Цэлы верасень? Цэлы верасень! Цэлы месяц у цэнтры Мінска ў кнігарні «логвінаЎ» (пр. Незалежнасці 37А) будзе стаяць вялікая паліца з нямецкімі, аўстрыйскімі і швейцарскімі кніжкамі. Набыткі нямецкай і нямецкамоўнай літаратуры: сучасныя і класічныя, перакладзеныя і ў арыгінале
 — падыходзь і набывай, ці проста чытай. Акрамя гэтага ў кнігарні можна будзе азнаёміцца з нямецкімі газетамі і мастацкімі альбомамі нямецкіх ілюстратараў.

Цэлы верасень? Так, цэлы месяц раз на тыдзень у кнігарні «логвінаЎ» можна будзе ўбачыць і паразмаўляць з літаратурнымі зоркамі першай велічыні.

Расклад імпрэзаў «Месяца нямецкай літаратуры ў кнігарні «логвінаЎ»:

5 верасня (панядзелак). Пасля ўрачыстага адкрыцця, дзе выступяць ганаровыя госці, адбудзецца творчы вечар яскравага прадстаўніка беларускага мадэрнізму Алеся Разанава з прэзентацыяй яго нямецкамоўнай кнігі Der Mond denkt, die Sonne sinnt («Месяц думае, Сонца разважае»). Вядучы імпрэзы — Ігар Бабкоў. Пачатак, а 19-й гадзіне.

10 верасня (субота) — дзіцячы ранішнік «Guten Tag, Tanaka! Падарожжа Капітана Танакі ў незвычайную краіну Германію» з прызамі і чаепіццём. Вядучы — пластылінавых спраў майстра Алесь Кудрыцкі. Пачатак, а 14-й гадзіне.

12 верасня (панядзелак) — Вечар сучаснай нямецкай літаратуры. Падвядзенне вынікаў конкурсу Інстытута імя Гётэ і часопіса «Прайдзісвет» на пераклад навелы Гайнрыха фон Кляйста. Знаёмства маладых беларускіх перакладчыкаў з сучаснай нямецкай літаратурай. Вядучая — Вера Дзядок.

17 верасня (субота) — нон-стоп паказ 3 стужак рэжысёра Фатыха Акіна на нямецкай мове. Пачатак, а 14-й гадзіне. Уваход — вольны.

19 верасня (панядзелак) -Творчая вечарына легенды беларускай літаратуры, перакладчыка Васіля Сёмухі. Падчас вечарыны адбудзецца прэзентацыя перакладной версіі кнігі Германа Гесэ «Стэпавы воўк» і зборніка «Званы старое казкі», куды ўвайшлі беларускія пераклады вершаў нямецкіх кампазітараў. Запрошаныя госці — Лявон Баршчэўскі, Зміцер Колас і Андрэй Хадановіч. Пачатак, а 19-й гадзіне.

26 верасня (панядзелак). Сустрэча са швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам. У імпрэзе возьме ўдзел перакладчыца Ірына Герасімовіч. Вядучы — Андрэй Хадановіч. Пачатак, а 20-й гадзіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0