Калі мяне ў зале суда вызвалілі з-пад арышту, многія знаёмыя пачалі пытацца: «А Даня зараз пойдзе ў дзіцячы сад?» Я ўсё адказвала адно і тое ж: «У гэтае гестапа ён больш не пойдзе!» Ён і не пайшоў. Затое ў сераду туды прыйшоў п’яны вырадак і пачаў збіваць дзяцей, пагражаючы выхавальнікам пнеўматычнай стрэльбай.

Так-так, гаворка пра адно і тое ж. Гэта ў дзіцячым садку № 26 24 снежня загадчыца Ліліяна Стрэльская праяўляла незвычайную пільнасць і з дапамогай педагогаў і нянечак перакрывала ўсе выхады з дзіцячага садка, каб — Божа барані! — майго сына не забралі з учэпістых рук дзяржавы бабуля і дзядуля.

Пляваць мне на тое, што адчувала Стрэльская, калі ўсё гэта пачалося. І гаворка не пра яе. А пра тое, што

сённяшні беларускі дзіцячы садок — гэта такая ж частка нашай злачыннай сістэмы, як і ўсе астатнія дзяржорганы. У дзіцячых садках ахова не прадугледжаная. Дзяцей ахоўваць не трэба, таму што яны не з’яўляюцца супрацоўнікамі Цэнтрвыбаркама.
Колькі штыхоў 19 снежня ахоўвалі Дом урада? Кажуць, у цэнтры горада ў той вечар іх было каля васьмі тысяч. Гэта значыць, на дармаедаў, якім ад акцыі да акцыі рашуча няма чаго рабіць, акрамя як гучна псаваць паветра, ва ўлады грошы ёсць. А на тое, каб паставіць па ахоўніку ў кожны дзіцячы сад — не. І ніякія ўпраўленні адукацыі, міністэрствы і іншыя чыноўніцкія рассаднікі, куды, дарэчы, проста так не зойдзеш, ні разу не зладзілі скандал з патрабаваннем выдзеліць бюджэтныя грошы на ахову дзіцячых садкоў. Таму што іх выхаванцы па ўзросце яшчэ далёкія ад БРСМ ці «Белай Русі», а значыць, цікавасці для ўлады не ўяўляюць.

І

я радая, што мой Даня больш не ходзіць у гэты дзіцячы садок.
Менавіта пра яго — пра сына — наступны раздзел майго турэмнага дзённіка. І калі вярстаўся нумар «Новай газеты» з тэкстам пра маіх бацькоў і сына, у дзіцячы садок № 26 прыйшоў той п’яны вырадак. І я не магла не нагадаць чытачам: гаворка ідзе пра той самы садок, дзе спробе выкрадання майго сына ніхто і не падумаў супрацьстаяць.

* * *

Самае цяжкае ў турме — гэта заблакаваць уласныя думкі пра сям’ю. Паспрабаваць не мучыцца пытаннямі «Як яны там, без мяне?» Не маляваць ва ўяўленні страшныя карціны родных, якія плачуць. Не ўспамінаць пра іх хваробы. Не задаваць самому сабе пытання «А можа, не варта было ісці на плошчу?» Не бачыць іх у сне, нарэшце.

На шчасце, у турме я так і не даведалася, што адбывалася з маёй сям’ёй пасля нашага з мужам арышту.
Не даведалася, што на наступны дзень пасля нашага з мужам арышту, калі ў хаце знаходзіліся мае бацькі і тады яшчэ трохгадовы сын, познім вечарам у замку пачаў паварочвацца ключ. Само сабой, яны не верылі, што гэта мы вяртаемся дадому. Але бацькам стала страшна: бо калі нашы ключы ў спецслужбаў, яны могуць не турбаваць сябе захаваннем хоць бы нейкіх юрыдычных працэдур. Яны могуць прыходзіць і сыходзіць у любы час сутак, і ніякага пачуцця абароненасці замкнутыя дзверы больш не даюць. Дом разбурыўся. Таму што які ж гэта дом, калі туды адкрыты доступ ворагам?

У кватэру ўварваліся восем чалавек у цывільным і, не звяртаючы ўвагі ні на бацькоў, ні на сына, рассыпаліся па пакоях. Іх не цікавіў кампутар — першае, што шукаюць падчас ператрусу. Значыць, яны шукалі не штосьці, а кагосьці. Пазней мама выказала здагадку, што шукалі нашага сябра Мікалая Халезіна, мастацкага кіраўніка «Свабоднага тэатра», які актыўна ўдзельнічаў у выбарчай кампаніі майго мужа. Коля хаваўся, за яго домам сачылі, і яму ўдалося збегчы з Беларусі толькі ў навагоднюю ноч — лежачы на падлозе мікрааўтобуса.

Першы сігнал з волі пра тое, што з маімі роднымі нешта не так, я атрымала праз два дні пасля арышту. Мяне павялі на допыт — яшчэ ў якасці падазраванай, — і адвакат сказаў:

— Са мной заключыў пагадненне ваш бацька. А што, у яго нядаўна інсульт быў?

