Білеты на дзіцячае «Еўрабачанне-2010», якія гэтымі днямі пачалі рэалізоўвацца ў пяці касах «Мінск-Арэны», а таксама праз электронную сістэму Ticketpro, карыстаюцца павышаным попытам сярод пакупнікоў.

Пра гэта паведамілі ў «Мінск-Арэне», дзе 20 лістапада адбудзецца грандыёзнае шоу з удзелам юных зорачак з 14 краін.

Там растлумачылі, што ў сталічных тэатральна-відовішчных касах білеты з’явяцца толькі ў тым выпадку, калі касы «Мінск-Арэны» не будуць спраўляцца са сваёй работай. Пакуль жа ўсё складваецца як мага лепш: жадаючых купіць як электронныя, так і папяровыя запаветныя пропускі становіцца ўсё больш. Жыхары рэгіёнаў Беларусі могуць набыць білеты, падаўшы калектыўныя заяўкі, якія, як адзначылі ў «Мінск-Арэне», абслугоўваюцца ў першую чаргу.

Усяго на два канцэрты — генеральную рэпетыцыю і фінальнае шоу — плануецца рэалізаваць каля 30 тыс. білетаў. Пропуск на генеральны прагон не такі дарагі, як на падагульняючы канцэрт: кошт білетаў — Br45 тыс., Br60 тыс., Br75 тыс., Br90 тыс. у залежнасці ад ступені аддаленасці ад сцэны. На фінал конкурсу можна трапіць, заплаціўшы ў паўтара раза больш, — Br70 тыс., Br100 тыс., Br125 тыс. і Br150 тыс. Дарэчы, сам білет, як і абяцалі арганізатары, упрыгожвае фатаграфія адной з прадстаўніц Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» з вясёлкавымі крыламі за плячыма.

Частка білетаў будзе па ўзгадненню з Мінгарвыканкамам аддадзена бясплатна ў дзіцячыя дамы. Яркія бланкі з выявай адной з прадстаўніц Беларусі на дзіцячым «Еўрабачанні» абаронены ад падробак, магчымасць з’яўлення фальшывак практычна выключана, запэўніваюць арганізатары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?