Уладзімір Някляеў. Воля

25.03.2013 / 19:55

Рака крыві за волю — праз вякі…
Калі і хто той волі меў даволі?
Зацятыя рабы зацятай волі
Не лепей, чым яе рабаўнікі.

Ніхто не змог, як воля, вольным стаць…
Хоць абдымайся з воляю аберуч —
Паэту вольнай птушкай не спяваць,
Не паляваць тырану вольным зверам.

А вольны, можа, толькі плач сірочы,
Няўцямны крык у прадсмяротны час, —
І кожны з нас здабудзе волю двойчы,
І двойчы згубіць волю кожны з нас.

Усім на волю Бог дае іспыт —
І не займець збавення ад іспыту:
Адзін раз воля — калі ты з нябыту,
Другі раз воля — калі ты ў нябыт.