Ў Расеі б'юць за неправаслаўнасьць

Сын пастара пратэстанцкай царквы быў зьбіты першакласьнікамі за сваю «неправаслаўнасьць»

07.09.2007 / 16:22

Сын пастара пратэстанцкай царквы быў зьбіты першакласьнікамі за сваю «неправаслаўнасьць»

Зьбіцьцё было справакаванае праваслаўным малебнам перад пачаткам навучальнага году. Сын пастара пратэстанцкай царквы пасёлка Грыбанаўскі Варонежскай вобласьці, прыйшоўшы ў першую клясу 1 верасьня, быў жорстка зьбіты сваімі аднагодкамі. Як заявіў прэсе і праваабаронцам пастар пратэстанцкае царквы Аляксей Пяроў, ягоны сямігадовы сын прыйшоў у тую ж клясу, дзе пачаў вучыцца сын мясцовага праваслаўнага сьвятара айца Аляксандра. Бацюшка адслужыў малебен перад пачаткам навучальнага году і раздаў ўсім іконкі і малітоўнікі.

Сын пастара не хрысьціўся падчас малебну, што і стала повадам для гвалту. Падчас перапынку дзеці накінуліся на хлопчыка і пачалі яго біць. Зьбіцьцё працягвалася пасьля другога і трэцяга ўрока.

Кіраўніцтва школы падала інцыдэнт як простую спрэчку паміж школьнікамі. Хлопчык баяўся ісьці ў школу, таму яго перавялі ў іншую клясу. Паводле словаў бацькоў, да гэтае пары сын баіцца, што прыйдзе бацюшка, а пасьля яго будуць біць.

Яраслаў Сьцешык, паводле расейскае прэсы