У гутарцы Настасьсі Роўды з Уладзімерам Цэсьлерам у выпуску «Ток» наш выбітны мастак і дызайнэр выказвае меркаваньне, што герб «Пагоня» варта было б дапрацаваць («дацягнуць»). Паколькі, кажа Цэсьлер, герб «увесь час крыху розны», гісторыкі нарэшце павінны вырашыць, якія абрысы павінна мець «Пагоня», якія крыніцы ўзяць за аснову.

Падаецца, што, кажучы пра розныя вэрсіі «Пагоні», якія, па словах Уладзімера Цэсьлера, адрозьніваюцца адна ад другой, шаноўны спадар Уладзімер меў на ўвазе як гістарычныя вэрсіі, гэтак і сучасныя мастацкія інтэрпрэтацыі.

Інтэрпрэтацыі, канешне, могуць быць розныя, і падзеі 2020 году далі новыя мастацкія пераасэнсаваньні старажытнага сюжэту, што цалкам зразумела. Ужыў сюжэт «Пагоні» і сам Уладзімер Цэсьлер у некаторых сваіх бліскучых, як заўсёды, творах.

Сапраўды, на розных этапах гісторыі выява «Пагоні» (вершнік на кані) мела розныя варыянты, а калі мы прыгадаем яшчэ гербы гарадоў ды шляхецкіх радоў — дык гаворка пойдзе пра дзясяткі ці нават сотні. Але калі мы кажам пра найноўшую гісторыю і пра «Пагоню» менавіта як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, дык у гэтай якасьці была і застаецца толькі адна «Пагоня» — тая, якая была прынятая Вярхоўным Саветам у 1991 годзе.

І як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь «Пагоня» ніякай дапрацоўкі не патрабуе — у свой час над ёй некалькі месяцаў працавалі кваліфікаваныя мастакі, гісторыкі і геральдысты.

Паколькі значная частка аўдыторыі, асабліва тыя, хто пачаў цікавіцца палітыкай пасьля 2020-га, магчыма, ня ведае пра зьвязаныя з «Пагоняй» падзеі 1990-х (а некаторыя, як я са зьдзіўленьнем пераконваюся, нават ня ведаюць, што яна, нароўні зь бел-чырвона-белым сьцягам, была дзяржаўным сымбалем), — ня лішнім будзе зрабіць невялікую гістарычную рэтраспэкцыю.

19 верасьня 1991 «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам у якасьці дзяржаўных сымбаляў, але бяз дакладных эталёнаў з неабходнымі ў такіх выпадках дэталёвымі рэглямэнтацямі. Вось у тыя месяцы, да сьнежня 91-га, сапраўды можна было ўбачыць самыя розныя варыяцыі і формаў, і колераў «Пагоні» менавіта як дзяржаўнага гербу.

Між іншым, калі прытрымлівацца гістарычнай дакладнасьці, дык «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг былі і апошнімі дзяржаўнымі сымбалямі БССР. Закон аб наданьні ім статусу дзяржсымбаляў уступіў у дзеяньне адразу, як быў прагаласаваны, а галасаваньне за новую назву краіны (Рэспубліка Беларусь) адбылося хвілінаў праз 20-30.

Эскіз «Пагоні» быў зроблены на просьбу старшыні Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Зянона Пазьняка групай мастакоў — Яўгенам Кулікам, а таксама Уладзімерам Крукоўскім, Алесям Марачкіным, Лявонам Бартлавым, Львом Талбузіным. 4 кастрычніка 1991 Вярхоўны Савет стварыў адмысловую камісію для распрацоўкі эталёнаў гербу і сьцяга, куды ўвайшлі гісторыкі, мастакі адмыслоўцы ў галіне геральдыкі. Узначальваў камісію дэпутат Алег Трусаў.

Была распрацаваная выява герба, дэталёва расьпісаныя прапорцыі, колеры. Тое ж тычылася і бел-чырвона-белага сьцяга (напрыклад, суадносіны даўжыні і шырыні былі як 2:1, танальнасьць чырвонай паласы вызначалася лічбамі ад 110506 да 130708 паводле Атласу колераў).

Палажэньне аб дзяржаўных гербу і сьцягу былі зацьверджаныя Вярхоўным Саветам 10 — 11 сьнежня 1991. З гэтага моманту «Пагоня» пачала ўжывацца на афіцыйных блянках, пячатках, шыльдах дзяржустаноў, а крыху пазьней і ў пашпартах менавіта ў «эталённым» варыянце, і ніяк інакш.

Менавіта такая «Пагоня» была прымацаваная да трыбуны Вярхоўнага Савета і знаходзілася на вокладцы Канстытуцыі, на якой Аляксандар Лукашэнка прыносіў прысягу ў якасьці тады яшчэ легітымна абранага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у ліпені 1994 года.

