Новая электрычка — гэта камфортна і зручна, трошкі даражэй чым на звычайным цягніку, але танней, чым на маршрутцы.
1 ліпеня 2011г. пачаліся тэставыя рэйсы новых электрычак, прызначаных для абслугоўвання гарадскіх ліній.
Пасажыры стаяць у чарзе па квіткі на “новую” электрычку. 1 ліпеня 2011г.
Новая электрычка ў тэставым рэжыме будзе рабіць па чатыры рэйсы ў дзень у абодва бакі.
Вольных месцаў у электырчцы было вобмаль яшчэ да адпраўлення.
Маніторы і табло электрычкі расійскамоўныя.
За хвіліну да ад'езду.
Набыць квіткі можна ў кандуктараў у часе руху.
Тут можна працаваць з ноўтбукам, падзарадзіць тэлефон.
"Старыя" электрычкі на галаву вышэйшыя за "новыя".
Першая паездка, як свята.
Станцыя "Беларусь".
Сустрэча эпохаў.
Прыехалі!
«Два квіткі на «новую» электрычку да станцыі «Беларусь», калі ласка!» — просіць сталага веку мужчына ў вакенца новых прыгарадных касаў Чыгуначнага вакзала. За колькі хвілін да апошняга на сёння рэйсу да Заслаўя швейцарскай гарадской электрычкі да касаў выстраіліся доўгія чэргі. Як высветлілася пазней вольных месцаў у электрычцы было вобмаль яшчэ да адпраўлення. 1 ліпеня пачаліся тэставыя рэйсы новых электрычак, прызначаных для абслугоўвання гарадскіх ліній.
Плаўна, ціха і амаль без звыклага «ту-ту, ту-ту»
Першае ўражанне ад новай швейцарскай электрычкі — наколькі незаўважна яна кранаецца з месца. Я завазіўся з фотаапаратам, а калі падняў вочы, то цягнік ужо праехаў у бок Заслаўя добрых паўсотні метраў. У дарозе выявілася яшчэ адна істотная і прыемная асаблівасць навінкі — цягнік едзе без рыўкоў, ціха, амаль без звыклага «ту-ту, ту-ту», якое нагадала пра сябе хіба аднойчы недзе паміж Ратамкай і Крыжоўкай.
У салоне пануе прахалода — кандыцыянеры працуюць бездакорна. Пасадка вагонаў нізкая, дзякуючы чаму ўзровень падлогі ў іх супадае з вышынёй перонаў. Два разы зайшоў-выйшаў і пра карасканне па нязручых і высокіх прыступках старых савецкіх электрычак пачынаеш успамінаць з дрыготкай. У салоне можна працаваць з ноўтбукам, падзарадзіць тэлефон. Маніторы паведамляюць пра маршрут цягніка, актуальную дату і час, тэмпературу ў салоне і хуткасць руху. Каля ўваходу ў прыбіральню выстраілася невялікая чарга — усім хочацца пабачыць, якая яна ў швейцарцаў.
«А чаму тут цэны не як у трамваі?»
Набыць квіткі можна не толькі ў касах вакзалаў, але і ў кандуктараў непасрэдна ў дарозе. Адна з іх трапіла пад град пытанняў цікаўных пасажыраў. «А чаму ў іншых электрычках адразу штрафуюць, а не абілечваюць на месцы?» — пытае мужчына, з цікаўнасцю разглядаючы партатыўны касавы апарат у руках кандуктаркі. — «Бо гэта гарадская электрычка». Мужчына не сунімаецца: «Гарадская? А чаму тады тут цэны не як у трамваі?» Жанчына цярпліва тлумачыць, што рэйсы толькі пачаліся, і ўвогуле яны тэставыя, па выніках будуць распрацаваныя канчатковыя расцэнкі. Да размовы пачынаюць прыслухоўвацца спецназаўцы, што суправаджаюць цягнік, седзячы каля ўвахода ў кабіну машыніста. Перад ад’ездам з Мінска яны паспелі праверыць у групы чарнявых мужчынаў дакументы. Выцягваюць шыю і супрацоўнікі чыгуначнай аховы, якіх апранулі у новую форму і высокія берцы.
«Будьте внимательны и осторожны!»
Маніторы і табло ў новых цягніках расійскамоўныя. Як і расклады руху і табліцы з пазначэннем нумароў перонаў на адрамантаваных прыпынках у Масюкоўшчыне і Ждановічах. Пра тое, што дзверы можна адчыніць, націснуўшы на зялёную кнопку, толькі пасля спынення, жаночы голас кажа па-расійску. «Будьте внимательны и осторожны!» — прамаўляе ён. І тут гучыць знаёмы ўсім пасажырам электрычак жаночы голас, які абвяшчае назвы прыпынкаў па-беларуску. Гэты ж голас, які колькі разоў агучвае прыпынкі не ў патрэбны час, а таксама лёгкая нервовасць у паводзінах персаналу, яшчэ раз нагадвае, што сёння новыя электрычкі ўпершыню вязуць пасажыраў.
Даражэй, чым на «звычайнай» электрычцы, але танней, чым на маршрутцы
Новая электрычка ў тэставым рэжыме будзе рабіць па чатыры рэйсы ў дзень у абодва бакі. З Мінска ў Заслаўе яна выпраўляецца ў 07.05, 08.57, 17.15 і 19.10. У адваротны бок яна стартуе ў 08.02, 10.12, 18.05 і 20.10. Шлях ад сталіцы да горада Рагнеды і Ізяслава ў сярэднім займае каля 40 хвілін.
Квіток да Заслаўя на новую электрычку каштуе 2000 рублёў (на «звычайную» — 1550). Ільготны квіток каштуе 1000 рублёў. Можна набыць праязны. На месяц на прад’яўніка такі квіток каштуе 68000 рублёў, па працоўных днях — 60000, па выходных — 24000. Льготны абанемент абыдзецца 32 тысячы дэкадны на прад’яўніка — 24000. Гэта даражэй, чым на «звычайнай» электрычцы, але танней, чым на маршрутцы, за якую ад Заслаўя да Чыгуначнага вакзала ў Мінску трэба заплаціць 5500 рублёў. Як жыхар Заслаўя, дазволю сабе меркаванне зацікаўленага пасажыра. Я гатовы плаціць за камфорт і зручнасць і 3 тысячы, але такая электрычка мусіць хадзіць у найбольш напружаны час не радзей, чым кожныя 30-40 хвілін. Думаю, у Заслаўі знойдзецца дастакова людзей, якія падзяляюць такую думку і якім надакучыла трэсціся ў маршрутках, ды яшчэ за 5500.
* * *
Беларуская Чыгунка заключыла кантракт са Stadler Bussnang AG на пастаўку 10 электрацягнікоў новага пакалення ў сакавіку 2010 года. Пяць з іх прыбудуць у Беларусь у 2011 годзе, астатнія — у 2012-м. Прэзентацыя электрацягніка вытворчасці швейцарскай кампаніі адбылася ў Мінску 22 сакавіка 2011 года.
Прэзентацыя 22 сакавіка 2011 г.