— Не было ў яго ніякага інсульту. А чаму вы так падумалі?

— Дык ходзіць ён неяк дзіўна, няўпэўнена, быццам хадзіць не можа.

Толькі потым я даведалася, што ў той самы дзень, калі тата бег, каб паспець у юрыдычную кансультацыю, у яго адбыўся разрыў сятчаткі вока. І хадзіў ён «дзіўна», таму што не мог прывыкнуць да свайго напаўсляпога стану. У студзені ён перанёс тры аперацыі, але мне пра гэта ніхто нічога не сказаў, а лістоў нам не прыносілі. Зрэшты, мае родныя ўсё адно нічога пра гэта не напісалі б — проста каб мне спакайней сядзелася.

Але самую жудасную навіну я даведалася 29 снежня, праз 10 дзён пасля арышту, калі мне выстаўлялі абвінавачанне.
Прыйшоў адвакат і сказаў, што па майго сына прыходзілі прадстаўнікі органаў апекі і хацелі забраць яго ў маіх бацькоў. Але пакуль ён дома. І ўсё. Больш ніякай інфармацыі.

А больш са мной ніякіх следчых дзеянняў не адбывалася, мяне не выклікалі на допыты, і сустрэцца з адвакатам я не магла. А проста для сустрэчы з падабароннымі нашых адвакатаў у СІЗА КДБ не пускалі наогул. Яны сядзелі каля бюро пропускаў цэлымі днямі, але ім казалі, што няма вольных пакояў. А мы нічога не ведалі пра тое, што адбываецца з нашымі сем’ямі.

Пра тое, як Даню спрабавалі выкрасці з дзіцячага садка, напісалі, па-мойму, усе выданні свету. Так што не буду паўтарацца. Скажу толькі, што загадчыца мінскага дзіцячага садка № 26 Ліліяна Стрэльская праявіла рэдкую пільнасць і расставіла ўвесь педагагічны склад ля ўсіх выхадаў з дзіцячага садка, каб бабуля з дзядулем раптам не адвялі дадому ўласнага ўнука.

А выхавальнікі і нянечкі тупа пашыхтаваліся па стойцы «смірна», і ні адна не сказала начальніцы: «Ды пайшла ты!»
Цікава, гэтая цётка, падобная да хрэстаматыйнай савецкай буфетчыцы, атрымала прэмію за стратэгічнае мысленне? А выхавальніцы — за паслухмянасць што-небудзь атрымалі, акрамя капейкавай зарплаты? Не ведаю. Мне зусім не цікавы яе лёс, а таксама праблемы выжывання педагагічнага складу дзіцячага садка № 26 пры іх цяперашніх заробках у 70 даляраў. У дзіцячы садок мой сын больш не пойдзе — у гестапа дзецям не месца. Нават лукашэнкаўскім дзецям.
А далей пачалося пекла.
І добра, што я пра гэта не ведала. Згодна з беларускім Сямейным кодэксам, на ўстанаўленне апякунства адводзіцца паўгода. Але ёсць там адзін артыкул, які рэдка выкарыстоўваюць, а таму пра яго не ведаюць нават многія адвакаты.
Там напісана, што тэрмін устанаўлення апякунства скарачаецца да аднаго месяца, калі бацькі памерлі або арыштаваныя. Заўважце, не асуджаныя, а проста арыштаваныя.
Калі ўлічваць фармальна існую прэзумпцыю невінаватасці, то любы арыштаваны можа выйсці з турмы не тое што праз паўгода, але і заўтра, і праз месяц. Але
паводле беларускага заканадаўства атрымліваецца, што калі ты арыштаваны — ты мярцвяк.

Маёй маме, якая адразу ж напісала заяву аб устанаўленні апякунства, прадыктавалі доўгі спіс дакументаў і папярэдзілі: за гэты месяц трэба сабраць мноства даведак пра здароўе, абышоўшы ўсіх вузкіх спецыялістаў, прычым толькі ў раённай паліклініцы — па месцы жыхарства. Я не ведаю, як ідуць справы ў Расіі з раённымі паліклінікамі, але ў Беларусі цягам месяца трапіць на прыём да ўсіх вузкіх спецыялістаў немагчыма. Па квіток да эндакрынолага, да прыкладу, трэба запісвацца месяцы за два. Абысці ўсіх за месяц было фізічна немагчыма.

І тут на дапамогу прыйшло тое, што завецца спагадай і салідарнасцю.

Загадчык аддзялення паліклінікі вадзіла маму па кабінетах, і яе ўсюды прымалі без запісу. Заплюшчвалі вочы на нейкія спадарожныя ўзросту дыягназы, каб не ўскладняць прыняцце рашэння камісіяй па апецы. Многія запісвалі нумары сваіх мабільных тэлефонаў і казалі: «Калі вам ці вашай сям’і спатрэбіцца дапамога па маім профілі — тэлефануйце».

