Штодня ў Алёшчы загружаюць два‑тры вагоны «на Яўропу» — у Італію, Вугоршчыну, Прыбалтыку. За куб круглага лесу — бярозы, асіны, хвоі — на эўрапейскім рынку плацяць ад 20 да 30 эўра. Нягледзячы на спорны гандаль, канцэрн «Полацаклес» балянсуе на мяжы банкруцтва, бярэ крэдыты пад заробак, і штомесяц Сітна ўскалыхваюць чуткі, што леспрамгас вось‑вось зачыняць.

Лесанарыхтоўка — адна з тых галінаў беларускае гаспадаркі, якой увесну наўпрост пагражае адмена эўрапейскіх прэфэрэнцыяў. Зразумела, што «правы працоўных», «тэхніка бясьпекі» і «годны заробак» тут паняткі пустыя. Але афіцыйная рэакцыя на эўрапейскія абвінавачаньні ў Алёшчы ўжо зьявілася. На загад з Полацку ў рабочае бытоўцы нечакана вывесілі сьпісы «кіраўніцтва маласіценскага прафсаюзу»(!), «леспрамгасаўскага цэхавага камітэту»(!), а таксама «грамадзкіх інспэктараў»(!). Самі прафсаюзьнікі, цэхавікі ды інспэктары, якія ўпершыню даведаліся аб сваіх пасадах з загадкавых папераў, узьнялі дружны рогат: «Гля, Пятро, а ты, аказваецца, інспэктар!», «Ды ты сама, Паўлаўна, проф‑груп‑орг!». «Цьху ты, не абзывайся…»

«Яўропа! — задаволена выгукае вусаты, з залысінамі, «хімік» Мікола, — усё, цяпер на Захад пойдзем. Будзем па дваццаць еўрыкаў у гадзіну, як у Германіі, атрымліваць». «Раскатаў губу, — ківае кранаўшчык Іван, — Яўропа… У нас хоць ты еўрыкі, хоць тыгрыкі плаці — народ іх прап’е. Яўропа — гэта калі чалавек к чаму‑та страміцца».

Рэпліка алёшчынскага кранаўшчыка расшыфроўвае лёзунг «Беларусь — у Эўропу!» значна больш дакладна, чым афіцыёз, і куды больш ёміста, чым апазыцыйныя стратэгіі. Па вялікім рахунку, рэч ня ў тым, што нам трэба весьці «шматвэктарную палітыку» ды нават не ў імпэрскай палітыцы Крамля (хаця ўсё гэта — лепш позна, чым ніколі ўсьвядомленыя аксіёмы). У чалавеку ключ. У беларусу. І ў ягоным імкненьні ці неімкненьні.

Імкненьне — сутнасьць гістарычнага фэномэну Эўропы. Моцнае, на мяжы магчымасьцяў, імкненьне да свабоды, справядлівасьці, творчасьці. Да духовага адкрыцьця. Да дасканаласьці. Да Бога, урэшце. Калі размаўляеш з украінскімі ды маладаўскімі дэмакратамі, бачыш па тэлевізіі шчасьлівых румынаў ды баўгараў, нават Грузію, што штурмуе брамы Эўразьвязу, бачыш адразу: імкнуцца. А беларуса, старэйшага за сорак, дагэтуль адрозьнівае глыбокі сум, апатыя й бязьвер’е.

Парадаксальна, але менавіта «імкненьне» — найвялікшае пытаньне зараз і для самое Эўропы, асабліва Заходняй, якую зь лёгкай рукі амэрыканцаў ужо павялося называць Старой. У прывабных і велічных рысах Парыжу й Лёндану, Рыму й Мадрыду ўсё часьцей праглядваюць друзлая самазадаволенасьць, апатычнае спажывецтва, расьпешчаны й разбэшчаны дэкаданс, і, як вынік — бездапаможнасьць перад глябальнымі пагрозамі. Часам на адпачынку зазіраеш у вочы Эўропы, «Эўраньюз», і заўважаеш надзіва родную млявасьць і абыякавасьць да жыцьця, уласьцівую старэйшым пакаленьням беларусаў.

