Пракаповіч: Пытанне пошліны $100 будзе вырашана за месяц

дададзена

11.09.2013 / 11:12

Культавы для беларусаў віленскі «Акропаліс» можа стаць недасяжнай марай

Пытанні, якія тычацца ўвядзення пошліны для беларусаў, якія выязджаюць за мяжу, плануецца адпрацаваць на працягу бліжэйшага месяца — паўтара. Пры гэтым выязная пошліна не павінна закрануць турыстаў.

Аб гэтым паведаміў сёння ў час прамой лініі ў газеце «Рэспубліка» віцэ-прэм’ер Беларусі Пятро Пракаповіч.

"Гэта пытанне зараз разглядаецца ва ўрадзе, мы яго старанна вывучаем.

Мяркую, што дзесьці на працягу месяца мы дамо адказы на ўсе пытанні», — адзначыў Пётр Пракаповіч.

Па яго словах, разглядаюцца розныя магчымыя формы рашэння пытання.

Пры гэтым у выпадку, калі пошліна будзе ўведзена, яна не закране грамадзян, якія выязджаюць у турыстычныя паездкі, і будзе дзейнічаць для тых, хто часта ездзіць за пакупкамі і прывозіць шмат тавараў для перапродажу ў Беларусі.

Прапанова ўвесці пошліну беларусаў, якія выязджаюць за мяжу на закупы, прагучала з боку Лукашэнкі ў час наведвання ААТ «Мотавела» 6 верасня.

«Нас крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, а нашы людзі да $3 млрд у год вывозяць за мяжу ў Еўрасаюз і прывозяць барахло, якое мы таксама выпускаем», — падкрэсліў Лукашэнка. «Дык вось я даўно даручыў, аж да таго, што выязджаеш за межы, усё роўна за чым, заплаці выязную пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем — $ 100 з носа плаці і едзь за мяжу», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.