Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

На адзінаццатым годзе пасля сканчэння Другой сусветнай вайны, у пачатку сакавіка месяца 1956 года, у хату 26-гадовай незамужняй сялянкі з хутара Памесце Ксені Пытаевай, вулічная мянушка «Самарка», зайшло двое ўзброеных партызанаў, «Арол» і «Паўло». Яны папрасілі паснедаць. Яны бывалі ў гэтай хаце не ўпершыню.

Ксеня спякла ім яечню. Яны паелі, набралі жару з печы ў чыгунок і спусціліся ў падвал — у «падполле», як называюць падвалы на Палессі.

Калі ўвечары Ксеня залезла туды набраць бульбы, адзін хлопец ляжаў нежывы. Не, яго не забіў пабрацім. І не атруцілі энкавэдысты.

«Арол» застрэліўся.

«Арол» моцна пакутаваў на рэўматызм і стаміўся цярпець нязносны боль. Ясна, ад чаго ўзнік рэўматызм: партызанам часам даводзілася спаць на снезе і ўвесь час — у сырых схованках ці паграбах. Як гаворыцца ў адным з данясенняў КДБ, «Паўло» прызнаваўся агенту, што ім за зіму 1955—1956 гадоў тройчы давялося спаць на снезе ў лесе.

Ішоў 1956 год. Гэта значыць, для «Арла» ішоў 14-ы год падполля, два першыя з якіх прыпалі на нямецкую акупацыю і 12 — пад саветамі. Не маючы доступу да знябольваючага, «Арол» зрабіў сабе смерць.

Сапраўднае імя «Арла» было Сцяпан Трусевіч. Ён быў камандзірам апошняй «баёўкі» Украінскай паўстанцкай арміі, якая дзейнічала, у тым ліку, у Іванаўскім і Пінскім раёнах Беларусі.

Украінская паўстанцкая армія (УПА) была ўтвораная ў 1942 годзе. Яе касцяк склалі актывісты Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, але яна стала шырэйшай за АУН. УПА ставіла задачу здабыцця Украінай незалежнасці. Даволі масавай была УПА і ў паўднёвых раёнах Берасцейшчыны і на Піншчыне, дзе ў многіх людзей была ўкраінская свядомасць і да вайны існавалі арганізаваныя ўкраінскія палітычныя і культурныя структуры.

Аляксандр Лукашэнка са спасылкай на архівы заяўляў, што ва УПА на тэрыторыі цяперашняй Брэсцкай вобласці ўваходзіла да 15 тысяч чалавек. З цікавых фактаў: у дапамозе падполлі УПА ўдзельнічаў у тым ліку бацька Ірыны Абельскай, які жыў у Бярозаўскім раёне. У 1952 годзе яго за гэта асудзілі на 25 гадоў турмы.

Фотаў «Арла» і «Паўла» не захавалася. А як яны маглі выглядаць? На гэтым здымку — Аляксандр Сцепанюк, які ў 1949—1950 гадах быў кіраўніком «Беларускай акругі» УПА. Ён загіне ў 1952 годзе.

Фотаў «Арла» і «Паўла» не захавалася. А як яны маглі выглядаць? На гэтым здымку — Аляксандр Сцепанюк, які ў 1949—1950 гадах быў кіраўніком «Беларускай акругі» УПА. Ён загіне ў 1952 годзе.

Ішоў 1956-ы — уявіце. Мінула шэсць месяцаў ад часу публікацыі артыкула «Пра амністыю савецкім грамадзянам». Мінуў месяц, як Хрушчоў прачытаў свой даклад на ХХ з’ездзе.

З лагераў пачыналі вяртацца вязні. Магчыма, да далёкіх хутароў гэтыя весткі яшчэ не дайшлі або дайшлі цьмяна.

Хтосьці скажа: выцерпі «Арол» яшчэ некалькі месяцаў — можа б ён не рабіў сабе смерць, а здаўся б хрушчоўскай уладзе і выжыў. Як выжылі Васіль Кук ці Цімох Вострыкаў. Не думаю, што здаўся б. А чаму не думаю?

А вось зараз я раскажу, як загінуў «Паўло» — апошні партызан, і вы зразумееце.

Дарэчы, усе гэтыя звесткі сталі вядомыя, таму што ва Украіне адкрылі архівы КДБ.

Сапраўднае прозвішча «Паўла» было Ланевіч — Аляксандр Ланевіч.

23 мая 1956 года прыкладна а 23.00 «Паўло» зайшоў да селяніна Вакулы Савоніка, якога партызаны доўгія гады выкарыстоўвалі як сувязнога.

