Фота: БелТА

Фота: БелТА

Сёння беларускае заканадаўства не прадугледжвае канкрэтнага месца пахавання для найвышэйшых чыноўнікаў і былых прэзідэнтаў краіны. У законе «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь» пытанне пахавання кіраўніка закранаецца вельмі агульна: «увекавечванне памяці і пахаванне прэзідэнта ажыццяўляюцца за кошт сродкаў дзяржавы». Амаль тое ж самае можна знайсці і ў заканадаўстве большасці краін, дзе такая пасада існуе.

Нягледзячы на тое, што заканадаўства амаль ніколі не прадпісвае, у якім месцы неабходна хаваць былых кіраўнікоў, амаль заўсёды існуе нейкі найбольш прэстыжны некропаль, быць пахаваным на якім лічыцца вялікім гонарам для любога дзяржаўнага дзеяча.

Расстрэльны палігон «Камунарка» пад Масквой, дзе пахавана большасць кіраўнікоў даваеннай Беларусі. Фота: Wkimedia Commons

Расстрэльны палігон «Камунарка» пад Масквой, дзе пахавана большасць кіраўнікоў даваеннай Беларусі. Фота: Wkimedia Commons

Варта адзначыць, што найбольш распаўсюджаным месцам пахавання для кіраўнікоў Беларусі з’яўляецца расстрэльны палігон.

Менавіта на расстрэльных палігонах знайшлі свой апошні спачынак большасць даваенных кіраўнікоў краіны, лідары беларускай камуністычнай партыі — Яфім Генкін, Вільгельм Кнорын, Вацлаў Багуцкі, Аляксандр Асаткін-Уладзімірскі, Аляксандр Крыніцкі, Мікалай Гікала, Васіль Шаранговіч, Якаў Якаўлеў. Іншыя або таксама былі расстраляныя, але пахаваны на могілках, або паспелі скончылі жыццё самагубствам.

Для пасляваенных кіраўнікоў Беларусі Панцеляймона Панамарэнкі, Мікалая Гусарава, Мікалая Патолічава, Кірылы Мазурава, Беларуская ССР была трамплінам у высокія крэслы ў Маскве, дзе яны ўрэшце і знайшлі спачынак на ганаровых Новадзявочых могілках.

Магіла Пятра Машэрава на Усходніх могілках. Фота: Wkimedia Commons

Магіла Пятра Машэрава на Усходніх могілках. Фота: Wkimedia Commons

Такая ж кар’ера магла чакаць і Пятра Машэрава, які нечакана ў 1980 годзе загінуў у аўтакатастрофе. Ён стаў першым пасляваенным кіраўніком краіны, якога пахавалі ў беларускай сталіцы.

Яшчэ ў 1952 годзе на параднай Маскоўскай шашы адкрыліся Усходнія могілкі. У хуткім часе яны набылі папулярнасць, на іх сталі хаваць партыйных дзеячаў, навукоўцаў, спартсменаў і дзеячаў культуры. У момант, калі на іх хавалі Машэрава, яны ўжо былі 5 гадоў як закрытыя для пахаванняў. 

Усе наступныя кіраўнікі Савецкай Беларусі, а гэта Ціхан Кісялёў, Мікалай Слюнькоў, Яфрэм Сакалоў ды Анатоль Малафееў былі пахаваныя тут. Так што выбар для Лукашэнкі здаецца відавочным. Праўда, сям’я ці сам палітык могуць пажадаць пахаваць яго і ў іншым месцы.

Брама Усходніх могілках, за якой пачынаюцца найбольш ганаровыя пахаванні. Фота: Анлайнер

Брама Усходніх могілках, за якой пачынаюцца найбольш ганаровыя пахаванні. Фота: Анлайнер

Так першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які пайшоў з жыцця ў 2022 годзе, пажадаў быць пахаваным на Паўночных могілках Мінска побач з маці. Праўда, мяркуючы па ўсім, лукашэнкаўскія ўлады нават не прапанавалі сям’і палітыка ганаровага месца для пахавання, якое ён заслужыў сваёй дзейнасцю.

Але і ў сям’і Лукашэнкі могуць узнікнуць не меншыя неспадзяванкі. Сёння на Усходніх могілках, як у магіле, так і ў калумбарыі, могуць быць пахаваныя толькі асобы, якія маюць заслугі перад дзяржавай і грамадствам. Як ацэняць заслугі Лукашэнкі пасля яго смерці, вядома, залежыць ад таго, у якіх абставінах і пры якой уладзе гэтая смерць адбудзецца.

