Новая канцэпцыя жыллёвага будаўніцтва ў Беларусі прадугледжвае павелічэнне ў бліжэйшыя гады аб’ёмаў будаўніцтва жылля для сацыяльна абароненых катэгорый грамадзян. Аб гэтым 16 красавіка паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін на пасяджэнні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

У сферы жыллёвага будаўніцтва сёння даволі шмат перакосаў. У Беларусі вельмі шмат грамадзян, зарэгістраваных у якасці тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, адзначыў віцэ-прэм’ер. Толькі ў Мінску такіх чаргавікоў 265 тыс. чалавек, у той час як у Санкт-Пецярбургу з насельніцтвам 4 млн. чалавек — 195 тыс. «Таму ў далейшым мы будзем глядзець, каго ставіць у чаргу. І калі даходы сям’і даюць магчымасць будаваць жыллё самастойна, лічым, што такіх грамадзян ставіць на чаргу немэтазгодна», — сказаў Анатоль Калінін.

Паводле слоў віцэ-прэм’ера, у Беларусі стаіць задача выйсці па аб’ёмах жыллёвага будаўніцтва ў 2015 годзе на ўзровень 9,5 млн. кв.м. Пры гэтым 50 працэнтаў уводу жылля павінна быць забяспечана за кошт індывідуальнага будаўніцтва. Развіццё таксама атрымае будаўніцтва арэнднага жылля, на якое будуць накіроўвацца ільготныя крэдытныя рэсурсы і бюджэтныя сродкі.

У той жа час будуць павялічаны аб’ёмы будаўніцтва жылля для сацыяльна абароненых катэгорый грамадзян.

Так, удзельная вага жылля для шматдзетных сем’яў у агульным аб’ёме ўводу ўжо ў 2013 годзе дасягне 22 працэнтаў. Удзельная вага жылля для грамадзян, якія пражываюць у непрыгодным жыллі, будзе ў межах 1–1,5 працэнта, а для маладых сем’яў з двума дзецьмі — каля 20 працэнтаў у агульным аб’ёме будаўніцтва жылля. У выніку шматдзетныя сем’і атрымаюць магчымасць пабудаваць жыллё на працягу трох гадоў з моманту пастаноўкі на чаргу ў якасці тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, ваеннаслужачыя — на працягу пяці гадоў, а ваеннаслужачыя, якія пражываюць у Мінску, — на працягу сямі гадоў.

Як паведаміў Анатоль Калінін, увод у Беларусі ў эксплуатацыю жылля ў першым квартале 2012 года склаў 1 млн. 345 тыс. кв.м, або 213 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года. Заданне выканана ўсімі рэгіёнамі і Мінскам. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудавана 840 тыс. кв.м, або 62,5 працэнта ад агульнага аб’ёму ўведзенага ў эксплуатацыю жылля. У параўнанні з першым кварталам 2011 года павелічэнне адбылося на 17 тыс. кв.м.

Што датычыцца Брэсцкай вобласці, то, як адзначыў Анатоль Калінін, рэгіён — адзін з лепшых па будаўніцтву жылля. У студзені-сакавіку тут ўведзена ў эксплуатацыю 270 тыс. кв.м, або 295 працэнтаў да задання на першы квартал. Самы высокі вынік па гэтаму паказчыку ў Мінскай вобласці — 325 працэнтаў.

Паводле слоў Анатоля Калініна, такія высокія тэмпы будаўніцтва забяспечаны ў тым ліку за кошт індывідуальнага будаўніцтва, якое ў Мінскай і Брэсцкай абласцях цяпер дасягае 50 працэнтаў у агульным аб’ёме.

Адказваючы на пытанне, якое датычыцца магчымасці дакрэдытавання грамадзян, якія ўступілі ў ЖБСК і страцілі льготы на будаўніцтва пасля ўступлення ў сілу ўказа нумар 13, Анатоль Калінін адказаў, што пакуль урад не бачыць магчымасці выдзялення дадатковага фінансавання на гэтыя мэты.
Цяпер дакрэдытавацца з улікам падаражання будаўніцтва могуць толькі грамадзяне, якія трапляюць пад дзеянне ўказа нумар 13. Усе астатнія могуць дакрэдытавацца толькі ў аб’ёме раней заключаных крэдытных дагавораў без уліку інфляцыі, росту цэн і г.д. Але гэта пытанне яшчэ не закрыта і будзе разглядацца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, растлумачыў віцэ-прэм’ер.-
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?