Жывое, актыўнае хрысьціянства, якое і прадвызначыла тысячагадовы эўрапейскі ўздым, зьмянілася панаваньнем матэрыялізму, месцамі з рытуальнай рэлігійнасьцю. Бяз моцнага ўнутранага штуршка, які скаланае нацыі й грамадзтвы, дапамагае пераадолець крызіс і зноў адчуць сваю місію ў духовым імкненьні, Эўропа ўпадае ў дэпрэсію.

Новае эўрапейскае абуджэньне ідзе з Новай, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Ужо сёньня і Польшча, і Ўкраіна, і Латвія, і Балканы перажываюць хрысьціянскае ўзрушэньне. Беларусь пакуль ледзь угадваецца ў гэтым шэрагу. Але варта ўзьняцца Беларусі — і Новая Эўропа, раптам стаўшы адзінай, выбухне эўрапейскім узыходам.

Бо беларуская Эўропа — гэта не спадарожнікавая міска на паўразваленай хаціне, купленая за «ягадныя грошы», гаспадар якой шчоўкае пультам, шукаючы эратычных каналаў, і не набор лядоўняў ды пральных машынаў «Siemens», нажытых на продажы «максімкі» аднавяскоўцам. У адрозьненьне ад Яўропы, Эўропа — гэта ня зьнешні марафет. Сапраўдная Эўропа — у сэрцы, поўным любові да Бога, бліжняга і Радзімы.

Беларускія эўрапейцы — гэта маладафронтаўцы, якія сёлета вось ужо дзясяты год абыходзілі заходнія амбасады зь віншаваньнямі на Дзень Сьвятога Валянціна. У іх перасаджалі лідэраў, павыклікалі падчас акцыі ў КДБ арганізатараў, блякавалі ля пад’ездаў дасьведчаных «вулічнікаў», а шэсьце ўсё адно рушыла. Нарэшце выхапілі проста з калёны стыхійных завадатараў — а маладафронтаўцы ідуць. Імкнуцца! І даходзяць да Польшчы, Нямеччыны, ЗША, каб перадаць ім: мы хочам быць Эўропай! І невыпадкова адзіны апазыцыйны лідэр у маладзёвым шэсьці — стоадсоткавы эўрапеец Аляксандар Мілінкевіч.

І Малады Фронт, і Мілінкевіч раптоўна ўкліньваюцца ў «заходнюю гульню» рэжыму і блытаюць яму ўсе карты. Адсюль — і арышты, і крыміналкі, і штрафы, і прапагандовы шал. Чарговы сыгнал Брусэлю: «Но‑но, гаспада, ніякіх размоваў пра палітыку — нас цікавіць толькі эканоміка».

Абвясьціўшы разварот на Захад, рэжым пасьлядоўна кітаізуе Беларусь. Характэрнае азіяцкае прымружваньне ў самым цэнтры Эўропы — выклік усёй заходняй дэмакратыі.

Таму беларускім дэмакратам ня мае сэнсу засяроджвацца на эканамічным гандлі, які распачаў рэжым. Найбольш моцны кірунак апазыцыйнага дыялёгу з Эўропай палягае якраз у сфэры нематэрыяльных каштоўнасьцяў. У тае сфэры, якая зрабіла Эўропу Эўропай. Адстойваньне нацыянальнай незалежнасьці. Пытаньні мовы й культуры. Абарона правоў чалавека й хрысьціянскіх прынцыпаў.

Беларусь — сэрца Эўропы.

І я веру: зараз менавіта ў сэрцы беларуса вырашаецца, быць ці ня быць Эўропе.

Задача пад сілу нацыянальнаму абуджэньню!

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?