Міністр замежных спраў Францыі: Удзел Расіі ў G8 прыпынены
18.03.2014 / 13:08
Міністр замежных спраў Францыі Ларан Фабіус у аўторак паведаміў аб рашэнні «групы васьмі» (G8) прыпыніць сяброўства Расіі ў гэтай арганізацыі.
Пра гэта ён распавёў у эфіры французскай радыёстанцыі «Europe-1», перадае «Інтэрфакс-Украіна».
«Тое, што тычыцца G8, — так бы мовіць, палітычнай формы дыялогу вялікіх дзяржаў у цэлым, мы прынялі рашэнне прыпыніць сяброўства Расіі», — заявіў Фабіус.
Пры гэтым ён дадаў, што ў аўторак ўвечары «ўсе сем вялікіх дзяржаў збяруцца разам, але без Расіі». Ён не ўдакладніў дэталяў і месцы правядзення гэтай сустрэчы.
Аднак, па словах міністра, «на гэты момант запрашэнне прэзідэнту Расіі наведаць Францыю 6 чэрвеня застаецца ў сіле».
6 чэрвеня ў Францыі адзначацца 70-я гадавіна высадкі саюзніцкіх сіл у Нармандыі.
Як вядома, пасля агрэсіі Расіі супраць Украіны лідары краін G8 адмовіліся ад удзелу ў саміце арганізацыі, які планавалася правесці ў Сочы.