У нядзелю вечарам на гарадскім стадыёне ў Барысаве прайшло беларускае Эль Класіка — «БАТЭ» — «Дынама» Мінск — 2:2.

 Герой гульни Ягор Філіпенка, pressball.by

Герой гульни Ягор Філіпенка, pressball.by

Позні пачатак гульні (20:30) гарантаваў поўны стадыён, дый барысаўскія заўзятары маглі параўнаць гэты матч з бітвай пры Манчэстары, што адбылася гадзінай раней на Олд Трафард. Хоць якая там бітва была, форменны разгром. А вось на Бярэзіне — гэта была бітва.

Праўда, першы тайм скончыўся з лікам 0:0, але была ясна, што бура пачнецца пасля першага гола.

На 49-й хвіліне ў сваёй штрафной рукой згуляў Аляксандр Юрэвіч, суддзя Шчарбакоў прызначыў пенальці. Барысаўчыне кінуліся аспрэчваць рашэнне, у тым ліку і Аляксандр Гутар, які атрымаў жоўтую картку. Бруна Фурлан бездакорна прабіў (1:1).

Пасля гола БАТЭ прачнуўся і кінуўся адыгрывацца.

На 63-й хвіліне Рудзік магутным ударам з метраў 30 прабіў па варотах. Гушчанка мяч адбіў, на дабіванне рвануўся Радзівонаў і паспеў праштурхнуць мяч вароты (1:1),

але Гушчанка прамой нагой ударыў у ногі форварда БАТЭ.

Віталь скурчыўся ад болі. На поле рвануўся нават галоўкам БАТЭ Віктар Ганчарэнка. Ён прабег метраў з трыццаць, але быў спынены рэзервным арбітрам.

Віталь — які пасля шматмесячанага ўзнаўлення вярнуўся на поле месяц таму (20 ліпеня ў матчы з «Лінфілдам») — працягваўся курчыцца ад болі, а ў гэты час фанаты «Дынама» зацягнулі: «Уноси, уноси!».

Радзівонаву аказалі дапамогу, але на поле ён не вярнуўся, кульгаючы пайшоў у падтрыбуннае памяшканне. Трыбуны віталі яго стоячы.

Гульня працягнулася. На 73-й хвіліне «Дынама» выйшла наперад, зноў вызначыўся Фурлан. Але ўжо праз хвіліну Ягор Філіпенка лік зраўняў. Філіпенка, які стаў героем матча за 3-е месца на моладзевым чэмпіянаце Еўропе,

стаў героем і гэтай гульні.

На 81-й другую жоўтую картку ў сустрэчы атрымаў Гутар, што трансфармавалася ў чырвоную — выдаленне. Паколькі ўсе замены ў матчы былі вычарпаныя, выпусціць запаснога Часноўскага не прадстаўлялася магчымым.

Філіпенка ўпэўнена апрануў майку Гутара. Таксама ўпэўнена ён адстаяў усе пазасталыя 14 хвілін.

Вось толькі здзекам выглядала прызнанне найлепшым гульцом матча з боку «Дынама» Гушчанкі. Ён стаў антыгероем гульні.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Дынама» Сяргей Аўчыннікаў папрасіў прабачэння за фол Гушчанкі.

«Хачу выбачыцца за тое, што мы нанеслі траўму гульцу БАТЭ. Я выбачаюся, але зрабілі гэта мы не спецыяльна. Лік жа, напэўна, па гульні».

Галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка быў катэгарычны: «Пагаджуся, што сёння была выдатная гульня. Выдатная аура была і на стадыёне. Мяркую, што па якасці гэта быў адзін з найлепшых матчаў у сезоне, уключаючы еўракубкавыя. (…) Я ганаруся хлопцамі. Мы сёння паўставалі ў попелу. „Дынама“ забівала — мы адыгрываліся.

Але, на мой погляд, суддзі працягваюць выціраць ад нас ногі.
Да Шчарбакова прэтэнзій няма, але чаму Малюцін (бакавы арбітр) уплывае на вынік?»

Журналістаў хвалявала, што з Радзівонавым?

«Разрыў крыжападобны, меніск, бакавая звязка
 — бачым, цэлы букет. Лепш бы мы сёння прайгралі, але захавалі форварда», — падвёў рысу Ганчарэнка, яшчэ раз раскрытыкаваўшы беларускае трансфернае акно, што зачынілася 28 ліпеня (месяц назад!), якое не дазваляе напярэдадні еўракубкаў дазаявіць форварда. Чуткі пра магчым трансфер Няхайчыка ён каментаваць адмовіўся.

Пасля гульні запомніліся змрочныя твары гульцоў БАТЭ і персаналу каля клубных аўтобусаў. Сапраўды, лепш бы сёння БАТЭ прайграў, але захаваў Радзівонава. Між іншым, у апошніх трох турах БАТЭ набраў два пункты.

Астатнія матчы тура: «Мінск» — «Шахцёр» — 1:1, «Віцебск» — «Дынама» Брэст — 3:0, «Белшына» — «Тарпеда-БелАЗ» — 1:1, «Гомель» — «Нафтан» — 1:0, «Нёман» — «Дняпро» — 1:1.

Пасля 23-х тураў: БАТЭ — 49, Шахцёр — 40, Гомель — 35, Дынама Мінск — 32, Тарпеда — 31, Нафтан — 30, Белшына — 27, Віцебск, Мінск — 26, Нёман — 24, Дынама Брэст — 23, Дняпро — 20.

«Гомель» і «Белшына» правялі па 22 гульні.

Матчы 24-га тура пройдуць 10–11 верасня. БАТЭ 10 верасня ў Салігорску згуляе з «Шахцёрам», а «Дынама» дома з «Віцебскам».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?