Калі мама прыехала ў псіханеўралагічны дыспансер браць даведку пра тое, што не стаіць на ўліку, ёй сказалі: «Ой, у вашым узросце мы ўжо проста так даведак не даем, вам трэба прайсці кансультацыю спецыяліста». Мама пайшла на прыём і была ўражаная, калі ёй паказалі карцінку, на якой былі намаляваны тры кветачкі і трактар, і спыталі: «Што тут лішняе?» Прыкладна такое ж заданне давалі майму сыну, які таксама павінен быў прайсці прыём у псіхіятра. (Маме і Даню ўрэшце выдалі падобныя заключэнні, што высокім інтэлектам яны адно аднаго вартыя).

Наогул, калі шчыра, майго сына выратавала ад дзіцячага дома нашая сямейная нянавісць да дзяржавы ў любым абліччы: ад ЖЭСа да ўрада.
Калі б не гэтая нянавісць, Даню б не пакінулі з бабуляй. Справа ў тым, што сем гадоў таму ў маёй мамы выявілі парок сэрца і зрабілі складаную аперацыю, пасля якой настойліва раілі аформіць інваліднасць.

Інваліднасць давала ў тыя часы і прыбаўку да пенсіі, і розныя льготы. Але мама сказала: «Бегаць з паперкамі? Стаяць у чэргах па даведкі? Кожны год даказваць камісіі, што за гэты час у мяне не вырас палымяны матор замест сэрца? Ды пайшлі яны ў дупу!» І гэта нас выратавала. Таму што інваліднасць адразу ж выключае чалавека з прэтэндэнтаў на апеку.

Мама выдатна, дарэчы, сябе адчувала ўсе гэтыя гады. А ў снежні раптам — дакладней, не раптам — добра забыты сардэчны прыступ. Мама легла на канапу і пачала думаць:

«Калі выклічу „хуткую“ — тыя паведамяць у раённую паліклініку, і мне апякунства не дадуць, Даньку забяруць. Калі не выклічу — магу здохнуць. Але ж магу і не здохнуць! А гэта — ужо шанец».
Яна выкарыстала гэты шанец.

Дарэчы, амаль тое ж самае адбылося з маёй свякроўю Алай Уладзіміраўнай. Дзве бабулі дамовіліся, што калі маёй маме не дадуць апякунства, заяву напіша свякроў. Так што ёй таксама нельга было свяціцца ў «хуткай дапамозе». І калі амаль сінхронна сардэчны прыступ накрыў свякроў, тая ўсё-ткі выклікала «хуткую», але назвала чужое прозвішча. Прадставілася ўласнай стрыечнай сястрой з правінцыі.

Калі мама нарэшце з ціхай дрыготкай адкрыла дзверы апошняга кабінета — раённага кардыёлага, — той сказаў:

«Вам трэба прымаць вось гэты прэпарат». Мама адказала: «Я і так яго прымаю ўвесь час». Кардыёлаг усміхнуўся: «Вядома, таму што ў вас стэнакардыя, пра якую я ў заключэнні не напісаў».

Увогуле, маміна даведка пра стан здароўя цалкам магла спатрэбіцца і для атрада касманаўтаў. Праўда, гэб’ё час ад часу ўкідвала журналістам дэзу, і на інфармацыйных сайтах з’яўляліся загалоўкі накшталт «Дзяржава ўжо знайшла прыёмную сям’ю для Дані Саннікава». Мае калегі пачыналі тэлефанаваць маме і прасіць пракаментаваць апошнія навіны. Мама, у якой не было кампутара, таму што ператрус прайшоў і ў яе дома, наогул не ведала, пра што гаворка. І пачынала тэлефанаваць у органы апекі, дзе ёй казалі, што да канца месяца ў яе ёсць усе правы, і пакуль ніхто шукаць прыёмную сям’ю не збіраецца. А заадно цікавіліся, ці хопіць у яе сродкаў на ўтрыманне ўнука.

Мама казала:

— Ды як вы наогул можаце задаваць мне такія пытанні?!

— А вы не крыўдуйце, — адказала ёй інспектар з апекі Антаніна Другакова, — у маёй працы станоўчых эмоцый не бывае. — І расказвала, як днямі адна бабуля была шчаслівая, таму што для ўнука знайшлі прыёмную сям’ю, і ёй не давядзецца цягнуць яго на сваю пенсію.

— Калі не хопіць сродкаў, я пайду мыць падлогу. Спраўлюся, — адказала мая мама, сямідзесяцічатырохгадовая Люцына Бяльзацкая, народжаная варшавянка.
У трохгадовым узросце яна цудам выратавалася з Варшаўскага гета. Мая бабуля Гітэль ішла пешшу на Усход да самай мяжы з СССР і несла маму на руках. Так мама ўратавалася ад фашыстаў.

Праз дзесяцігоддзі яна гэтак жа рванулася ратаваць свайго трохгадовага ўнука ад новых фашыстаў. І ўратавала. І калі б трэба было, яна гэтак жа забрала б яго на руках куды заўгодна, далей ад сволачаў.

Мама, прабач мне! Не за Плошчу, не, — за падлеткавае хамства і неразуменне. Мамачка, я люблю цябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?