Выстава «Фатаграфічная экспедыцыя — 3. Палессе» — чарговая спроба прадэманстраваць гледачам фрагменты «каталогаў асабістых уражанняў» ад кантакту з невядомай беларускай рэальнасцю за межамі сталіцы.

Яна адкрыецца ў гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Шчамялёва 29 верасня.

Першая частка праекта, прадстаўленая на выставе «Фатаграфічная экспедыцыя: на захад ад Мінска» ў Галерэі візуальных мастацтваў NOVA ў снежні 2008 — студзені 2009, экспанавала архіў падарожжа па традыцыйным заходнебеларускім турыстычным маршруце: Крэва, Гальшаны, Трабы, Баруны, Сурвілішкі, Нясвіж, Мір, Карэлічы, Іўе (сакавік 2008).

Другая частка праекта была завершаная ў выглядзе выставы-кватэрніка ў майстэрні Ігара Пешахонава. Гэта быў своеасаблівы вынік падарожжа па паўднёвым захадзе Беларусі (Слонім, Сынкавічы, Ружаны, Косава, Бяроза Картузская, кастрычнік 2008), паказаны ў камернай і рабочай абстаноўцы творчай майстэрні.

Трэцяя экспедыцыя прайшла ў траўні 2009 г. па Палескім рэгіёне: Тураў, Верасніца, Новабярэжнае, Столін, Пінск, Заказель.

Вынік гэтай паездкі, прадстаўлены ў выглядзе новай выставы ў музеі, таксама неаднастайны і суб’ектыўны і часцей за ўсё не звязаны з так званай «краязнаўчай» фатаграфіяй, якая традыцыйна нараджаецца ў выніку такіх падарожжаў. Фактычна, сумесная выстава складаецца з аўтарскіх міні-выставаў, у якіх робяцца відавочнымі адрозненні як жанравых, так і стылістычных перавагаў сталых аўтараў-удзельнікаў фотаэкспедыцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?