Гэтая «Пагоня» зьяўляецца і ў часе гутаркі з Уладзімерам Цэсьлерам у верхнім правым куце відэазапісу.

Нагадаю, што Вярхоўны Савет 12-га скліканьня так і не зацьвердзіў вынікі «рэфэрэндуму» 1995 году — гэта зрабіў толькі праз год ВС-13. Прыкметна, што калі дэпутат Павал Знавец паспрабаваў прыгадаць пра зьбіцьцё дэпутатаў БНФ у залі парлямэнта, сьпікер Шарэцкі адключыў перад ім мікрафон. Між тым, сам факт гвалтоўных дзеяньняў супраць дэпутатаў у часе прызначэньня рэфэрэндуму апрыёры яго дэлігітымізуе (ужо ня кажучы пра шматлікія парушэньні Канстытуцыі і заканадаўства). Дэ-юрэ, і «Пагоня», і бел-чырвона-белы сьцяг, застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі, і для вяртаньня іх дэ-факта будзе дастаткова рашэньня аб скасаваньні антыканстытуцыйных рашэньняў цяперашняй улады.

Што тычыцца гімну, пра які ўзгадвае Ўладзімер Цэсьлер, дык магу прыгадаць наступную гісторыю.

Увосень 1991 Васіль Уладзімеравіч Быкаў папрасіў мяне перадаць у Вярхоўны Савет ліст, падпісаны, акрамя яго, Алесем Адамовічам і Рыгорам Барадуліным. Яны прапаноўвалі абвясьціць дзяржаўным гімнам Беларусі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі..». (тэкст Макара Краўцова, музыка Уладзімера Тэраўскага). Насамрэч, тэкст ліста пісаў Быкаў.

«Гэта велічная мэлёдыя і выдатны тэкст, — гаварылася ў лісьце. — І ня так важна, што некаторыя моманты яго не адэкватныя сучаснай палітыцы Беларусі, што яны, можа, палітычна састарэлыя. Гэта зусім ня той выпадак, калі патрэбная злабадзённасьць. Тэксты гімнаў цывілізаваных краінаў звычайна архаічныя, але яны нязьменна кананічныя, ахрышчаныя крывавай гісторыяй, і ў гэтым іх мастацкая і духоўная сіла. Мы прапануем узаконіць гімн на словы М. Краўцова, ажыцьцявіўшы тым надзвычай важны дзяржаўны акт на шляху да сапраўднай сувэрэннасьці Рэспублікі Беларусь».

Быкаў даў мне гэты ліст у сярэдзіне лістапада, я зарэгістраваў яго ў сакратарыяце Вярхоўнага Савета і ў той жа дзень перадаў копію галоўнаму рэдактару «Народнай газэты» Іосіфу Сярэдзічу — наколькі памятаю, ён надрукаваў зварот у адным з бліжэйшых нумароў газэты. Нават калі архіў Вярхоўнага Савета «пачысьцілі» ад «крамольных» дакумэнтаў — нумар газэты, спадзяюся, у бібліятэчных падшыўках ёсьць. У кожным разе, я захоўваю копію таго ліста.

Ці існавала ў той момант рэальная магчымасьць прыняць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…» у якасьці дзяржаўнага гімну?

Лічу, што так. Канешне, парлямэнцкая большасьць ужо адышла ад пасьляпутчаўскага жнівеньскага шоку, пад узьдзеяньнем якога прагаласавала за Незалежнасьць, і адну за другой завальвала прапановы дэпутатаў БНФ пра ўласнае войска, уласную грашовую сыстэму, нарэшце, пра датэрміновыя выбары. Намэнклятура зубамі трымалася за ўладу. Але з другога боку — у пачатку сьнежня Вярхоўны Савет ратыфікаваў Белавескія пагадненьні і зацьвердзіў вышэй узгаданыя Палажэньні пра «Пагоню» і бел-чырвоны-белы сьцяг.

Таму — шанцы заставаліся. Аднак некаторыя паважаныя асобы зь ліку ўплывовых дэпутатаў выказаліся за тое, каб «не сьпяшацца» і ініцыявалі конкурс на стварэньне новага гімну (існавала меркаваньне, што ня без спадзяваньня самім перамагчы ў гэтым конкурсе. Жаданьне ўвайсьці ў гісторыю аўтарам дзяржаўнага гімну зразумець, канешне, можна).

Прапанову Быкава, Адамовіча і Барадуліна адклалі, абвясьцілі конкурс, і цягнуўся гэты конкурс ня месяц і ня тры — аж да таго моманту, пакуль не перамаглі сілы, якія ўвогуле абвясьцілі сваёй мэтай інтэграцыю з Расеяй і, па сутнасьці, ліквідацыю незалежнасьці.

Але ўсё гэта, бясспрэчна, не пазбавіла «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» яго мастацкай і духоўнай сілы, якой насычаюцца ўсё новыя пакаленьні беларусаў.

Клас
82
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?