Эстонцам забаранілі мяняць прозвішча на Іваноў, Пятроў, Сідараў

15.08.2013 / 12:46

Міністр па справах рэгіёнаў Эстоніі Сійм-Валмар Кійслер абнавіў спіс найбольш распаўсюджаных у краіне прозвішчаў, якія нельга ўзяць без спецыяльнага дазволу, паведамляюць інфармагенцтвы.

На сёння ў гэты спіс уключаныя 222 прозвішчы, у тым ліку Іваноў, Пятроў, Сідараў, Васільеў, Зайцаў, Сакалоў, Кузняцоў і іншыя як расійскія, так і эстонскія. Пры гэтым у пералік увайшло прозвішча Війра, але больш не ўваходзіць Кавалёў/Кавалёва. Папярэдні спіс прозвішчаў занадта шырокага распаўсюджання быў зацверджаны ў 2010 годзе.

Як растлумачылі ў ведамстве, такая мера дазволіць перашкодзіць павелічэнню колькасці вельмі распаўсюджаных прозвішчаў (больш за 500 чалавек), ужо зарэгістраваных у Эстоніі.

Магчымасць памяняць прозвішча ў Эстоніі даецца аднойчы, за выключэннем рэгістрацыі шлюбу. Кожны год каля тысячы чалавек атрымліваюць дазвол на змену імені ці прозвішча.

Паводле дадзеных эстонскага рэгістра насельніцтва, самым распаўсюджаным у краіне застаецца прозвішча Іваноў. Яго носяць каля 7 тыс. жыхароў краіны.