Савет дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) плануе сёння разгледзець заяўку Беларусі на выдзяленне стабілізацыйнага крэдыту ў памеры ад 3,5 да 8 мільярдаў долараў ЗША. Заяўка была накіравана беларускім урадам у МВФ 31 мая.

На сённяшнім пасяджэнні кіраўніцтва МВФ таксама павінна абмеркаваць справаздачу, падрыхтаваную місіяй фонду, якая працавала ў Мінску ў першай палове чэрвеня. Савет дырэктараў, у прыватнасці, дасць ацэнку эканамічнай палітыцы беларускага ўрада пасля праграмы стэнд-бай, якая завяршылася ў красавіку 2010 года.

Нагадаем, у рамках стабілізацыйнай праграмы стэнд-бай Беларусь у 2009–2010 гадах атрымала ад МВФ пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд. долараў.

Каб разлічваць на атрыманне новага крэдыту, Беларусь павінна прадставіць МВФ дакладную антыкрызісную праграму. Як заявіла 4 жніўня пастаянны прадстаўнік фонду ў Мінску Наталля Калядзіна, ураду неабходна прадставіць як пакет мер у галіне макраэканамічнай палітыкі, так і пакет структурных пераўтварэнняў.

Асноўнай праблемай беларускай эканомікі цяпер з’яўляецца множнасць курсу беларускага рубля.
Чакалася, што прынцыповае рашэнне наконт гэтага ўлады прымуць на нарадзе ў прэзідэнта 25 жніўня, аднак Аляксандр Лукашэнка толькі чарговы раз паабяцаў, што сітуацыя на валютным рынку будзе стабілізаваная праз паўтара-два месяцы.

Разам з тым, да 1 верасня ўрад павінен канчаткова вызначыць эканамічны курс развіцця краіны. «Далей цягнуць нельга. Да аўторка-серады (30–31 жніўня. — БелаПАН.) усё будзе зведзена ў адзіны дакумент і вынесена на ўзровень прэзідэнта, і я асабіста абвяшчу людзям, як будзе дзейнічаць урад і Нацбанк у гэтай сітуацыі», — паабяцаў Лукашэнка.

«Паўтара-два месяцы ў нас на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку. Поўнасцю. Катастрофы няма, сітуацыя кантралюемая, але патрабуе прыняцця пэўных рашэнняў», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?