Паводле рашэння Мінскага гарвыканкама на могілках створаны адмысловыя ўчасткі для пахавання выдатных асоб. Для гэтага адведзены ганаровыя сектар № 26 каля цэнтральнай алеі і сектары № 28 і №29, размешчаныя ў глыбіні могілак, бліжэй да калумбарыя. 

Мапа Усходніх могілак з магіламі выдатных дзеячаў. Сёння для пахаванняў даступныя толькі ганаровыя сектары пад нумарам 26, 28 і 29. Фота: Радыё Свабода

Мапа Усходніх могілак з магіламі выдатных дзеячаў. Сёння для пахаванняў даступныя толькі ганаровыя сектары пад нумарам 26, 28 і 29. Фота: Радыё Свабода

Каб атрымаць тут месца для пахавання, сям’я мусіць атрымаць дакументы ад дзяржаўных органаў, якія пацвярджалі б заслугі памерлага. Для сектараў №28 і №29 — хадайніцтва Мінгарвыканкама, а для сектара № 26 дык увогуле толькі пры наяўнасці адпаведнага ліста (даручэння) ад урада. І зусім не факт, што які-небудзь з гэтых органаў названыя дакументы выдасць.

Ганаровыя сектары створаны і на іншых мінскіх могілках — на Лясных, Заходніх, Каладзішчанскіх і Міханавіцкіх, — але правілы пахавання там застаюцца тымі ж. Дзяржава аплачвае пахаванне, але не гарантуе ганаровасці гэтага пахавання. Лукашэнка можа быць пахаваны як звычайны грамадзянін на гарадскіх могілках.

Аляксандр і Коля Лукашэнкі на магіле Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі ў Александрыі. Фота: БелТА

Аляксандр і Коля Лукашэнкі на магіле Кацярыны Трафімаўны Лукашэнкі ў Александрыі. Фота: БелТА

Але ў такім выпадку, калі новыя ўлады не будуць жадаць ушаноўваць Аляксандра Лукашэнку, найбольш праўдападобным выглядае іншы варыянт. Сям’я можа захацець пахаваць яго на радзіме, у Александрыі, дзе пахаваныя ягоныя сваякі. Тут, на могілках паміж Александрыяй і Хімамі, на беразе Ульянаўкі ў 2015 годзе была пахаваная маці Лукашэнкі, Кацярына Трафімаўна. 

Сам Лукашэнка ў 2014 годзе ў інтэрв’ю Ксеніі Сабчак казаў, што хацеў бы быць пахаваным там.

«Я больш за ўсё схіляюся да таго, каб мяне пахавалі ў маёй вёсцы. Я хачу там. Я прыязджаю ў вёску не толькі праз тое, што там адпачываю, лепей сябе адчуваю. Гэта больш спакойнае месца для мяне».

Спакойнае гэта месца яшчэ і ў тым плане, што максімальна аддалена ад выпадковых наведвальнікаў і вандалаў. 

У жніўні 2020 года, выступаючы перад працаўнікамі МЗКЦ, Лукашэнка заявіў, што «пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе». Фота: БелТА

У жніўні 2020 года, выступаючы перад працаўнікамі МЗКЦ, Лукашэнка заявіў, што «пакуль вы мяне не заб'яце, іншых выбараў не будзе». Фота: БелТА

Тым не менш пакуль гісторыя Лукашэнкі не завершана, а таму дакладна прадказаць, што будзе з целам палітыка, амаль немагчыма — уплывае занадта шмат фактараў.

Новыя ўлады, напрыклад, могуць пажадаць знішчыць рэшткі свайго палітычнага канкурэнта або пахаваць яго ў сакрэтным месцы, каб пазбегнуць пасмяротнага ўшанавання дыктатара ягонымі прыхільнікамі. Або перапахаваць з ганаровага месца ў неганаровае. Усё гэта было ў гісторыі. 

І сёння ўсё гэта будзе залежыць ад таго, як павядзе сябе Лукашэнка ў будучыні, пры якіх абставінах пойдзе з пасады і жыцця, і якая ўлада застане ягоную смерць.

Чытайце таксама:

«Нават яго дзеці былі за». Халезін распавёў, як Лукашэнку прапаноўвалі пакінуць краіну пад гарантыі

Якая пенсія будзе ў Лукашэнкі пасля адыходу ад улады?

Лукашэнка цяпер не проста хрыпіць, а наогул страціў голас ВІДЭА

Клас
30
Панылы сорам
6
Ха-ха
52
Ого
8
Сумна
14
Абуральна
23

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?