Гурт «J: морс» рыхтуе новую вялікую канцэртную праграму. Пра гэта паведаміў лідар гурту Уладзімір Пугач на прэс-канферэнцыі, прысвечанай гастрольнаму туру па Беларусі.

Гастрольны тур «Электрыфікацыя ўсёй краіны» пройдзе ў 17 гарадах:

адкрыецца канцэртам у Наваполацку 28 верасня, а закончыцца ў Мінску 3 снежня.

«Мы яшчэ не паказвалі новую канцэртную праграму „Электрычнасць“. У нас выйшаў альбом і быў канцэрт у Мінску з прэзентацыяй гэтай праграмы. Але ў тур мы не паехалі па шэрагу прычын, у тым ліку і эканамічных праблем у Беларусі. Мы робім гэта зараз. Пакажам „Электрычнасць“ і нейкія новыя рэчы. Кампіліруем песні старых альбомаў — робім вялікую праграму і спадзяёмся нікога не расчараваць. Паколькі тур называецца „Электрыфікацыя ўсёй краіны“, мы пастараемся пранесці ідэю энергазберажэння ў масы. Сёння ўпершыню заяўляем аб праграме ў межах тура „17 хвілін у цемры“.

У кожным з 17 гарадоў, дзе мы будзем даваць канцэрт, на адну хвіліну мы будзем выключаць святло ў зале, тым самым эканомячы электрычнасць, і кожны зможа заняцца тым, чым захоча».

Таксама Пугач паведаміў, што гурт закончыў збіраць відэа ў межах праекта «Атлас дажджоў», калі кожны мог прыслаць сваё відэа дажджу для мантажу ў адзін відэакліп. «Мы атрымалі больш як сто ролікаў. Ёсць відэа з Бразіліі, Сірыі, Амерыкі і іншых куткоў свету», — сказаў ён.

Уладзімір Пугач падзяліўся сваімі поглядамі на крызіс у Беларусі: «Калі свеціць сонца, табе ёсць што есці, а твае дзеці па-за небяспекай, па вуліцах не ездзяць танкі і ў цябе не страляюць, гэта не крызіс. Мы проста ўсе крыху забурэлі тут, на гэтым астраўку спакою. Зразумела, што магло быць і лепш,

і прэтэнзій маса да тых, хто кантралюе дабрабыт у гэтай краіне».

Апошні альбом «J: Морс» «Электрычнасць» мае высокую ацэнку расійскіх і беларускіх крытыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?