Збіты беларускі самалёт валяецца на базары ў Самалі - фота

18.03.2013 / 11:24

Парэшткі беларускага Іл-76 пабачыў у Магадзіша расійскі блогер Ілля Варламаў, які цяпер падарожнічае па Самалі. «Валяецца проста на тратуары, як быццам так і трэба, — піша ён у сваім блогу. — У цяні крыла нейкія гандляры сядзяць адпачываюць…

Самалёт гэты ляжыць тут ўжо 5 гадоў. 9 сакавіка 2007 ІЛ-76 беларускай авіякампаніі „Трансавіяэкспарт“ з двума бронетранспарцёрамі з Уганды пры заходзе на пасадку абстралялі мясцовыя баевікі. На борце пачаўся моцны пажар, аднак пілотам удалося пасадзіць самалёт і пазбегнуць ахвяр. Самалёт атрымаў сур’ёзныя пашкоджанні і рамонту не падлягаў».

Другі беларускі самалёт, які паслалі па маёмасць з першага «Іла», быў падбіты на ўзлёце, загінулі 11 членаў экіпажа. Першы ІЛ-76 разрабавалі і выкінулі проста на дарогу, піша блогер.