Як беларуская армія падтрымлівала «Белы легіён»

Пра тое, чым займаўся «Белы легіён», — «Размова Мацкевіча» з «ветэранам» арганізацыі Міраславам Лазоўскім.

10.06.2013 / 10:07

Патрыятычна-спартовая арганізацыя «Белы легіён» быў яскравай ініцыятываю 1990-х. Яе мэтай было выхоўваць моладзь, каб яна была нацыянальна арыентаванаю, патрыятычнаю, вяла здаровы лад жыцця і мела выдатную фізічную форму.

Арганізацыю заснавалі маладзейшыя чальцы ліквідаванага ў 1996-м Беларускага згуртавання вайскоўцаў. Чальцы «Белага легіёну» ў 1990-я ахоўвалі ад агрэсіі сілавікоў вулічныя акцыі апазіцыі.

Паводле Міраслава Лазоўскага, «Белы легіён» не меў папярэднікаў у гісторыі, напрыклад, у гады паўстання БНР або Расійскай імперыі. Тады дзеялі арганізацыі, якія вялі збройную барацьбу за сваю бацькаўшчыну: «Раней не было калі займацца выхаваннем: адразу хапаліся за зброю».

У гады існавання «Белага легіёну» актыўную дзейнасць праводзіла таксама Рускае нацыянальнае адзінства (РНА/РНЕ). Яно, у адрозненне ад беларускай патрыятычнай арганізацыі, мела падтрымку сярод шэрагу прадстаўнікоў спецслужбаў. Праўда, і канфлікты з сілавікамі ў іх былі — калі, паводле акрэслення Міраслава Лазоўскага, «крыша не спрацоўвала».

У той жа час, «Белы легіён» карыстаўся падтрыманнем вайскоўцаў: «У войску ўсе былі толькі «за» і толькі «на «ўра».
Аднак вырашальным сталася тое, што дзейнасць арганізацыі супярэчыла ідэалогіі палітычнай «вярхушкі».

«Думаю, мы зрабілі ўнёсак у пашырэнне нацыянальнай ідэалогіі сярод моладзі», — адказвае спадар Лазоўскі на пытанне, што пакінуў пасля сябе «Белы легіён».