Сяргей Ярмоленка з жонкай і нованароджанай дачкой апынуўся на лесвічнай клетцы па волі свайго 80-гадовага дзеда, які наадрэз адмовіўся пускаць сваяка на парог. Па дакументах хлопец — паўнапраўны ўласнік паловы кватэры, аднак пажылы чалавек з гэтым мірыцца не хоча.

Дачцэ Сяргея толькі месяц, пакуль яна знаходзіцца ў дзіцячай бальніцы. Муж і жонка ж туляцца на чацвёртым і пятым паверхах. Тут і імправізаваны стол, і ложак. Суседзі не могуць абыякава назіраць за тым, што адбываецца. «Нам гэта непрыемна», — заяўляюць яны.

Па просьбе суседзяў і здымачнай групы 80-гадовы Мікалай адкрываць кватэру не стаў. Давялося ўзломваць дзверы, пасля чаго Сяргей змог занесці ўсярэдзіну сумкі з рэчамі. Але радасць, як лічаць жыхары пад’езда, будзе нядоўгай. «Пройдзе крыху часу, і стары зноў выкіне рэчы», — кажуць яны. Вайна за кватэру доўжыцца не першы год.

Паводле словаў старэйшага інспектара Маскоўскага РУУС Брэста Аляксея Караля, у пенсіянера ёсць важныя прычыны, каб не пускаць унука: Сяргей не працуе і неаднаразова прыцягваўся да адказнасці:

— Праводзіліся праверкі, рашэнне суда выконвалася, усяленне адбывалася. Аднак уладальнік кватэры зноў пачаў выганяць сваяка толькі таму, што апошні не хоча выпраўляцца. Працягвае злоўжываць спіртнымі напоямі, вядзе амаральны лад жыцця. Прыводзіць у кватэру людзей, якія таксама распіваюць спіртное. Уладальнік баіцца за маёмасць.

Гэтым разам, праўда, Сяргей запэўнівае: паспрабуе дамовіцца з дзедам, знайсці агульную мову. У маладога чалавека застаецца права звярнуцца ў суд, аднак у міліцыі думаюць, што вырашаць канфлікт трэба інакш — змяніўшы лад жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?