У Магілёўскай вобласці збудуюць фотаэлектрастанцыю

20.03.2014 / 09:16

У Касцюковіцкім раёне плануецца рэалізацыя інвестпраекта па будаўніцтве фотаэлектрастанцыі магутнасцю 4,5 мегавата.

Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Сідарэнка, ТАА «Інтэррыджынал Энерджы Кампані ГмбХ» з Германіі будзе рэалізоўваць інвестпраект «Будаўніцтва фотаэлектрычнай станцыі для вытворчасці электрычнай энергіі ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці».

Паводле слоў чыноўніка, дзякуючы рэалізацыі праекта будуць прыцягнуты прамыя замежныя інвестыцыі ў аб'ёме 58 млрд. рублёў, атрымана танная электраэнергія з сонечнага святла, з'явіцца шэсць-восем новых працоўных месцаў.

Электрастанцыя размесціцца побач з Беларускім цэментным заводам. Хутчэй за ўсё, электраэнергія, якая будзе выпрацоўвацца станцыяй, пойдзе на яго патрэбы.

Сідарэнка падкрэсліў экалагічнасць электрастанцыі, якая вырабляе электраэнергію з энергіі сонца. Інвестпраект плануецца рэалізаваць цягам трох гадоў.