У Севастопалі прарасійскія сілы ўварваліся ў штаб ВМС Украіны
19.03.2014 / 11:19
У Севастопалі ў сераду раніцай цывільныя павалілі плот і зайшлі на тэрыторыю штаба камандавання Ваенна-марскіх сіл Украіны. Пра гэта паведаміў кіраўнік медыя-цэнтра Мінабароны Украіны ў Крыме Уладзіслаў Селязнёў.
«Афіцэры, як могуць, стрымліваюць гэтую масу людзей, каб яны не расцякаліся па тэрыторыі», — сказаў ён.
«Ну вядома, што нашы ўкраінскія афіцэры супраць жанчын сілу прымяняць не стануць», — адзначыў Селязнёў.
Ён дадаў, што пракрамлёўскіх узброеных людзей няма. «Ёсць розныя людзі і ў масках, і без масак, але ўзброеных няма», — сказаў ён.
Селязнёў таксама дадаў, што на іншых пунктах ноч прайшла спакойна.
«Усюды нашых вайскоўцаў спрабуюць пераканаць перайсці на бок ЧФ РФ або сысці на мацерыковую частку Украіны», — дадаў ён.