Пінчанцы падкінулі нованароджанае дзіця

04.04.2013 / 15:03

Учора днём у адной з кватэр пяціпавярховіка на вуліцы Новікава ў горадзе Пінску раздаўся званок. Калі гаспадыня адчыніла дзверы, ля парога ляжаў скрутак з нованароджаным дзіцем.

Жанчына выклікала супрацоўнікаў міліцыі, якія даставілі падкідыша ў дзіцячую гарадскую бальніцу.

Нованароджанай дзяўчынцы споўніліся роўна суткі, паведаміў намеснік галоўнага доктара бальніцы Аляксандр Сачкоўскі. Малая паступіла з пераахаладжэннем. Яе стан медыкі ацэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці. Сёння дзіця перавялі з аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі ў аддзяленне неданошаных дзяцей.

У бальніцы немаўля будзе цалкам абследавана. Яго далейшым жыццеўладкаваннем зоймецца камісія Пінскага гарвыканкама.