Беларускі школьнік выйшаў у фінал конкурсу Google

16-гадовы школьнік з Магілёва Яўген Павёлка выйшаў у фінал навуковага анлайн-конкурсу Google Science Fair.

28.06.2013 / 04:17

Ён падаў праект «Уздзеянне электрычным токам на расліны як спосаб павышэння ўраджайнасці».

Яўген Павёлка — адзін з 15 падлеткаў з розных краін, чые даследаванні журы прызнала вартымі ўзнагароды. Іх адабралі з 90 рэгіянальных фіналістаў. Праект беларуса мае шанец атрымаць галоўны прыз конкурсу — 50 тысяч даляраў

«Спачатку мне было цікава даведацца, як электрычны ток уздзейнічае на расліны, а пасля я зразумеў, што гэта можа дапамагчы развязаць многія праблемы. Эксперыменты праводзіў на балконе, — кажа Яўген Павёлка. — Гэта было самае зручнае месца. У мяне там сапраўдная лабараторыя. Ды і іншай магчымасці не было, бо на дварэ была зіма».

Каб давесці сваю рацыю, хлопец назіраў, з якой хуткасцю прарастае насенне фасолі, радыскі і крэс-салаты пад уздзеяннем электрычнага току і без яго.

«Я высадзіў насенне ў грунт, і як толькі з’явіліся парасткі, пачаў уздзейнічаць токам, — тлумачыць Яўген Павёлка, — Пасля чаго назіраў, што з імі адбываецца, і параўноўваў з тымі, якія раслі проста так, без току».

Пакуль школьнік не ўяўляе, як ажыццявіць сваю ідэю ў Беларусі.

«Нават не ведаю, з чаго пачаць. Але найбліжэйшым часам я хачу зрабіць гатовую сістэму, якую змогуць выкарыстоўваць фермеры для вырошчвання садавіны і гародніны», — кажа ён.

Яўген Павёлка ў гэтым годзе скончыў 9 клас.

Конкурс Google Science Fair быў заснаваны ў 2011 годзе. Акрамя Google яго падтрымліваюць такія кампаніі, як Lego, CERN, выданні National Geographic і Scientific American.