Сёння назавуць лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру: букмекеры ставяць на гінеколага Дэніса Муквеге

11.10.2013 / 09:45

Дэніс Муквеге. Фота AFP.

Малала Юсуфзай. Фота Reuters.

Алесь Бяляцкі.

Сёння Нобелеўскі камітэт назаве лаўрэата прэміі міру. Імя, або назва арганізацыі, стане вядома а 12-й гадзіне паводле мінскага часу.

Прамая трансляцыя будзе арганізавана на сайце Нобелеўскай прэміі.

За апошні дзень сярод букмекераў на першае месца вырваўся доктар-гінеколаг з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (былы Заір) Дэніс Муквеге (Denis Mukwege) — заснавальнік бальніцы для ахвяраў сэксуальнага гвалту.

У кастрычніку 2012 г. у яго кватэру ўварваліся ўзброеныя людзі, якія ўзялі ў закладнікі жонку і дачок Муквеге, а пасля яго прыходу дадому паспрабавалі застрэліць і самога доктара Муквеге і яго сям'ю выратаваў ахоўнік, які прыйшоў на дапамогу. Ахоўнік быў забіты, але вымусіў нападнікаў збегчы.

Высока ацэньваюцца шанцы і мужнай 15-гадовай пакістанскай школьніцы Малалы Юсуфзай, якая ўчора атрымала прэмію Еўрапарламента «За свабоды думкі». Шанцы беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага расцэньваюцца, як 1 да 99.

Шанцы Эдварда Сноўдэна букмекеры ацэньваюць як 1 да 9, Дэмакратычнага голаса Бірмы - 1 да 11.

Зрэшты і букмекеры могуць памыляцца.

Нагадаем, раней прэмію ў галіне літаратуры яны давалі Харукі Муракамі (які быў цвёрдым фаварытам гонкі), затым учора рэзка выраслі шанцы беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч, а прэмію ўрэшце прысудзілі канадскай пісьменніцы Эліс Манро.

nn.by