Берасьцейшчына сее каноплі

02.10.2007 / 11:32

У Бярозаўскім раёне знішчана каля 300 кг канопляў. Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Брэсцкага аблвыканкама, плантацыі гэтай расліны былі выяўленыя 28 верасня ўчастковым інспектарам міліцыі сумесна са старшынямі Міжлесскага і Сялецкага сельскіх выканкамаў. Пасевы размяшчаліся на пустках непадалёк ад вёсак Яленава і Асекі.

Усяго за гэты год супрацоўнікі міліцыі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выявілі і знішчылі больш за адну тону канопляў. Яе пасевы знаходзіліся ў Брэсцкім, Кобрынскім, Камянецкім, Ганцавіцкім і Бярозаўскім раёнах. Самая вялікая плантацыя была знішчана ў сярэдзіне ліпеня на полі непадалёк ад вёскі Быстрыца Ганцавіцкага раёна — больш за 500 кг канопляў.

БелаПАН