У Асіповіцкім раёне патануў падлетак, вадалазы шукаюць цела

25.06.2013 / 19:04

У Асіповіцкім раёне другі дзень працягваюцца пошукі цела 15-гадовага падлетка, які патануў вечарам 24 чэрвеня ў рацэ Бярэзіне.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні МНС па Магілёўскай вобласці, няшчасны выпадак здарыўся прыкладна ў 20.00 каля пасёлка Ялізава. «Паводле слоў відавочцаў, падлетак заплыў на сярэдзіну ракі, пачаў тануць і клікаць на дапамогу сяброў, якія былі на беразе», — адзначылі ў МНС.

У абласным савеце Асвода БелаПАН удакладнілі, што два падлеткі пераплывалі раку і адзін з іх стаў тануць. Паводле слоў другога хлопца, прыяцель паспеў сказаць, што адчувае сябе дрэнна, аднак практычна адразу схаваўся пад вадой, і схапіць яго не ўдалося.

24 чэрвеня пошукі вадалазаў Асіповіцкага Асвода працягваліся да цемры. Сёння з раніцы яны былі працягнуты, аднак вынікаў пакуль не далі, паведамілі ў абласным савеце Асвода.

Падлетак скончыў 9-ы клас Ялізаўскай сярэдняй школы. Жыў з бацькамі ў Ялізаве.