«Паўло» не ведаў, што за 6 месяцаў да таго Вакулу і ўсіх ягоных сямейнікаў затрымлівалі. Вакула не луснуў, а вось ягоную дачку Любу і ўнука Івана завербавалі. Іван, тайная мянушка «Лясны», адправіўся да кагэбістаў і расказаў, што

«Паўло» быў узброены аўтаматам, выглядаў бадзёрым, паводзіў сябе разняволена, прылашчыў дзяцей і пайграўся з імі, распытваў пра супрацоўнікаў органаў бяспекі і пра тое, чаму і каго з акругі ў апошні час выклікалі на допыты.

Ад вячэры «Паўло» — упершыню за час заходаў у сям’ю Савонікаў — адмовіўся, толькі выпіў пару кубкаў вады і наліў сабе ў фляжку малака. Гэта навяло супрацоўнікаў дзяржбяспекі на думку, што «Паўло» больш не давярае «Лясному».

Было чаму — «Лясны» меў каля сябе снатворны сродак «Нептун», той самы, якім, хто памятае па адной з даўнейшых публікацый «Нашай Нівы», карыстаўся будучы ксёндз, а тады агент Юозас Булька, каб прысыпляць і здаваць у рукі МДБ літоўскіх партызан.

Наступны раз «Паўло» з’явіўся ў «Ляснога» праз месяц, у той жа вечаровы час. І павёў яго праз балота, з ягоных слоў, на суседні хутар, каб «здабыць самагону для хворага «Арла» (якога насамрэч тры месяцы як не было ў жывых). «Лясны» нерваваўся, думаў, што «Паўло» атрымаў ад сваёй агентуры інфармацыю пра яго здраду і вядзе забіць яго.

Ці так гэта было, дазнацца ўжо немагчыма, бо знерваваны «Лясны» выхапіў выдадзены яму для самаабароны пісталет, расстраляў у «Паўла» ўсе патроны да аднаго і ўцёк да размешчанага на мясцовым тартаку пад выглядам работніка агента КДБ па дапамогу.

Калі аператыўная група з сабакамі выявіла параненага «Паўла» ў лясным гушчары, ён не стаў ні здавацца, ні адстрэльвацца, а застрэліў сябе.

Апошняга праціўніка «Арол» і «Паўло» забілі за два гады да таго, у 1954-м — гэта быў агент КДБ БССР «Галубей», на хутары Ападышча Іванаўскага раёна. Апошнія два гады яны проста выжывалі і вялі сякую-такую агітацыю — КДБ выявіць, што мясцовыя сяляне куплялі ім фотаматэрыялы ў Пінску, якія, відаць, былі ім трэба, каб размножваць улёткі.

А як стала вядома ўсё пра «Арла»? А так.

Пры забітым «Паўлу» выявілі аўтамат ППШ, пісталет «Вальтэр» і 60 патронаў да іх, падпольную літаратуру і штодзённік «Арла». Магчыма, ён да апошняга спадзяваўся зберагчы штодзённік пабраціма для гісторыі.

У выніку доўгага і стараннага аналізу зашыфраваных запісаў у штодзённіку праз пяць месяцаў пасля смерці «Арла» і пасля два месяца пасля гібелі «Паўла» была арыштаваная 24-гадовая калгасніца Марыя з хутара Гліны.

«Будзь разумны — маўчы!» было жалезным правілам тых людзей і тых часоў. Але не ўсе вытрымлівалі.

Марыя здала Ксеню Самарку як дзяўчыну, што калісьці хавала «Арла». А ў Ксені каля хлява выявілі не так даўно засыпаную яму.

І тую яму сталі раскопваць, і знайшлі там цела «Арла». Тады і Ксеня расказала — ды што было ўжо хаваць: што пяць месяцаў таму яна, яе 19-гадовая сястра Ліда і «Паўло» разам выцягнулі цела з лёха і пахавалі.

«Арол» і «Паўло» не былі «бандытамі», якімі малююць антысавецкіх падпольшчыкаў прарасійскія «гісторыкі ў пагонах». Бандыты так не гінуць і так не паводзяць сябе. Але «Арол» і «Паўло» і не былі «супермэнамі», якімі апісвалі тую партызанку нашы рамантычныя нацыяналістычныя гісторыкі, яны не «бралі Наваградак і Кобрын», не «вызвалялі эшалоны з арыштаванымі» і не «сыходзілі лясамі ў Германію».

«Арол» і «Паўло» проста былі ў падполлі да канца і не далі сваім ворагам сябе схапіць. Яны «проста ішлі і проста стаялі».

Здаецца, іх фотаздымкаў не захавалася. Магіл, здаецца, таксама. Засталіся вось гэтыя дакументы іх праціўніка, на аснове якіх удалося рэканструяваць — штрыхпункцірна — апошнія гады іх жыцця. 

Клас
53
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
9
Сумна
63
Абуральна
11