пройдуць суды над тымі, хто сапраўды здзяйсняў злачынствы»

Леў заўважае, што пасля выезду з Беларусі ў яго з'явілася злосць на міліцыянтаў пачуццё, якога ў яго не было нават падчас зняволення. Былы палітзняволены тлумачыць гэта тым, што падчас следства ён перасякаўся з былымі калегамі і зняволенымі крымінальную справу супраць яго, напрыклад, вёў яго аднакурснік. А, калі пасля вызвалення з калоніі, яго пачалі выклікаць у інспекцыю і крымінальны вышук, то гэта яго ўжо стрыгерыла. Леў адзначае, што яму было цікава параўнаць сітуацыю з двух бакоў: з-за стала следчага і з-за кратаў.

Леў. Фота: spring96.org

Леў. Фота: spring96.org

«Гэта цікавы досвед, бо я быў і з таго боку, і з таго. Асабліва гэты момант я гэта адчуў у СІЗА. Калі следчым я прыязджаў у ізалятар, то калі сыходзіў ад абвінавачаных, то заўсёды спачуваў ім, што яны застаюцца там і не могуць сысці, гэтак жа як я.

Дарэчы, цікава, што ў мяне заўсёды было адчуванне, што я сам апынуся ў гэтым СІЗА за свае погляды. Калі бацькі сыходзілі на працу каля СІЗА, то я глядзеў на яго і быў перакананы, што я там сам апынуся. Калі пазней лавіў сябе на гэтых думках, то бянтэжыўся, бо мой план жыцця не прадугледжваў гэтыя моманты».

Берасцеец кажа, што ў будучыні, калі гэта стане бяспечна для яго, ён хоча вярнуцца ў Беларусь. У вольным Брэсце ён бачыць сябе культурніцкім актывістам ён хоча прасоўваць беларускую культуру. Таксама Леў марыць пра «брэсцкі працэс».

«Вельмі спадзяюся, што ў нашым судзе пройдуць суды не над нацыянальна арыентаванымі беларусамі, а над тымі, хто сапраўды здзяйсняў злачынствы — міліцыянты, пракуроры, суддзі пры рэжыме Лукашэнкі».

Чытайце таксама:

«ГУБАЗіК спецыяльна нагнятае сітуацыю, каб напалохаць беларусаў». Што цяпер будзе з сэрвісам Пісьмо.бел і данымі тых, хто ім карыстаўся?

«Яшчэ адзін крок — і яго жыццё магло пайсці пад адхон». Прапагандысты знялі на фоне адчыненай камеры хлопца, які нібыта «прыйшоў з павіннай»

«Чалавек, якога мы адбілі ў сілавікоў, пасля на маім судзе сведчыў супраць мяне». Былы палітвязень па «справе байкераў» расказаў сваю гісторыю

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?